Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Астрэйка: "Пакуль я чалавек умоўна вольны" (фота)


Алег Грузьдзіловіч, Менск Лідэра “Партнэрства” Міколу Астрэйку адпусьцілі з калёніі адбываць пакараньне ў Менску — на папраўчых працах. Першае інтэрвію на волі Мікола Астрэйка даў Радыё Свабода.

Мікола Астрэйка прызначыў сустрэчу ля будынку Першамайскага райаддзелу міліцыі Менску, куды ён мусіў прыйсьці раніцай, каб стаць на ўлік і вырашыць шэраг іншых фармальнасьцяў. Калі спадар Астрэйка выйшаў, мы разьмясьціліся для інтэрвію ў ягоным аўтамабілі, прыпаркаваным побач. Мікола не хаваў захапленьня ад нечаканай, як ён казаў, волі.

(Астрэйка: ) “Вялікі дзякуй за віншаваньні. Для мяне гэта быў таксама вельмі прыемны сюрпрыз, я не чакаў, што так атрымаецца. Хаця ўмовы для гэтага былі. Падышоў тэрмін зьмены рэжыму адбыцьця пакараньня. Гэта адбываецца па адной траціне тэрміну, для мяне гэта восем месяцаў, а я адбыў дзевяць. Я прайшоў адміністрацыйную камісію, у мяне не было парушэньняў, мяне маглі выпусьціць — але я ня ведаў, як гэта адбудзецца й калі.

І вось у пятніцу мяне проста вывелі за браму, сказалі, што ты мусіш зьявіцца па месцы жыхарства, мы зьмяняем табе пакараньне на папраўчыя працы на месцы жыхарства — і гэтак я апынуўся на волі. Я проста шчасьлівы, што цяпер магу размаўляць з вамі, магу ісьці па вуліцы, карыстацца ўсімі выгодамі, якія мае вольны чалавек”.

На пытаньне, ці ня ёсьць ягонае раптоўнае вызваленьне саступкай уладаў апазыцыі, Мікола Астрэйка адказу ня ведае. Але дзякуе ўсім, хто прыкладаў намаганьні для ягонага вызваленьня й дамагаецца волі для іншых палітвязьняў. Зьвесткі пра гэтае змаганьне даводзілі да Астрэйкі і ў шклоўскай калёніі. Ён сказаў, што атрымліваў іх праз адваката, бацькоў, а двойчы слухаў на хвалях Радыё Свабода пра барацьбу за вызваленьне палітвязьняў. Дарэчы, цалкам вольным сябе Мікола Астрэйка не называе.

(Астрэйка: ) “Я чалавек умоўна вольны. Буду далей адбываць пакараньне на папраўчых працах па месцы жыхарства, плаціць 15 адсоткаў з заробкаў. У мяне даволі сур’ёзныя абмежаваньні ў перасоўваньні — я не магу нікуды зьяжджаць, увечары мушу знаходзіцца дома. Але я вельмі ўсьцешаны, што цяпер магу быць разам з маёй сям’ёй”.

Нагадаю, у верасьні ў Міколы Астрэйкі нарадзілася дачка Ліза, якую ён упершыню пабачыў толькі 17 лістапада. Я задаў Міколу Астрэйку пытаньне: як ацэньвае справу “Партнэрства”? Вось які быў адказ:

(Астрэйка: ) “Пакуль я ня буду камэнтаваць нашага затрыманьня, арышту й суду. Адзінае, што цяпер магу зазначыць, што судзьдзя не ўлічыў нават фармальных патрабаваньняў працэсуальнага кодэксу. Не ўлічыў зьмякчальных абставінаў, паводле якіх ён ня мог даць мне нават дзьвюх трацін максымальнага тэрміну. Але я атрымаў гэты максымальны тэрмін. Казаць пра наш працэс можна вельмі шмат, але пакуль трэба ўстрымацца”.

Мікола Астрэйка кажа, што магчымасьць для камэнтароў зьявіцца, калі на волю выйдзе Цімафей Дранчук. “Ня трэба рабіць таго, што можа яму пашкодзіць”, — сказаў лідэр “Партнэрства”.

Мікола Астрэйка паводле адукацыі юрыст. Ён распавёў, што ў калёніі дапамагаў шмат каму з асуджаных абскарджваць прысуды. Судовую сыстэму ў Беларусі Мікола Астрэйка назваў “далёкай ад узорнай” і “горшай за сыстэмы ўсіх краінаў-суседзяў”.

Паводле Міколы Астрэйкі, беларускія турмы перапоўненыя. У Менскім сьледчым ізалятары знаходзіцца болей за 3 тысячы чалавек, сказаў Мікола Астрэйка, і назваў умовы ўтрыманьня там “сярэднявеччам”. Але найцяжэй яму было сядзець у ізалятары КДБ, дзе, паводле яго, “чалавека наўмысна ізалююць ад усяго жыцьця”. У шклоўскай калёніі Мікола Астрэйка сустрэўся зь вядомымі людзьмі, у тым ліку з былым старшынём Белдзяржтэлерадыёкампаніі Ягорам Рыбаковым. Паводзіны Рыбакова ў турме Астрэйка назваў “прыстойнымі”.



На здымку: Мікола Астрэйка каля Першамайскага райаддзелу міліцыі



Нагадаем, разам зь Міколам Астрэйкам у лютым арыштавалі й абвінавацілі ў рыхтаваньні тэрактаў Цімафея Дранчука, Аляксандра Шалайку й Эніру Браніцкую. Аднак асудзілі актывістаў “Партнэрства” за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Аляксандар Шалайка і Эніра Браніцкая атрымалі паўгоду арышту, у жніўні яны выйшлі на волю. Паводле бацькоў Цімафея Дранчука, якога асудзілі на год зьняволеньня, да канца году ён можа вызваліцца ўмоўна-датэрмінова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG