Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол Бэн-Ар’е: “Было б дарэчы асуджэньне на найвышэйшым узроўні”


Алесь Дашчынскі, Менск Амбасадар Ізраілю ў Беларусі Зэеў Бэн-Ар’е заявіў у інтэрвію “Свабодзе”, што сёньня меў тэрміновую сустрэчу з намесьнікам міністра замежных справаў Беларусі. Сустрэча адбылася ў сувязі зь нядаўнімі актамі вандалізму антысэміцкага кшталту ў Менску.

У выходныя будынак дому культуры па вуліцы Ўральскай, дзе месьціцца Ізраільскі культурна-інфармацыйны цэнтар, быў размаляваны нацысцкай свастыкай і антысэміцкімі лёзунгамі. Фігуры помніка ахвярам менскага гета ў мэмарыяле “Яма” былі залітыя фарбай.

“Мяркуючы па знойдзенай у мэмарыяле лістоўцы, гаворка ідзе пра дзейнасьць людзей, якія кіруюцца фашысцкімі, нэанацысцкімі ідэямі. А гэта становіць небясьпеку для ўсіх колаў беларускага грамадзтва”, – лічыць Зэеў Бэн-Ар’е.

(Бэн-Ар’е: ) “Я падняў пытаньне, што ў сувязі з гэтымі падзеямі ў Беларусі было б дарэчы адкрытае і публічнае асуджэньне на самым высокім узроўні. І атрымаў запэўніваньні ў тым, што гэты пункт гледжаньня будзе даведзены да высокага ўзроўню”.

Амбасадар Ізраілю спадзяецца, што “расьсьледаваньне павінна паказаць, з чым мы маем дачыненьне”. У інтэрвію мэдыям прадстаўнік КДБ заявіў, што ў выпадку гэтага здарэньня гаворка ідзе пра дзеяньні падлеткаў і што КДБ ня будзе браць удзелу ў расьсьледаваньні.

(Бэн-Ар’е: ) “Але тут існуе фактычны бок справы. У цэнтры Менску ўначы адначасова ў двух месцах адбыліся дастаткова маштабныя акцыі. У мэмарыяльным комплексе былі знойдзеныя лістоўкі, якія мы перадалі мэдыям. Пры ўсёй іх агіднай сутнасьці яны сфармуляваныя даволі прафэсійна. У тоне лексыкі, прынятай у нацыяналістычных колах. Акрамя таго, мне здаецца, што сьледчы, гэтак жа як лекар, павінен спачатку расьсьледаваць і прааналізаваць самыя цяжкія варыянты. І потым толькі, выключыўшы іх, перайсьці да больш лёгкіх. Таму, мне здаецца, што такі падыход не зьяўляецца эфэктыўным у барацьбе з такімі зьявамі. Хаця расьсьледаваньне можа паказаць што заўгодна. Па яго выніках мы можам гаварыць, наколькі гэта нейкая сфармаваная групоўка, а таксама пра аснову гэтых дзеяньняў, або пра тое, што гэта дзеяньні пэўных асобаў”.

Якія наступствы для ізраільска-беларускіх адносінаў могуць мець гэтыя акты антысэмітызму?

(Бэн-Ар’е: ) “На мой вялікі жаль, антысэміцкія рэзкія праявы здараюцца ў розных краінах. Сам гэты інцыдэнт ня можа і не павінен паўплываць на разьвіцьцё адносінаў паміж дзяржавамі, калі кіраўніцтва краіны, дзе гэта здарылася, бескампрамісна асуджае гэтыя праявы і робіць усё для пакараньня вінаватых і выкараненьня гэтага ў будучыні. Калі хутка гэта будзе так і адбывацца, то мы саюзьнікі ў барацьбе з гэтымі праявамі”.

Поўнасьцю інтэрвію з амбасадарам Ізраілю ў Беларусі Зэевам Бэн-Ар’е – на нашым сайце заўтра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG