Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Прапаную выдаць “Чорную кнігу беларускага рэжыму”


Радыё Свабода Агляд званкоў на Свабоду за сераду, 15 лістапада. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон “Свабоды” 266-39-52. Тэлефануйце, дзяліцеся навінамі, а таксама выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў ў Беларусі і сьвеце. Тэлефон Свабоды – гэта вольны мікрафон. Права выказацца мае кожны. Нам таксама можна дасылаць СМС-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 8-029-391-22-24.

(Зіноўеў: ) “Прапаную Камітэту абароны палітзьняволеных выдаць “Чорную кнігу беларускага рэжыму” і перадаць яе Гэнэральнаму сакратару ААН для распаўсюджваньня”.

(Вольга, Баранавічы: ) “Для мяне ўсё зачынена На зямлі і ўгары, Калі з роднаю краінаю Я хачу гаварыць.

Гэтыя словы паэта Генадзя Бураўкіна актуальныя для нашых творцаў, якія цяпер шчыльна заблякаваныя, але ўсё роўна запатрабаваныя. Бо ці можна жыць без паэзіі? Вядома, не. Душа ж сілкуецца ня хлебам. Нават злачынцаў менее, калі прызвычаіцца кожны ўвечары размаўляць з зоркамі. Таму прыходзьце да Свабоды з усіх творчых саюзаў, чытайце нам свае вершы, дзяліцеся гісторыяй стварэньня любімых песень!”

(Спадар: ) “Хачу выказаць сваю думку наконт гэтай галадоўкі, якую абвясьціў Казулін. Што гэта за галадоўка? Вы кажаце, што ўжо 25-я суткі ён галадуе... Чаму ён не памірае? Што гэта за галадоўка? Гэта ж псэўдагаладоўка! 25 сутак галадуе са Скрабцом разам, і нічога зь ім не здарылася! Вось у часы Маргарэт Тэтчэр абвясьцілі галадоўку тры ці чатыры чалавекі, дык яны памерлі, і ніхто ўвагу на іх не зьвярнуў. А тут 25 сутак галадаюць і не паміраюць!.. Гэта ж псэўдагаладоўка! Гэта адно. А другое. Вы ўсё бочкі каціце на гэтую Беларусь. Чаго гэта Вы так злуецеся? Я вельмі злаваўся, калі Казулін па тэлебачаньні газэту рваў, скакаў, сліной пырскаў, кулакамі біўся зь міліцыянтамі, у дзьверы ламаўся, на плошчы такія лёзунгі крычаў…Гэта ж быў барацьбіт! Рэвалюцыянэр! А цяпер, калі яго закон асудзіў, дык ён ужо галадуе. Што гэта за барацьбіт такі? Гэта ж псэўда-барацьбіт...”

(Спадар, Менская вобл.) “Я часта слухаю вашыя перадачы і ўзьнікла ў мяне такое пытаньне. Вельмі многа цяпер гавораць пра дэмакратыю. Памятаю, у свой час камуністы ўсё гаварылі : “Пралетарыі, пралетарыі!” Тады ўсё балбаталі пра гэта. А цяпер усё “дэмакратыя, дэмакратыя” – паўсюль перадаецца. Я вось не разумею, што гэта такое “дэмакратыя”. Чула, што дэмакратыя – гэта ўлада для народу. Дык вось я пры дэмакратыі жыла з 91 года па 94, калі быў ва ўладзе Шушкевіч. Дык я не разумею, што гэта за дэмакратыя, калі пры ёй, пры той дэмакратыі Шушкевіча, адабралі грошы ў народа, якія былі на ашчаднай кніжцы, далі такую свабоду…Як вось Мілінкевіч кажа: “Свабода”. Дык даў жа Шушкевіч свабоду, і што з той свабоды было? Людзі ў роспачы ня ведалі, што рабіць. Хто ў роспачы кінуўся ў рэкеціры, хто ў бандыты, хто рабаваў, хто торбы браў на плечы ды ў іншыя гарады, краіны езьдзіў за чым-небудзь…”

(Людміла, Пінск:) “Наконт газу. Яшчэ два гады таму Расея папярэджвала Лукашэнку пра падвышэньне коштаў на газ, то бок рыхтавалася да ўступленьня ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Заміж таго, каб прыняць да ўвагі і займацца рэформамі, прэзыдэнт працягвае махаць клюшкай і разважаць пра тое, што нічога мяняць не зьбіраецца. А плаціць за бяздарнасьць улады прыйдзецца нам усім”.

(Спадарыня: ) “За абражаныя гонар і годнасьць, за прыніжэньні, за адабранае нармальнае жыцьцё любы прыстойны чалавек, пратэстуючы супраць несправядлівага прысуду, прыняў бы такое ж рашэньне, як Аляксандр Казулін. Галадоўка – гэта адзіная форма пратэсту, на якую мае права кінуты ў турму Казулін. Жыць па турэмным правілам – значыць зьмірыцца з тым, як да яго паставілася ўлада. Магчыма, Лукашэнка на прыкладзе Казуліна пахваляецца перад тымі, хто есьць зь яго рукі, пужаючы іх. Але маючы абмежаванае поле дзейнасьці ў сувязі зь міжнароднай ізаляцыяй, вядзе большую частку беларускага народу да жабрацтва ў новым 2007 годзе. Кожны згублены кіляграм вагі Аляксандра Казуліна і тых, хто яго падтрымлівае, камяком у горле стануць у Лукашэнкі і тых, хто ажыцьцяўляў ганебнае, злачыннае судзілішча над Аляксандрам Казуліным. Свабоду Аляксандру Казуліну!”

(Спадар: ) “Прачытаў артыкул спадара Андрэя Дынька, галоўнага рэдактара “Нашай Нівы” ў абарону палякаў, і цалкам салідарны з гэтым меркаваньнем. Але проста зноў жа, як і ён сам патрабуе ад сваіх аўтараў: па меней эмоцый і паболей, так бы мовіць, здаровага сэнсу. Безумоўна, сытуацыя зь меншасьцямі выклікае вялізную праблему, як у Беларусі, так і ў межах сучаснага Эўразьвязу і ўвогуле ў Эўропе, і ў нашых усходніх суседзяў. Але чаму б нам не шукаць нейкай “залатой сярэдзіны”? У першую чаргу не ісьці ад вытокаў, цудоўна разумеючы, што абараняць трэба ня толькі палякаў на Беларусі, якіх сапраўды трэба абараняць, іх правы, вартасьць, а менавіта вартасьць іх, нацыянальную годнасьць, а ня той шавінізм, які можа хавацца пад гэтым. І, прабачце, зноў жа давайце бяз крайнасьцяў. “Сёньня мы ўсе палякі” называецца артыкул. Ну якія ж мы палякі?! Прабачце, я сябе лічу беларусам, ніякі я не паляк. Хацелася б зноў жа сказаць, каб вось з такой жа апантанасьцю “Наша Ніва” абараняла яшчэ і правы беларусаў на сваіх этнаграфічных тэрыторыях Беласточчыны, Белападляшша, Віленшчыны. Ну, і таксама на Ўсходніх, магчыма, Крэсах…А то заўсёды, прабачце, галёкаем, а справы ніякай”.

(Спадар: ) “Я ў пачатку месяца, калі ўдарыў моцны мароз і пайшоў сьнег прайшоў па нашых крамах, каб паглядзець, ці зьявіліся даступныя па кошце і якасьці клюшкі, лыжы для дзяцей. Дык вось. Лыжы яшчэ можна купіць у Пінску, а вось хакейныя клюшкі для хлопчыкаў гадоў прыкладна 10 ці нават меншага ўзросту не магчыма купіць. Стаяць тыя ж клюшкі, што і ў мінулым годзе, і ўсе нібыта для ляўшэй і толькі для дарослых. Мяне цікавіць, калі наша прамысловасьць наладзіць выпуск дзіцячых хакейных клюшак. Калі лыжы можна неяк купіць прыкладна за 40-50 тысяч рублёў, што нямала для кожнай сям’і, якая працуе. То клюшак наогул няма, а шайбаў нельга знайсьці”.

(Спадарыня: ) “Так баліць мая душа глядзець, што ўжо зімні пэрыяд, а зямля яшчэ не араная, яшчэ не прыбраныя буракі цукровыя. Учора быў прыём у нашага мясцовага дэпутата Ліса, я не змагла туды трапіць, бо мяне не пусьціла сакратарка кулака. А я хацела выказацца. Як гэта так? Наш жа прэзыдэнт усё хваліцца, кажа, што ўсё прыбралі, што ўсё зрабілі, што падрыхтаваліся да зімы. Гэта няпраўда. Гэта хлусьня. Баліць душа, што яшчэ бур’яны не араныя, не кажучы пра тыя палі, дзе нешта сеялі. На людзей ніякай увагі не зьвяртае старшыня калгаса, людзі ўсе пакутуюць, як так можна. Каму ж гэта выказаць? Калі спужаеш, што выйдзеш на нейкую заходні друк, дык наш кулак адказвае: “А мне напляваць на ваш заходні друк! Як я скажу, так і будзе! Мне ўсё роўна!” Прэмію ж ён атрымаў ад Лукашэнкі! Чаму ж ён праверыў, за што ён яму такую вялікую прэмію даў. Няхай бы лепш народу гэтыя грошы аддалі за тое, што пакутуюць сельскія жыхары. Яны не жывуць, а толькі існуюць. Ім хлеб прывозяць даражэй, аўталаўкі дзяруць! Гэта ж немагчыма на гэта глядзець, баліць душа! Душа разрываецца, але я нічога не магу зрабіць, таму што я бясьсільная. Тое, што я гавару, усе ведаюць. Але няхай бы хоць хто зьвярнуў увагу на сельскую мясцовасьць. На тое, што яна запушчана, дарогі пазапусканыя, аварыйныя! Немагчыма больш на гэта ўсё глядзець! Куды ж, да каго зьвярнуцца? Памажыце, прашу Вас! Людзі! Народ! Вялікі дзякуй за ўвагу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG