Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: аўтапарк пазбаўляецца актывістаў незалежнага прафсаюзу


Радыё Свабода Дырэкцыя Гомельскага аўтобуснага парку №1 пазбаўляецца актывістаў Беларускага незалежнага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці. Заяўлена пра спыненьне з 1 сьнежня кантракту з трыма актывістамі незарэгістраванай суполкі прафсаюзу.

Адзін з тых, каго папярэдзілі пра спыненьне працоўных дачыненьняў — прафарганізатар першаснай суполкі прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці, кіроўца з амаль дваццацігадовым стажам Андрэй Баранаў.

(Баранаў: ) “Я атрымаў паведамленьне, што кантракт мой заканчваецца 1 сьнежня і мне яго не падоўжаць. Намесьнік дырэктара па кадрах й ідэалёгіі Ігнаценка сказаў, што сябра негаліновага прафсаюзу ня мае права працаваць на прадпрыемстве. Так было сказана падчас размовы”.

Намесьнік дырэктара аўтапарку №1 Ігар Ігнаценка заяўляе:

(Ігнаценка: ) “Наймальнік не абавязаны тлумачыць прычыны непадаўжэньня кантракту”.

Паводле Ігнаценкі, гэта вырашае адмысловая камісія аўтобуснага парку. З 1 сьнежня кантракт не падоўжаць ня толькі Андрэю Баранаву. Папярэдзілі пра звальненьне сяброў незалежнага прафсаюзу Івана Маскаленку й Аляксандра Купцова.

Дасюль былі звольненыя альбо пакінулі працу пад ціскам адміністрацыі яшчэ пяць прафсаюзных актывістаў. Адзін зь іх, Сяргей Шведаў, кіроўца з 28-гадовым стажам працы ў аўтапарку, праз суд дамагаецца аднаўленьня на працы.

Беларускі прафсаюз працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці прааналізаваў умовы працы кіроўцаў і накіраваў сёньня выснову ў аўтапарк №1 пра парушэньне дырэкцыяй працоўнага заканадаўства — у прыватнасьці, артыкулу 41 Працоўнага кодэксу. Копія высновы незалежнага прафсаюзу дасланая й Гомельскай управе Дэпартамэнту дзяржаўнай інспэкцыі працы.

Калі ўправа пацьвердзіць парушэньне, папярэджаныя кіроўцы атрымаюць права датэрмінова спыніць працоўны кантракт з аўтапаркам і запатрабаваць кампэнсацыі за тры месяцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG