Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадары краінаў ЭЗ наведалі мэмарыяльны комплекс “Яма” (абноўлены)


Радыё Свабода Яны ўсклалі вянкі ля помніка, дзе пахаваныя габрэі, якія загінулі ў менскім гета. 12 лістапада вандалы запэцкалі фарбай скульптурную кампазыцыю, на стэле намалявалі фашыстоўскую свастыку й пакінулі на месцы злачынства антысэміцкія ўлёткі. Паводле факту вандалізму завялі крымінальную справу. Да сёньняшняга дня гарадзкія ўлады не прыбралі фарбу са скульптураў.

Раніцай на мэмарыяльным комплексе “Яма” былі ня толькі амбасадары краінаў Эўразьвязу, але й амбасадар Ізраілю й прадстаўнікі габрэйскіх арганізацыяў. Кіраўнік дыпмісіі Швэцыі Стэфан Эрыксан патлумачыў “Свабодзе”, чаму амбасадары прыехалі сюды.

(Эрыксан: ) “Помнік заўсёды рабіў вельмі моцнае ўражаньне на мяне. Так здарылася, што я жыву тут побач. Усе амбасадары Эўразьвязу пажадалі сюды прыйсьці, каб прадэманстраваць сваю пазыцыю наконт таго, што тут адбылося. Такія рэчы, на жаль, адбываюцца ня толькі ў Беларусі. Трэба паказваць сваё стаўленьне да гэтага. Антысэмітызм у любых праявах — вельмі брыдкая справа”.

Амбасадар Ізраілю Зэеў Бэн-Ар’е паведаміў Радыё Свабода:

(Бэн-Ар’е: ) “Ці знойдуць злачынцаў, якія зьдзейсьнілі акт вандалізму тут, а таксама на месцы культурнага цэнтру ў Менску? Мне застаецца толькі спадзявацца. Гэтыя падзеі маюць значэньне ня толькі для нас, але й для Беларусі. Гэтыя праявы нэанацызму мусяць быць выкараненыя. Прынамсі, іх павінна сурова асудзіць кіраўніцтва Беларусі, а таксама трэба знайсьці злачынцаў. Толькі пры такіх умовах можна спадзявацца на эфэктыўную барацьбу з вандалізмам, нэанацызмам, шавінізмам і антысэмітызмам”.

Старшыня аб’яднаньня габрэйскіх арганізацыяў і аўтар помніка Леанід Левін лічыць, што візыт на “Яму” ўсіх амбасадараў краінаў Эўразьвязу — знакавая падзея.

(Левін: ) “Гэта ўсё ж усе краіны. Але гэта ўжо ня першы раз. Гэта павінна быць знакам, каб больш такога не было. Бачым, што зноў гэта здарылася — і здарылася з больш фашыстоўскай афарбоўкай”.

Намесьнік Леаніда Левіна Якаў Басін, аналізуючы распаўсюд відэа– і друкаванай прадукцыі антысэміцкага зьместу, дадаў:

(Басін: ) “Рэч не ў распаўсюдніках гэтых касэтаў, і нават ня ў тых, хто выпускае нэанацысцкую літаратуру. Гэта адбываецца ва ўсім сьвеце. Рэч у тым, што ў іншых краінах з боку ўраду і дзяржавы існуе сацыяльная абарона насельніцтва, супраць якога адбываюцца такія экстрэмісцкія напады. На жаль, мы ніяк ня можам дабіцца таго, каб наша дзяржава Беларусь ставілася гэтак жа, як і іншыя. Нас гэта таксама не абміне”.

Амбасадары ўсклалі да помніка жалобныя вянкі. Усе прысутныя пабачылі, што й праз тыдзень пасьля злачынства на помніку застаюцца сьляды вандалізму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG