Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Франціш Бартуль


Уладзімер Арлоў, Менск 15.11.1918, в. Бярозкі каля Прыдруйску (цяпер Латвія) — 4.12.2005, Нью-Ёрк, ЗША. Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансўіку, штат Нью-Джэрзі.

На памяць пра нашае знаёмства дзесяць гадоў таму на традыцыйнай сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі, якая тады адбывалася ў Кліўлэндзе, мне засталіся два ўспаміны: Франціш Бартуль увесь час усьміхаўся і ўвесь час распытваў пра Беларусь, не даючы як сьлед разгаварыць яго самога.

Усё ж мне гэта ўдалося, і да тых зьвестак пра спадара Франціша, якія я недзе ўжо чытаў (кшталту нараджэньня на беларускім этнічным абшары, які бальшавікі аддалі Латвіі, або ягоным пасьпяховым бізнэсе ў галіне дантыстычных тэхналёгіяў) дадаліся надзвычай яскравыя штрыхі.

У часе школьных вакацыяў юны Франціш падзарабляў цяжкай і небясьпечнай працаю аснача — ганяў па Дзьвіне плыты ў Рыгу. На пачатку Другой сусьветнай вайны ён служыў у Чырвонай Арміі і займаўся эвакуацыяй сем’яў і маёмасьці савецкага кіраўніцтва Латгаліі, якое на знак падзякі не ўзяло яго ў апошні цягнік. (“Сказалі, што няма мейсца і пакінулі з зламаным пісталетам”.) У 1944-м ён нядоўга павучыўся ў менскай Беларускай афіцэрскай школе і быў запатрабаваны на пасаду перакладчыка ў штаб камандзіра Беларускай краёвай абароны генэрала Францішка Кушаля...

Апынуўшыся зь сям’ёю ў ЗША, Бартуль заснаваў прамысловую карпарацыю “А-rite”. Ягонымі партнэрамі й сябрамі былі італіец, індус, кітаец і ямайкіец. Ён добра валодаў латыскай, польскай, расейскай, нямецкай, ангельскай і лацінскай мовамі. Але прынцып “Беларусь—перадусім” заўсёды заставаўся для яго галоўным. “Беларушчына — гэта хвароба, якой немагчыма пазбыцца ніколі”,— казаў ён.

Цягам некалькіх дзесяцігодзьдзяў ён быў сябрам Рады БНР і ўзначальваў Фундацыю імя Пётры Крэчэўскага ў Нью-Ёрку. Адзін з маладых эмігрантаў 1990-х сказаў пра Бартуля: “Ён быў бацькам для ўсіх беларусаў, якія ня мелі бацькі”.

Калі Беларусь здабыла незалежнасьць, спадар Франціш быў сярод тых нешматлікіх нашых суайчыньнікаў, якія паважна разглядалі магчымасьць вяртаньня ці доўгатэрміновага прыезду на Бацькаўшчыну. Гэтыя пляны былі зламаныя контарнаступам антыбеларускіх сілаў у сярэдзіне 1990-х. Вера ў хуткае Адраджэньне пахіснулася, але не зьмянілася імкненьне дапамагаць беларусам — і за акіянам, і на радзіме. Да прыкладу, Бартуль прафундаваў выданьне кнігі твораў свайго школьнага настаўніка Эдварда Вайвадзіша, пасьля чаго мы прынялі амаль стогадовага літаратара ў Саюз беларускіх пісьменьнікаў.

Паэт і бард Сяржук Сокалаў-Воюш, зяць Бартуля, прыгадвае, як за дзень да сьмерці ён, зусім зьнясілены хваробаю, яшчэ пытаўся: “Што там на Беларусі?” У сваім разьвітальным слове, надрукаваным нью-ёрскім “Беларусам”, Сяржук узьнёсла й пераканаўча напісаў пра талент спадара Франціша — заўсёды быць Чалавекам і Беларусам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG