Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На “Белшыне” абмяркуюць вынікі галадоўкі пратэсту


Радыё Свабода Сёньня ў Бабруйску першасная арганізацыя Беларускага незалежнага прафсаюзу адкрытага акцыянэрнага таварыства “Белшына” абмяркуе вынікі галадоўкі пратэсту. Пра ўдзел у сходзе сваіх прадстаўнікоў абвясьціла адміністрацыя прадпрыемства. Як паведамілі Радыё Свабода ў Беларускім кангрэсе дэмакратычных прафсаюзаў, сытуацыя на “Белшыне” таксама цікавіць прафсаюзы ў замежных краінах.

Напэўна, ў адкрытым сходзе суполкі БНП “Белшыны” ня зможа паўдзельнічаць Алена Захожая. Пасьля больш як 40 дзён галадоўкі пратэсту жанчына ня можа абыходзіцца без дапамогі ўрачоў. Учора Алена Захожая, як інвалід трэцяй групы, мела дадатковы выходны. Але нявестка Надзя паведаміла, што сьвякроў зноў у паліклініцы, і ці зможа яна ісьці на працу – невядома.

(Галіна: ) “Гэта залежыць ад таго, што ўрач скажа. Яна да ўрача пайшла...”.

Паводле старшыні суполкі БНП “Белшыны” Рыгора Спасюка, наступствы ад галадоўкі маюць і іншыя яе ўдзельнікі. Суразмоўца кажа, што сытуацыя змушае тэрмінова абмеркаваць вынікі акцыі пратэсту. Пытаньне дня – ці варта было рызыкаваць здароўем?

(Спасюк: ) “Да таго часу, пакуль мы арганізавана ня выступілі (наша арганізацыя) – з намі ніхто не хацеў размаўляць. Асабліва новае кіраўніцтва. На сёньня мы пэўныя мэты дасягнулі. І ёсьць магчымасьць зь імі працаваць. Калі ж варагаваць увесь час, то сэнсу ня будзе. А пакуль ёсьць перамовы і магчымасьць працаваць – гэта ўжо добра”.

Да сёньняшніх перамоваў станоўча ставіцца і начальнік юрыдычнай службы “Белшыны” Аляксандр Клопаў:

(Клопаў: ) “Сытуацыя, вядома, неардынарная. Але я мяркую, што здаровы сэнс возьме сваё”.

У Беларускім кангрэсе дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) назапасіўся архіў з копіяў лістоў і зваротаў салідарнасьці, што накіравалі на “Белшыну” незалежныя прафсаюзы Расеі, Літвы, Чэхіі, Даніі ды іншых краінаў Эўропы. Старшыня БКДП Аляксандар Ярашук пераконвае, што міжнародны рэзананс у справе дыскрымінацыі суполкі БНП “Белшыны” вымушае адміністрацыю гэтага прадпрыемства саступаць у канфлікце:

(Ярашук: ) “Менавіта дзякуючы падтрымцы міжнароднай прафсаюзнай супольнасьці змаглі дзейнічаць. Цяпер паглядзім як перамовы гэтыя пройдуць. Разьлічваем усё-такі на пачуцьцё адказнасьці і здаровы сэнс зь боку сацыяльных партнэраў – адміністрацыі “Белшыны”.

Аляксандр Ярашук паведаміў, што адкрыты сход суполкі БНП “Белшыны” пачнецца сёньня а 14-й гадзіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG