Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 13 лістапада


Юлія Шарова, Менск

Аляксандар Брэчэк у сваім блогу на сайце www.telegraf.by разважае пра сёньняшні стан беларуска-расейскіх дачыненьняў і параўноўвае іх з шахматнай партыяй. “…дастаткова кінуць хуткі кароткі позірк на “дошку”, і нават аматар-пачатковец імгненна зразумее – надыходзіць эндшпіль (фінал гульні), прычым фэрзевы. Як ні сумна, але пэрспэктыва ў “белых”, назавем гэтак беларусаў, нават ня патавая. Мяркуючы па ўсім, згуляць у “пат” у нашай краіны цяпер наўрад ці атрымаецца. Пат – гэта калі непасрэднай пагрозы няма, але хадзіць нельга, у выніку чаго залічваецца аўтаматычная нічыя. Пад часьцяком ёсьць вынікам гульнёвай тактыкі. У самых крытычных сытуацыях, калі гульцу няма куды хадзіць і ён знаходзіцца пад шахам, пат робіцца найбольш прыймальным і адзіным выйсьцем… Але Беларусь, выглядае на тое, трапіла ў становішча, якое ў шахматнай навуцы прынята называць zugzwang (цугцванг). У адрозьненьне ад пата тут ужо нельга не хадзіць, але кожны зроблены ход толькі пагаршае сытуацыю”.

У суполцы Жывога журналу by_politics зьявіўся зварот маладых сяброў грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” да каардынатараў кампаніі “Расплюшчы вочы” і пэрсанальна да Франака Вячоркі. Нагадаю, што “Расплюшчы вочы” – гэта мабілізацыйная інфармацыйная кампанія да маючых адбыцца выбараў у мясцовыя саветы.

“На мінулых прэзыдэнцкіх выбарах мы чарговы раз ўпэўніліся, што дэмакратычныя выбары пры сучасным рэжыме немагчымыя, а спробы раскрыць фальсыфікацыю з дапамогай назіральнікаў праваліліся (замест абяцаных лічбаў "сумленных людзей" з кожнага ўчастку мы мелі вельмі розныя вынікі некалькіх экзыт-полаў). У гэтых умовах, пры адсутнасьці кардынальна новага падыходу барацьбы з фальсыфікацыям, удзел у выбарах зьяўляецца самагубствам. На 20 000 месцаў аб''яданая апазыцыя вылучае 2 000 кандыдатаў, астатнія 18 000 месцаў зоймуць праўладныя функцыянэры. З 2 000 апазыцыйных кандыдатаў у лепшым выпадку ўлада прапусьціць некалькі дзесяткаў (як гэта было ў мінулы раз). Калі такое адбудзецца, пры сёньняшнім падыходзе даказаць масавыя фальсыфікацыі, як гэта было падчас прэзыдэнцкіх выбараў, не атрымаецца. Але выбары з удзелам апазыцыі будуць прызнаныя легітымнымі”.

Arshanski пакінуў у сваім інтэрнэт-дзёньніку такі запіс: “Спадарове! 26 лістапада ўшануйма памяць Ўладзімера Караткевіча: прынясем па адной кветцы да ягонага помніка. Пакажам, колькі нас! У Менску можна ісьці да пахаваньня Караткевіча на Ўсходніх могілках. У Воршы й Віцебску ёсьць помнікі. Што рабіць у іншых мясьцінах — я не прыдумаў, але і там, бадай, ёсьць "караткевіцкія мясьціны", так што прыдумаць нескладана”.

Тэму сьвяткаваньня дня нараджэньня Караткевіча абмяркоўваюць таксама на форумах парталу Studenty.by Natalia запрашае ўсіх ахвотных 26 лістапада ў Воршу. “Асноўныя частка сьвята пройдзе ў музэі. Чаго ад нас чакаюць : песьняў, вершаў, тэатральных дзеяў, прызнаньняў у каханьні (найперш, Караткевічу). Што мы можам : ня проста творча ўшанаваць памяць улюбёнага пісьменьніка, ажывіўшы ў гэты дзень музэй, але й пагуляць па родным горадзе пісьменьніка (зранку ці ўвечары), адшукаць крыніцы яго натхненьня, пазнаёміцца зь мясцовымі краязнаўцамі й разам паразважаць, чым ёсьць для нас гістарычная спадчына й што мы можам зрабіць, каб яе захаваць”.

На сайце Радзіма майго духу зьявіліся новыя фотаздымкі беларускіх мясьцінаў: старыя хрысьціянскія могілкі ў вёсцы Абідавічы Быхаўскага раёну, а таксама фрагмэнт валоў ля вёскі Сьмятанічы Шклоўскага раёну.

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG