Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні адзначылі 410-я ўгодкі Берасьцейскай уніі


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў Горадні была адзначана 410-я гадавіна падпісаньня Берасьцейскай царкоўнай уніі, а таксама сьвята Сьвятога Язафата, якое прыпадае на 12-е лістапада. Сьвятую літургію ўзначаліў апостальскі візітатар для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек разам з гарадзенскім каталіцкім біскупам Аляксандрам Кашкевічам, які прачытаў казань.

На сьвяточнае набажэнства сабраліся вернікі з Горадні ды зь іншых мясьцінаў. Яно адбылося ў часовай капліцы пры будучым касьцёле Найсьвяцейшага Збавіцеля, што ў гарадзкім раёне “Дзевятоўка”. Душпастыр для грэка-каталікоў Горадні і Ліды Андрэй Крот паведаміў, што ў нядзелю будзе сьвяткаваньне ў Віцебску, дзе Язафат Кунцэвіч загінуў пакутніцкай сьмерцю. Яно адбудзецца ў Катэдральным касьцёле Сьвятой Барбары, а ўжо пазьней сьвяткаваць будуць у Берасьці, дзе ў 1596 годзе была падпісана Унія.

Я папрасіў айца Андрэя распавесьці пра гарадзенскіх уніятаў, якія сёньня ўдзельнічалі ва ўрачыстай службе.

(Крот: ) “У Горадні ёсьць некалькі дзясяткаў грэка-каталікоў, я быў прызначаны сюды каля Вялікадня, паўгады тут працую. Мы спрабавалі служыць нават кожны дзень, але асноўнае набажэнства адбываецца кожную нядзелю. Парафія мае свой будынак у цэнтры гораду на вуліцы Гараднічанскай, там разьмешчаная капліца і заля для сустрэчаў, для катэхезаў”.

Андрэй Крот зазначае, што парафіяне цяпер рыхтуюцца да рэканструкцыі будынку. Нядаўна пачаліся заняткі ў нядзельнай школцы пры парафіі. Дзецям выкладаюць асновы рэлігіі на беларускай мове.

У вобласьці грэка-каталікі ёсьць яшчэ ў двух гарадах:

(Крот:) “Таксама на Гарадзеншчыне ёсьць парафія ў Лідзе, там недзе дзясяткі тры актыўных вернікаў. Ёсьць суполкі, якія знаходзяцца ў стадыі арганізацыі, я хацеў бы назваць яшчэ суполку ў Слоніме, але на дадзены момант няма магчымасьці яе духоўна акармляць. Працэс яе рэгістрацыі мы мяркуем распачаць у бліжэйшы час і спадзяемся на хуткія вынікі ў гэтым”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG