Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці рэальна Беларусі знайсьці альтэрнатыўныя крыніцы энэрганосьбітаў?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Праскі акцэнт”. Удзельнікі: журналістка газэты “Белорусы и рынок” Тацяна Манёнак, супрацоўніца Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Алена Ракава і эканаміст Міхась Залескі.

(Валер Карбалевіч: ) “Апошнім часам, калі ўзьніклі складанасьці з атрыманьнем танных расейскіх энэргарэсурсаў, беларускае кіраўніцтва пачало ліхаманкавыя пошукі альтэрнатыўных энэргарэсурсавых крыніц. Гэтыя пошукі вядуцца нават за акіянам у Вэнэсуэле. Прадстаўнікі апазыцыі, незалежныя эканамісты шмат гадоў таму папярэджвалі, што моцная энэргетычная залежнасьць ад адной краіны – Расеі небясьпечная, супярэчыць нацыянальным інтарэсам. Яшчэ у сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя БНФ прапаноўваў будаваць нафтавы калектар у кірунку Ўкраіны. Але тады ўладныя структуры нічога не хацелі чуць, бо рухалі інтэграцыю з Расеяй.

А вось цяпер улады заварушыліся. Але, відаць, хутка гэтай праблемы ня вырашыць. Ці можна лічыць стратэгічнай памылкай кіраўніцтва Беларусі тое, што яно не праводзіла палітыкі дывэрсыфікацыі ў дачыненьні да крыніц энэрганосьбітаў?

(Тацяна Манёнак: ) “Вядома, гэта была вялікая памылка. Бо самастойная дзяржава павінна імкнуцца дывэрсыфікаваць пастаўкі энэрганосьбітаў. Нельга прывязвацца да адной крыніцы. 30% іх павінна быць з альтэрнатыўных краін.

Доўгі час Беларусь была на танным расейскім энэргетычным наркотыку. Прыгадваю сваю размову з былым віцэ-прэм’ерам Беларусі Кокаравым на гэтую тэму. Тады мне адказалі, што гэта вельмі непрафэсійная пастаноўка пытаньня, таму што газ -- дастаткова таннае паліва, а таму яго нічым нельга замяніць: усе ж іншыя віды паліва значна даражэйшыя.

Цяпер, калі Расея ўсталявала новыя, больш жорсткія ўмовы паставак у Беларусь газу й нафты, стала відавочна, што гэтую працу ў пошуку альтэрнатыўных энэрганосьбітаў трэба было распачаць значна раней. Бо страчаны час, а такога кшталту праблемы хутка не вырашаюцца. Але тады усіх ахапіла эйфарыя з нагоды высокіх тэмпаў разьвіцьця эканомікі”.

(Алена Ракава: ) “Тут найперш трэба бачыць розьніцу між нафтай і газам. Цяпер лёгка казаць пра стратэгічныя памылкі. Але праўда прымаўкі “Пакуль гром ні лясьне, мужык не перажагнаецца” аналягічна спрацоўвае ў розных народаў. Пакуль разьвівалася інтэграцыя з Расеяй, ішлі танныя рэсурсы, шукаць нейкія альтэрнатывы падавалася непатрэбным галаўным болем.

У дэмакратычных краінах думаць пра будучынь грамадзкасьць змушаюць урад, апазыцыя, мэдыі. У нас нічога гэтага няма. Таму ўлады жылі сёньняшнім днём.

Зразумела, гэта памылка ўладаў. Цяпер мяняюцца і цэны, і ўмовы паставак энэргарэсурсаў. Таму за 1--3 гады зрабіць нешта вельмі складана. Хоць, безумоўна, шукаць і рабіць нешта патрэбна.

(Міхась Залескі: ) “Ніхто пра заўтра ня думаў і сёньня ня думае. Сапраўдны палітык думае пра ўчора і ў лепшым выпадку пра сёньня. Канечне, калі па-гаспадарску, то трэба было думаць і пра заўтра, і пра пасьлязаўтра, і пра больш аддалены час. Напрыклад, ЗША маюць энэргетычную праграму на 50 гадоў наперад.

Сапраўды, калі б быў парлямэнт, незалежны бізнэс, які шукаў бы свае шляхі энэргазабесьпячэньня, то ўсё б было прадугледжана. А так атрымліваецца, што ўлады бяруць на ўзбраеньне старую ідэю БНФ пра Чарнаморска-Балтыйскі калектар канца 80--пачатку 90-х гадоў. Дарэчы, у свой час на падрыхтоўку дакумэнтацыі гэтага праекту было выдаткавана 2,5 мільёна даляраў.

Але ідэя павісла ў паветры, хоць тая дакумэнтацыя засталася. Бо зьявілася новая ідэя таннай энэргетычнай інтэграцыі з Расеяй. Цяпер жа й яна аказалася ў паветры. Таму й змушаны ліхаманкава нешта шукаць”.

(Карбалевіч: ) “А, можа, сама ідэя пошуку альтэрнатыўных крыніц энэргарэсурсаў – чарговая міфалягэма. Вось вядомы эканаміст Злотнікаў у адным з сваіх камэнтароў зазначыў, што замест пошуку нафты ў нейкіх далёкіх краінах, трэба папросту здзейсніць рэформу эканомікі. Тады можна будзе купляць газ і нафту ў Расеі па рынкавых цэнах і заставацца краінай з канкурэнтаздольнай эканомікай, як Польшча.

Тым больш, што існуе не аднабаковая залежнасьць Беларусі ад расейскай нафты і газу, але ўзаемазалежнасьць. Бо Расея ня можа абысьціся без транзыту газу і нафты ў Эўропу праз тэрыторыю Беларусі. Дык ці патрэбна ўвогуле шукаць альтэрнатыву?”

(Манёнак: ) “Абавязкова патрэбна. Дарэчы, беларускі ўрад гэтым займаўся, але не публічна. Зусім нядаўна абмяркоўваўся праект будаўніцтва ў раёне Берасьця электрастанцыі, што працавала б на польскім вуглі. Але не захацелі раздражняць Расею. І праект альтэрнатыўных паставак нафты абмяркоўваўся з Украінай, Латвіяй у 2004 годзе. І ён існуе”.

(Ракава: ) “На мой погляд, гэта два розныя пытаньні. З аднаго боку, безумоўна, трэба рэфармаваць эканоміку і павышаць яе эфэктыўнасьць. Эканамічная ці энэргетычная бясьпека – гэта здольнасьць купляць рэсурсы па рынкавых цэнах.

З іншага боку, нават такія эфэктыўныя эканомікі, як у эўрапейскіх краінах (напрыклад, у Нямеччыне, Галяндыі, Францыі) усё роўна спрабуюць дывэрсыфікаваць крыніцы энэргіі. Яны ня хочуць залежаць толькі ад расейскага газу, інвэстуюць грошы ў вытворчасьць звадкаванага газу. Прывязанасьць да адной крыніцы – гэта заўсёды нейкія рызыкі.

Іншы момант. Чым беларуская эканоміка адрозьніваецца ад украінскай? Чаму ва Ўкраіне не адбылося энэргетычнага шоку з таго, што мінулым годам кошт газу павысіўся ў два разы і ў наступным годзе ён зноў павялічваецца? Таму што там значна большы прыватны сэктар, чым у Беларусі. На прыватных прадпрыемствах зусім іншыя схемы кіраваньня, інвэстыцый у энэргазьберагальныя тэхналёгіі і інш.

А ва ўмовах манапалізаванага прыняцьця рашэньняў, як у Беларусі, дамінаваньня дзяржуласнасьці, плянаў па росьце валавых паказчыкаў – гэта ўсё складана. Таму паўстае ўвогуле цэлы комплекс пытаньняў”.

(Залескі: ) “Колькі мы “ўбухваем” энэргіі ў адзінку экспартнай прадукцыі? А ці можна скараціць? Гэтым пытаньнем ніхто не займаўся. У нас захавалася створаная за савецкім часам эканоміка, якая й разьвівалася тымі ж мэтадамі.

Пакуль галоўным суб’ектам нашай эканомікі ня будзе прыватны ўласьнік, ніхто ня можа сказаць, ці менш закупляць энэрганосьбітаў у Расеі, ці купляць за большы кошт. Гэта пытаньне выбару ўласьніка. А ў нас галоўны ўласьнік – дзяржава. У гэтым і праблема”.

(Карбалевіч: ) “А ці наагул магчыма цяпер Беларусі знайсьці нейкія альтэрнатывы расейскаму газу й нафце? Гады 2--3 таму ў Беларусі была прынята праграма выкарыстаньня альтэрнатыўных крыніц энэргарэсурсаў. Гаворка вялася пры выкарыстаньне дроў, торфу, энэргіі ветру, гідрарэсурсаў. Наколькі ўсё гэта рэальна?”

(Манёнак: ) “Сапраўды, была прынята такая праграма да 2010 году. Паводле яе, да гэтага году ў агульным энэргабалянсе краіны 25% павінна быць выпрацавана за кошт альтэрнатыўных, нетрадыцыйных відаў паліва. Урад даволі актыўна займаецца рэалізацыяй гэтай праграмы. На яе рэалізацыю за апошнія тры гады было выдаткавана ў тры разы больш грошай, чым на гэтыя праблемы раней.

Але ж раз у нас дамінуюць дзяржаўныя прадпрыемствы, то даводзіцца ўводзіць новыя тэхналёгіі шляхам адміністрацыйнага ціску. Вось калега казаў, што трэба менш купляць. Але ж у нас ёсьць устаноўленыя тэмпы росту эканомікі -- дзесьці 10% у год. І для яго забесьпячэньня трэба ўсё больш прыроднага газу, электраэнэргіі.

Трэба палічыць, ці здольная наша эканоміка працаваць ува ўмовах рынкавых коштаў на газ і нафту. Нетрадыцыйныя віды энэргіі праблемы не вырашаць. Але й яны могуць эфэктыўна разьвівацца пры ўмове разьвіцьця прыватнага бізнэсу”.

(Ракава: ) “Я даволі пэсымістычна гляджу ў гэтым кірунку. Цяпер гэтыя альтэрнатыўныя крыніцы паліва складаюць недзе каля 2% у выкарыстоўвальных энэргарэсурсах краіны. Напрыклад, буйныя цеплавыя электрастанцыі цяжка перавесьці на дровы. А маленькіх станцый у нас ня так шмат.

Увогуле альтэрнатыўныя крыніцы і ў замежжы цяжка ўкараняюцца. Пакуль нафта каштавала танна, не было матывацыі стварэньня нейкага біядызэлю.

На мой погляд, цяпер у Беларусі займацца інвэстыцыямі ў альтэрнатыўныя крыніцы неэфэктыўна. Можа, танней было б імпартаваць гэтыя тэхналёгіі, калі яны будуць распрацаваны на Захадзе.

У нас вялізарны патэнцыял у эканоміі энэргарэсурсаў. Напрыклад, даказана, што цэнтралізаванае энэргазабесьпячэньне неэфэктыўнае. Бо страты цяпла складаюць 40--60%. Але па-ранейшаму ў новых дамох ня ставяць у падвалах міні-кацельняў, як на Захадзе. Таму па-ранейшаму мы грэем зямлю.

Трэба мяняць сам погляд на праблему, казаць не пра пошукі альтэрнатыўных крыніц энэргіі, а пра эканомію таго, што мы выкарыстоўваем”.

(Залескі: ) “Нетрадыцыйныя віды энэргіі – гэта добра. Але чыста сонечных дзён у годзе ў Беларусі толькі 30. Гэта значыць, што выкарыстаць сонечную энэргію цяжка. І вецер у нас не такі, як на балтыйскім узьбярэжжы, дзякуючы якому Данія атрымлівае 30% энэргіі за конт ветракоў.

Дроў у нас шмат. Але каб выканаць прынятую праграму, трэба збудаваць 3 тысячы кіламэтраў лясных дарог, стварыць 500 брыгад лесарубаў, купіць трылёвачнікі, пілы ды інш. То бок, патрэбны капіталаўкладаньні.

І самае галоўнае, патрэбна свабода суб’ектам гаспадараньня. Каб прадпрыемству перайсьці на іншы тэхналягічны ланцужок энэргазабесьпячэньня, трэба вялікая колькасьць часу і намаганьняў у нашай бюракратычнай сыстэме. За год ці нават тры гэтага ня зробіш”.

(Карбалевіч: ) “Беларускія дзяржаўныя мэдыі вельмі вялікую ўвагу надалі інфармацыі пра супрацоўніцтва ў нафтагазавай сфэры з іншымі краінамі. Пасьля візыту прэзыдэнта Вэнэсуэлы Уга Чавэса шмат гаварылі пра здабычу нафты ў гэтай краіне і нават пра дапамогу ў будаўніцтве газаправоду. Пасьля візыту прэзыдэнта Азэрбайджану Аліева казалі таксама й пра перакачку нафты праз Украіну. Вось і пасьля візыту Лукашэнкі ў Іран расказваюць пра супрацоўніцтва з гэтай краінай у нафтавай сфэры. Сам Лукашэнка адзначаў магчымасьць будаўніцтва нейкай перамычкі да ўкраінскага гораду Броды, каб можна было атрымоўваць адтуль нафту. Што з гэтых праектаў ёсьць рэальнасьцю, а што блефам дзеля ціску на Расею?”

(Манёнак: ) “Гэтыя крокі трэба разглядаць як аргумэнт у цяжкай спрэчцы з Расеяй за ўмовы пастаўкі энэрганосьбітаў у Беларусь. У Вэнэсуэле для нас ёсьць неблагія магчымасьці. Але для распрацоўкі нафты там амаль няма інфраструктуры. Трэба вялікія капіталаўкладаньні, якіх цяпер у Беларусі няма, асабліва на фоне павышэньня коштаў на расейскі газ.

І супрацоўніцтва з Іранам у нафтавай сфэры таксама цікавае, асабліва пастаўкі беларускага абсталяваньня. Але як транспартаваць нафту з Ірану? Тэарэтычна можна пастаўляць нафту з Азэрбайджану праз нафтаправод Адэса--Броды, які можна дабудаваць да Мазыра. Дарэчы, у Беларусі ёсьць праграма разьвіцьця гэтых нітак.

Але далей за размовы справа не ідзе. Таму што пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь каштуюць танна, удвая танней, чым для Ўкраіны. Ува ўсялякім выпадку азэрбайджанская нафта абыдзецца нам даражэй за расейскую”.

(Ракава: ) “Трэба адрозьніваць тэхнічную магчымасьць ад эканамічнай эфэктыўнасьці. Тэхнічна можна вазіць нафту з Вэнэсуэлы самалётамі й тут перапрацоўваць. Але з гледзішча эканомікі гэта бессэнсоўна. Таму ва ўсіх гэтых візытах больш імітацыі дзейнасьці. Трэба лічыць, колькі каштуе перапрацоўка на нашых НПЗ расейскай нафты, колькі трэба інвэстыцый, каб атрымаць касьпійскую нафту. Пра гэта цяжка казаць, бо інфармацыя закрытая. Але відочна, што трэба шмат інвэставаць, каб мець нейкую аддачу. Я ня думаю, што беларускі ўрад гатовы цяпер да нейкіх вялікіх інвэстыцыйных праектаў, будаўніцтва гэтых перамычак і інш. Мне падаецца, што выкарыстоўваць расейскую нафту будзе ў любым выпадку таньней, нават калі нам давядзецца аддаць Расеі 50--80% нафтавых пошлін.

(Залескі: ) “Я казаў таварыш Мао, няхай квітнее 100 кветак. Шмат з гэтых праектаў можна рэалізаваць. Нафтаправод з Вэнэспэлса да Полацку каштуе 128 мільёнаў даляраў. Нафтаправод Броды – Мазыр будзе каштаваць нязначна болей. Гэта невялікія грошы.

Але зноў падкрэсьліваю, што праблема ў эканамічнай свабодзе для прадпрымальнікаў. Можна было б знайсьці для гэтага не дзяржаўныя грошы, а грошы бізнэсоўцаў”.

(Карбалевіч: ) “Нарэшце, ці патрэбна Беларусі атамная электрастанцыя? Здаецца, беларускія ўлады ўжо прынялі прынцыповае рашэньне пра яе будаўніцтва. Але ці ёсьць гэта рэальнаю альтэрнатывай? Ці ёсьць для гэтага грошы ў дзяржбюджэце? І эфэкт ад такога праекту можна будзе атрымаць ня хутка. Ужо ня кажучы пра псыхалягічную далікатнасьць гэтага пытаньня, у зьвязку з постчарнобыльскім сындромам”.

(Манёнак: ) “Калі Беларусь хоча заставацца самастойнай дзяржавай, то папраўдзе іншай альтэрнатывы, чым будаўніцтва атамнай станцыі, у нас няма. Цяпер у краіне 95--98% электраэнэргіі выпрацоўваецца на газе, які непазьбежна будзе даражэць.

Раней было аб’яўлена, што ўсталёўваецца мараторый на будаўніцтва атамнай электрастанцыі да 2008 году. Але кіраўнік Нацыянальнай акадэміі навук Мясьніковіч заявіў, што праца над праектам пачнецца ўжо ў 2007 годзе. Кошт праекту – 2,5--3 мільярды даляраў. Гэта значыць, штогадовыя ўкладаньні складуць каля 100--200 мільёнаў даляраў. Чаму гэта нам не пад сілу? Будуем жа мы такія аб’екты, як Нацыянальная бібліятэка, спартовыя палацы. Але для гэтага трэба аб’явіць тэндэр, купіць не абавязкова расейскае, але больш сучаснае абсталяваньне. Станцыя можа быць збудавана ў 2013 годзе.

Літва прапануе Беларусі паўдзельнічаць у будаўніцтва атамнай станцыі на сваёй тэрыторыі. Але ў кіраўніцтве лічаць, што тут вялікая палітычная рызыка. Ёсьць яшчэ й расейскія праекты. Але галоўная праблема – рэфармаваньне беларускай эканомікі”.

(Ракава: ) “Я прынцыпова супраць будаўніцтва атамнай станцыі. І ня зь нейкіх там фобій. Найперш -- з праблем бясьпекі. Падчас будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі былі праблемы бясьпекі. А будаўніцтва атамнай станцыі – куды больш складанае.

Калі кажуць пра кошт 2,5--3 мільярды даляраў, то ў яго не ўваходзіць цана ядзернага магільніка. І ніхто не адказаў на пытаньне, дзе будзе знаходзіцца сховішча для адпрацаванага паліва.

Пабудаваўшы атамную станцыю, мы не пазбаўляемся ад расейскай залежнасьці. Толькі замест газавай зьявіцца залежнасьць ад расейскага ядравага паліва.

Акрамя таго, атамная электрастанцыя выпрацоўвае толькі энэргію, але не выпрацоўвае цяпла. Дык у нас і так ёсьць дзьве вялікія электрастанцыі, якія выпрацоўваюць толькі цяпло. А нам патрэбна камбінаваная вытворчасьць для цеплазабесьпячэньня.

Таму я разглядаю гэта як лабісцкі праект. Інвэстуюцца вялікія грошы, якія могуць атрымаць распрацоўшчыкі, будаўнікі ды іншыя. Нават калі мы будзем купляць расейскі рэактар, а ня нейкі больш бясьпечны заходні, давядзецца браць пазыку, якую потым будзем доўга вяртаць.

Тым больш, што ў цяперашніх непразрыстых умовах прыняцьця рашэньняў будаўніцтва атамнай электрастанцыі немэтазгодна. Лепш удзельнічаць у нейкіх сумесных праектах з атамнымі станцыямі ў Расеі, ува Ўкраіне, праінвэставаць там яшчэ адзін энэргаблёк.

Будаўніцтва атамнай станцыі ў Беларусі вырашыць вельмі мала нашых праблем. Адным з аргумэнтаў на карысьць будаўніцтва АЭС зьяўляецца той, што праз 10 гадоў энэргаспажываньне ў краіне вырасьце ўдвая. Але ня факт, што энэргаспажываньне ў нас рэзка вырасьце. Мы ж увесь час кажам, што патрэбна рэструктурызацыя прамысловасьці, выкарыстаньне тэхналёгій энэргазьберажэньня. То бок ёсьць шмат прэтэнзій да саміх пасылак пра неабходнасьць будаўніцтва АЭС. Ня факт, што гэтая электраэнэргія будзе значна таньнейшай -- нават за падаражэлы расейскі газ”.

(Залескі: ) “Ёсьць людзі, зацікаўленыя гэтую станцыю купіць, асвоіць рэсурсы. Група былых савецкіх гаспадарнікаў, якая прызвычаілася асвойваць рэсурсы, лабіруюць гэты праект.

Беларусі гэтая станцыя непатрэбная. Давайце за тыя грошы (3 мільярды даляраў) купляць электраэнэргію, газ, нафту па-за межамі. І на 10 гадоў нам тых грошай хопіць. Адбіваць жа гэтыя грошы будзем высокаякаснай прадукцыяй.

Яшчэ адзін аргумэнт. Давайце палічым, колькі будзе беларусаў праз 20 гадоў. Цягам гэтага часу зьнікнуць чацьвёрты ўклад эканомікі, энэргаёмістая прамысловасьць. Што ў нас застанецца? Што будзе з нашай “вялікай хіміяй, якая цяпер ужо на мяжы вычарпанасьці свайго рэсурсу? На што тады будзе патрэбна гэтая электраэнэргія?

Канечне, можна купіць рэактар у Францыі, уран у Аўстраліі, затым адпрацаванае паліва вывозіць у Бразылію. Тады ад Расеі залежыць ня будзем. Калі не, то застанецца тая ж залежнасьць”.

(Карбалевіч: ) “Ёсьць вядомая выснова, што рэформы пачынаюцца тады, калі заканчваюцца грошы. Так і ў Беларусі цяпер альтэрнатыўныя крыніцы энэрганосьбітаў пачалі шукаць тады, калі заканчваюцца танныя расейскія энэргарэсурсы, Але лепш позна, чым ніколі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG