Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баўгарыя: скандал па сьмерці дырэктара архіваў выведкі


Аляксей Знаткевіч, Прага Нечаканая сьмерць дырэктара архіваў баўгарскай выведкі выклікала палітычны скандал. Афіцыйная вэрсія – самагубства, але шмат хто ставіць яе пад сумнеў. Якраз цяпер мелі быць рассакрэчаныя архівы, якія могуць праліць сьвятло на таямніцы як часу “халоднай вайны”, гэтак і сучаснасьці.

61-гадовага Бажыдара Дойчава знайшлі з прастрэленай галавой каля ўласнага працоўнага стала яшчэ ў мінулую сераду. Аднак толькі праз два дні баўгарскія ўлады пацьвердзілі журналістам факт ягонай сьмерці. Баўгарскія афіцыйныя асобы называюць сьмерць Дойчава верагодным самагубствам, кажучы, што ён застрэлены з уласнага пісталета.

Апазыцыйныя дэпутаты і аглядальнікі адразу ж паставілі пад сумнеў афіцыйныя заявы. Крытыкі зьвяртаюць увагу на тое, што баўгарскі парлямэнт якраз цяпер рыхтуецца да галасаваньня аб рассакрэчваньні архіваў спэцслужбаў пары камунізму. Імаверна, што там можна знайсьці інфармацыю пра замах на папу рымскага ў 1981 годзе, пра забойства ў Лёндане ў 1978 годзе баўгарскага дысыдэнта Георгія Маркава, а таксама пра раней невядомых агентаў камуністычных спэцслужбаў.

Атанас Атанасаў, былы дырэктар Нацыянальнай службы бясьпекі Баўгарыі, а цяпер апазыцыйны дэпутат, заявіў сёньня, што сьмерць Дойчава напярэдадні галасаваньня выклікае глыбокія падазрэньні. Ён наўпрост зьвязаў гэтую сьмерць з заплянаваным рассакрэчваньнем архіваў спэцслужбаў. “Відавочна, нехта хвалюецца, што стане ясна, што некаторыя [з файлаў] адсутнічаюць”, – сказаў Атанасаў.

Вайсковы пракурор Спас Іліеў, які вядзе расьсьледаваньне справы аб сьмерці Дойчава, заявіў, што няма нічога надзвычайнага ў затрымцы інфармацыі аб сьмерці. “У нас няма практыкі паведамляць аб пачатку расьсьледаваньня, – сказаў ён. – Нам трэба сабраць правераныя факты, і тады мы можам пра іх паведамляць”. Іліеў кажа, што на месцы сьмерці не было сьлядоў барацьбы і што асноўная вэрсія сьледзтва – самагубства з асабістых прычынаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG