Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Юрка Геніюш 21.10.1935, Зэльва — 21.11.1985, Беласток


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Акалічнасьці нашага знаёмства афарбаваныя ў трагічныя колеры. Гэта здарылася на пахаваньні Ларысы Геніюш, куды я прыехаў з Полацку, а ён, сын нашай выдатнай паэтэсы й сам таленавіты паэт,-- зь Беластоку.

Увечары перад хаўтурамі мы стаялі ў прыцемку на ганку зэльвенскага дому Геніюшаў, і Юрка па памяці чытаў мне й Вінцэсю Мудрову свой верш ў прозе “Афрыка”.

Чаму я чорны, чаму я чорны, мамо,— хоць белы маю твар? Доўгае вуха ўсюды — і тут, і там, новым адкуль не падзьме, кожны подых пачуе, і дакладна прасочыць, якім крокам хто крочыць. Усё ловіць, хапае, усё на нітку матае, павуціну наснавала ўкруг... Ільвы і сланы, глянь, на волі — бяз крат... І нават арлу і таму неўздагад, што тут — рэзэрват... І толькі гіены гагочуць. І шакалы сьмяюцца...

Пакуль Юрка прыцішана, але расхвалявана й нэрвова прамаўляў свае балючыя радкі, зь цемры выйшлі і, прыслухоўваючыся, амаль усутыч наблізіліся да нас двое ў цывільным, тых самых, з доўгім вухам, якіх у Зэльву папрыязджала тады ня менш за сяброў і сулягернікаў спадарыні Ларысы. “Намекает...” — шматзначна і так, каб мы пачулі, прамовіў адзін з гэбістаў.

Калі ў 1948-м Ларысу Геніюш з мужам Янкам арыштавалі ў Чэхаславаччыне, дванаццацігадовага Юрку ўдалося пераправіць да сваякоў у Польшчу. Ён вывучыўся на дзіцячага лекара ў Мэдычнай акадэміі ў Беластоку, здабыў вядомасьць як літаратар, але пры жыцьці апублікаваў у перакладзе на польскую мову толькі адну кнігу — зборнік паэтычнае прозы “На пачатку было толькі слова”.

Як і бацькі, ён увесь час адчуваў пільную ўвагу спэцслужбаў і загінуў пры нявысьветленых абставінах праз два з паловаю гады пасьля матчынае сьмерці. У 1993-м у Беластоку выйшаў ягоны паэтычны зборнік “З маёй званіцы”, для якога, як і для ўсёй Юркавай творчасьці, уласьцівае — што пры такім лёсе цалкам зразумела — абвострана-драматычнае сьветаўспрыманьне.

Зацьвіла калінай родная зямля. Белай, белай, белай — сувой палатна. Каб пад восень, нечакана, Дасьпяваць крывавай ранай. Зьвісаць чырваньню караляў. Згусткамі сплываць з гальля.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG