Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Імёны Свабоды": Міхась Ракевіч (19.11.1927 — 8.3.1992)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Пераведваючы родную вёску на Слонімшчыне, ён любіў росным ранкам пакасіць на лузе каля бацькоўскае сялібы. Так было і ў той чэрвеньскі дзень 1947 году. Ён яшчэ ня ведаў, што наступны раз возьме ў рукі касу толькі праз шмат гадоў. Я ўяўляю, як, зрабіўшы некалькі пракосаў, Міхась пачуў вуркатаньне машыны, і сэрца сьціснула тужлівае прадчуваньне...

Ён папрасіў у старэйшага гэбіста дазволу прайсьці пракос да канца, але той толькі зьдзекліва зарагатаў. У хаце ўжо рабілі ператрус, забіралі фатаздымкі й паперы. “Сыночак!” — галасіла маці.

Міхасю Ракевічу ішоў дваццаты год. У дзяцінстве вялікі ўплыў на яго мелі аповеды бацькі пра Амэрыку, дзе той быў у заробках і адкуль прывёз перакананьне, што там, за акіянам, чалавек — сапраўды вольны гаспадар свайго лёсу. Бацькавы прыгады дапаўняў у дзіцячай сьвядомасьці дзядзька Мікола, студэнт Варшаўскага ўнівэрсытэту, які казаў, што прыйдзе час і Беларусь таксама будзе вольнай — без паноў, без камуны.

Выгнаньне немцаў у 1944-м Міхась не ўспрыняў як вызваленьне. Прадстаўнікі савецкай улады, сярод якіх было шмат прыежджых, сьмяяліся зь беларускай мовы, абяцалі хутка пазачыняць цэрквы й касьцёлы ды палохалі расказамі пра шчасьлівае жыцьцё ў калгасе.

У 1946-м на Слонімшчыне ўзьнікла нелегальная антысавецкая арганізацыя “Чайка”. Правай рукой яе кіраўніка Васіля Супруна стаў Ракевіч, якога прызначылі адказным за вайсковыя пытаньні. На той час Міхась быў студэнтам Берасьцейскага чыгуначнага тэхнікуму, дзе стварыў падпольную групу. За год існаваньня “Чайкі” такія групы ўзьніклі, апрача Слоніму, у Баранавічах, Ганцавічах, на Піншчыне і Маладэчаншчыне.

Суд адмераў Ракевічу па максымуме: чвэрць стагодзьдзя зьняволеньня і пяць гадоў высылкі. Ён здабываў вугаль у жудасных, сырых і загазаваных шахтах Варкуты й Інты, дзе мусіў надоўга застацца і пасьля вызваленьня. Усе пазьнейшыя спробы ўладкавацца на радзіме, у шахцёрскім Салігорску, канчаліся адмовай. Беларускі патрыёт да пэнсіі павінен быў працаваць на расейскай поўначы. Ягоная карэспандэнцыя і ў 1980-я праглядалася гэбісцкімі куратарамі. Абвінавачаньні ў нацыяналізьме выклікалі нават дзяржаўныя беларускія газэты й часопісы, што Ракевіч выпісваў сабе ў Інту.

Міхась ня толькі ня мог вярнуцца на Бацькаўшчыну. Амаль 20 гадоў ён даглядаў прыкутую хваробай да ложка жонку. Аднак ён ніколі не наракаў на лёс, а сябрам казаў, што нават удзячны яму, бо адукаваных, разумных і сумленных людзей пабачыў у лягерах значна больш, чым на волі.

На ягонай магіле побач зь сьціплым помнікам гарыць агеньчык шахцёрскае лямпы.
XS
SM
MD
LG