Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пастаўкі расейскай сельгастэхнікі ў Беларусь фактычна спыненыя


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня пачынаецца візыт у Беларусь расейскіх вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі. Чым выкліканы іх прыезд? Як складваюцца беларуска-расейскія дзелавыя стасункі ў цэлым?

Візыт ладзіць расейскі Саюз вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталяваньня для АПК “Саюзаграмаш”. Госьці маюць намер сустрэцца ў Менску зь беларускімі ўрадавымі чыноўнікамі, у прыватнасьці з кіраўнікамі міністэрстваў прамысловасьці і сельскай гаспадаркі й харчаваньня. Расейцы зьбіраюцца абмеркаваць пытаньне супрацоўніцтва, якое сёньня не задавальняе Маскву. Гаворыць афіцыйны прадстаўнік “Саюзаграмашу” Максім Лёзін:

(Лёзін: ) “Мы, як расейскі Саюз вытворцаў сельгастэхнікі, не задаволеныя як Беларусь паводзіць сябе на ўнутраным рынку сельгастэхнікі. У нас ёсьць саюзная дзяржава, але ўмовы гандлю разьвіваюцца ў аднабаковым парадку. Мы лічым, што гэтыя ўмовы цяпер ня роўныя. Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога беларускія вытворцы атрымліваюць датацыі”.

З гэтай прычыны расейскія вытворцы сельгастэхнікі на сёньняшні дзень ня могуць на роўных канкурыраваць з суседзямі. Пастаўкі расейскай тэхнікі на беларускі рынак фактычна спыненыя. Паводле менскіх чыноўнікаў, такое становішча – наступства разыходжаньняў двух краін у эканамічнай палітыцы. Як лічыць, напрыклад, начальнік упраўленьня сельскагаспадарчага машынабудаваньня міністэрства прамысловасьці Іван Штайда, у Беларусі ажыцьцяўляецца праграма адраджэньня вёскі, рэалізацыя якой запатрабавала зьменаў правіл гаспадараньня у параўнаньні з расейскімі:

(Штайда: ) “Закупка ў нас як бы забясьпечваецца дзяржаўнымі грашыма. Ёсьць пэўнае субсыдзіраваньне асноўных відаў тэхнікі. Але не прадпрыемстваў. Прадпрыемствам аплачваюць па поўнай цане, а сельскагаспадарчым арганізацыям, так, ідзе субсыдзіраваньне”.

Паводле экспэртаў, разьлічваць на посьпех ў перамовах зь беларусамі расейскай дэлегацыі наўрад ці варта. Паміж двума бакамі нарастае абвастрэньне дачыненьняў. Расея паставіла заслону на сваім рынку беларускаму цукру й кандытарскім вырабам. У адказ Беларусь забараніла ўвоз расейскіх цукерак й сьпіртовых вадкасьцяў. Усё больш пагрозьлівыя формы набывае газавы канфлікт – ультыматум Масквы вырас тут да 230 даляраў за паліва. Расея, як мяркуе намесьнік дырэктара маскоўскага Інстытуту краін СНД Уладзімер Жырыхін, сваю пазыцыю будзе адстойваць цьвёрда.

(Жырыхін: ) “Спадару Лукашэнку трэба вырашыць: мы будуем саюзную дзяржаву альбо мы ўсё-такі застаёмся рознымі краінамі. І, адпаведна, маем розныя эканомікі, розныя эканамічныя правілы і час ад часу сутыкненьні, зьвязаныя з рознымі эканамічнымі інтарэсамі. Зразумела, што дваістасьць Расеі не падабаецца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG