Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйныя актывісты судзяцца з выбаркамамі


Вячаслаў Кулік, Менск Некаторыя апазыцыйныя актывісты, якім выбарчыя камісіі адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў, спрабуюць праз суд адмяніць рашэньні, якія яны лічаць беспадстаўнымі.

На раніцу заўтрашняга дня Гарадзенскі абласны суд прызначыў разгляд скаргі Мікалая Ўласевіча. Жыхар Астравецкага раёну мае намер балятавацца ў дэпутаты аблсавету. Аднак спачатку раённая, а пасьля й тэрытарыяльная выбарчыя камісіі адмовіліся зарэгістраваць ягоную ініцыятыўную групу. Вось як тлумачыць прычыну гэтага Мікалай Уласевіч:

(Уласевіч: ) “Яны адмовілі мне, спасылаючыся на прынцып свабоды выбараў. Адзін сябра ініцыятыўнай групы нанёс брутальны ўдар. Я лічу, ён прадаўся: напісаў заяву аб адмове ўдзельнічаць — за абяцаньне чыноўнікаў задаволіць шэраг ягоных патрабаваньняў. Я лічу, што нават у такім выпадку гарантаваньне свабоды для аднаго ня можа быць перашкодай для забесьпячэньня свабоды выбару для астатніх удзельнікаў ініцыятыўнай групы. І гэта самы галоўны аргумэнт!”

У Берасьці ў суд зьвярнуліся вылучэнцы партыі БСДП (Грамада) Ігар Ярамінок, Сьвятлана Лукашэвіч і Сьвятлана Алісюк. Удакладняе кіраўнік партыйнай арганізацыі Ігар Маслоўскі:

(Маслоўскі: ) “Наконт Ігара Ярамінка: мы зрабілі чыста тэхнічную памылку — жанчыну 1955 году нараджэньня запісалі 2005 годам. У ініцыятыўныя групы ўключылі дзьвюх дзяўчат, якім сямнаццаць гадоў і некалькі месяцаў. Але ж да паседжаньня камісіі мы накіравалі заявы, каб іх выключылі са сьпісу, паколькі рэгістрацыя ініцыятыўнай групы яшчэ не адбывалася. Гэтага камісія не прыняла да ведама”.

Вось як ацэньвае такія сытуацыі юрыст Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак:

(Гулак: ) “Відавочна, што ўлады не зацікаўленыя, каб апазыцыянэры былі прадстаўленыя ў мясцовых саветах. Выкарыстоўваюцца самыя дробныя тэхнічныя моманты, самыя дробныя тэхнічныя дэталі, якія зьяўляюцца фармальным парушэньнем закону, бо закон так сфармуляваны. І гэта выкарыстоўваецца для таго, каб падлавіць (менавіта так гэта выглядае) людзей на нейкай недакладнасьці й скарыстаць гэта супраць”.

Алег Гулак удакладняе, што на сёньня ў рэгіёнах Беларусі адмоўлена ў рэгістрацыі амаль трыццаці ініцыятыўных групаў вылучэнцаў ад дэмакратычнай кааліцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG