Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Імёны Свабоды": Анатоль Канапелька (16.11.1939 — 18.12.2002)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Калі недзе ў сярэдзіне 1990-х ён папрасіў у мяне рэкамэндацыю ў Саюз пісьменьнікаў (а неўзабаве і ў Беларускі ПЭН-цэнтар), я крыху зьніякавеў, бо значна лягічнейшай выглядала б сытуацыя адваротная. І рэч ня толькі ў тым, што Анатоль нарадзіўся на пятнаццаць гадоў раней. Якраз тады я рэдагаваў у выдавецтве “Мастацкая літаратура” (адкуль праз пару гадоў мяне звольняць зь непаўторнай фармулёўкаю — “за выпуск исторической и другой сомнительной литературы”) том “Анталёгіі беларускай паэзіі”, сярод аўтараў якой быў Анатоль Канапелька. Ягоныя вершы запомніліся мне сьвежасьцю й нейкім кранальным наівам, а адзін, што ў маёй сьвядомасьці адразу зьвязаўся з 25 сакавіка, я вывучыў на памяць.

Яшчэ шалее ветравік асьнежаным крылом, ды наступае сакавік, і рушыў крыгалом. І ўжо ня будзе лютых сьцюж… Ад самага відна, як ачышчэньне нашых душ, да нас ідзе Вясна...

Верш гэты, дарэчы, я цытаваў у інтэрвію, якія даваў у сакавіку 2006-га на пляцы Кастуся Каліноўскага. Сам паэт ужо ня мог быць там разам з намі, але ў намётавым мястэчку я пазнаёміўся зь дзьвюма ягонымі былымі студэнткамі зь філфаку Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, дзе дацэнт Канапелька выхоўваў адданых сваёй справе выкладчыкаў і выкладчыц беларускай мовы й літаратуры, якія цяпер клічуць мяне на сустрэчы з сваімі вучнямі. Анатоль таксама імкнуўся запрашаць нас з калегамі да сваіх гадаванцаў, але ў апошнія гады заўсёды сутыкаўся з катэгарычнай рэктарскай забаронай, што таксама не спрыяла ягонаму ня надта моцнаму здароўю.

Ён быў закаханы ў творчасьць Яна Баршчэўскага. Дзякуючы Канапельку загучалі па-беларуску шмат якія польскамоўныя творы нашага зь ім знакамітага земляка. У выніку Анатолевых намаганьняў ладзіліся міжнародныя навуковыя чытаньні, прысьвечаныя аўтару “Шляхціча Завальні”, а на яго радзіме, у Мурагах, на беразе таямнічага возера Нешчарда, зьявіўся помнік. Акружаны ўлетку лугавымі гвазьдзікамі й рамонкамі, ён здаецца мне помнікам і самому Анатолю, што, як і калярытны герой Яна Баршчэўскага, запальваў на вакне сьвечку, каб паказаць заблукалым вандроўнікам шлях.
XS
SM
MD
LG