Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля 40 мільёнаў людзей жывуць сёньня зь вірусам імунадэфіцыту


Юрась Бушлякоў, Прага У 2006 годзе колькасьць новых ВІЧ-інфікаваных павялічылася ў сьвеце больш як на 4 мільёны чалавек. Такія лічбы пададзеныя ў дакладзе Праграмы ААН для барацьбы зь СНІДам. Паводле справаздачы, “па меры распаўсюджваньня эпідэміі ўсё болей людзей занядужваюць і паміраюць ад хваробаў, абумоўленых вірусам імунадэфіцыту чалавека”.

Згодна з абнародаванымі лічбамі, тэмпы пашырэньня ВІЧ-інфэкцыі ўва ўсім сьвеце працягваюць расьці, нягледзячы на мільярды даляраў, што трацяцца на лячэньне і прафіляктыку.

Дзьве траціны ВІЧ-інфікаваных – 24,7 мільёна чалавек – жывуць у краінах на поўдні ад Сахары (у так званай трапічнай Афрыцы). Таксама там зафіксавана найбольшая – да 75 працэнтаў – колькасьць сьмерцяў ад хваробаў, абумоўленых вірусам імунадэфіцыту чалавека.

Найвышэйшымі тэмпамі ВІЧ-інфэкцыя шырыцца ва Ўсходняй і Цэнтральнай Азіі, а таксама ва Ўсходняй Эўропе. Прычым 90 % усіх новых выпадкаў ВІЧ-інфікаваньня ва Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі прыпадае на Расейскую Фэдэрацыю і Ўкраіну – там па-ранейшаму асноўным шляхам перадачы віруса імунадэфіцыту застаецца выкарыстаньне заражаных шпрыцаў пры ўвядзеньні наркотыкаў.

Аднак, паводле Праграмы ААН для барацьбы зь СНІДам, Украіна стала навочным прыкладам таго, “наколькі лёгка эпідэмія ВІЧ можа выйсьці за граніцы групаў высокай рызыкі і пранікнуць у шырокія слаі жыхарства”. Так, у першым паўгодзьдзі 2006-га каля траціны выпадкаў перадачы ВІЧ-інфэкцыі адбылося ва Ўкраіне полавым шляхам. Праз тое, што ўсё часьцей інфэкцыя перадаецца полавым шляхам, вірусам заражаецца ўсё болей жанчын. Цяпер у сьвеце 17,7 мільёна ВІЧ-інфікаваных жанчын – на мільён болей, чым у 2004 годзе.

У Беларусі, паводле дакладу ААН, колькасьць новых зарэгістраваных выпадкаў ВІЧ апошнімі гадамі застаецца адносна стабільнай (710 – 780 выпадкаў за год). У справаздачы канстатуецца, што большасьць выпадкаў ВІЧ-інфэкцыі сканцэнтравана ў Менску і ў Гомельскай вобласьці.

Пра пэўную стабілізацыю распаўсюджваньня ВІЧ-інфэкцыі ў Беларусі заяўлялі сёлета і беларускія спэцыялісты. Усяго, паводле афіцыйнай статыстыкі, на канец кастрычніка ў Беларусі жыло 7640 зарэгістраваных носьбітаў ВІЧ-інфэкцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG