Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 15 лістапада


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага Інтэрнэту

На форумах парталу Tut.by абураюцца тым, што апазыцыйнага грамадзкага дзеяча Сяргея Скрабца выпусьцілі з турмы на волю глыбокай ноччу. Адзін з удзельнікаў абмеркаваньня праводзіць аналёгію з жыхарамі намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы, якіх выпускалі пасьля адміністратыўных арыштаў ноччу: "Таму іх сустракалі ля брамы прадпрымальнікі на аўтамабілях, каб разьвесьці па дамох. Бо ж там былі і дзяўчаты -- выкінулі на вуліцу пасярод ночы ў чужым горадзе".

Адзін з удзельнікаў кампаніі "Расплюшчы вочы" (кампанію арганізаваў выканкам аб’яднаных дэмакратычных сілаў), які выступае на сайце блогаў "Жывы Журнал" пад псэўданімам Кастусь Козел, адказвае праціўнікам удзелу апазыцыі ў мясцовых выбарах: "Удзельнічаць у выбарчай кампаніі трэба. Большую частку нашых кандыдатаў не зарэгіструюць, рэшту здымуць, а ад тых, каго пакінуць, ужо ня будзе нічога залежыць, таму й зьняцьцё за дзень да выбараў ня мае сэнсу. Хай людзі ідуць на ўчасткі, хай галасуюць. Хай выбарнік адчуе, што яго падманулі, скралі голас за любімага кандыдата. Затое пасьля будзе матывацыя ісьці на пляц".

Блогер Нікалаеў іранізуе ў сваім дзёньніку зь сюжэту афіцыйнага тэлеканалу ОНТ пра мадэрнізацыю вайсковага аэрадрому пад Менскам -- у Мачулішчах. Нікалаеў зьвяртае ўвагу на фразу карэспандэнткі: "Цяпер на аэрадроме могуць прызямляцца ня толькі самалёты Садружнасьці, але стратэгічныя бамбавікі ЗША і NATO". Нікалаеў бачыць у фразе намёк, які расшыфроўвае калямбурам: "Адсюль мы будзем пагражаць расейцу".

На сайце Litara.net карыстальнік пад псэўданімам Ці Юнь абвясьціў пра стварэньне анталёгіі беларускай паэзіі на замову Шанхайскага ўнівэрсытэту ў перакладзе на кітайскую мову. Карыстальнікі сумняюцца, ці гэта жарт, але ахвотна прапануюць сваіх кандыдатаў -- разам некалькі дзясяткаў. "Вам варта зьвярнуцца да некалькіх кампэтэнтных людзей -- літаратуразнаўцаў і крытыкаў, а не да карыстальнікаў літаратурнага форуму" -- піша ўдзельнік абмеркаваньня пад псэўданімам Шшшыт. "Была добрая ідэя зрабіць чытацкую анталёгію -- дыскутуе ўдзельніца anna.

Незалежны інфармацыйны партал "Беларусь-Індымэдыя" паведамляе пра тое, што ў сэтцы зьявіўся неафіцыйны варыянт нямецкага дакумэнтальнага фільму "89 мілімэтраў". Назва адлюстроўвае тую розьніцу ў шырыні між беларускімі і эўрапейскімі чыгуначнымі рэйкамі. Героі -- маладыя апазыцыянэры, а таксама маладыя людзі, не заангажаваныя і палітычную і грамадзкую дзейнасьць. Аўтар допісу Abibok мяркуе, што фільм варта паглядзець беларусам як прыклад стэрэатыпаў, якія пануюць у заходнеэўрапейскім грамадзтве адносна Беларусі. (цытую) "Спадабалася ў фільме, што самымі "ўмяняемымі" людзьмі аказаліся звычайныя беларускія пацаны, а ўсякія апазыцыянэры ды журналісты - проста комік-трупа". Паглядзець кавалкі фільму можна на афіцыйным сайце "89 мілімэтраў"

(Вайсковец: ) "Я яшчэ занадта малады, каб тлумачыць палітыку. Я не хачу лезьці туды, бо гэтая рэч зацягвае, гэта вялікая гульня".

(Рабочы: ) "Калі цікавісься палітыкай.... За гэта могуць і пасадзіць, калі будзеш кагосьці вельмі крытыкаваць. так у дзяржаве ўсё пабудавана".

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG