Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскім мэдыкам удалося вырасьціць у прабірцы мачавы пухір


Сяргей Абламейка, Прага

Сёлета сьвет абляцела сэнсацыя – амэрыканскім мэдыкам з унівэрсытэту Уэйк Форэст удалося вырасьціць у прабірцы мачавы пухір. 16-гадовая школьніца Кейтлін МакНамара заявіла перад журналістамі, што цяпер не баіцца піць ваду без абмежаваньняў. Аказалася, што Кейтлін адна зь дзевяці пацыентаў, якім вырашчаныя ў прабірках мачавыя пухіры былі перасаджаныя яшчэ чатыры гады таму. Увесь гэты час хірургі маўчалі, баючыся за вынікі экспэрымэнту. Але ў сямі пацыентаў пухіры прыжыліся, і мэдыкі палічылі гэта вялікім посьпехам. Сабекошт першага чалавечага органа з прабіркі адносна невялікі – 7 тысяч даляраў. Лекары ўзялі 120 клетак з хворага пухіра Кейтлін і з дапамогай біятэхналёгіяў павялічылі гэтую колькасьць да паўтара мільярда. Пасьля наляпілі гэтую масу на каркас з калягену (або валакністага бялку) і ўжо там дачакаліся росту сапраўднага пухіра. А каркас унутры пазьней растварыўся. На чарзе – іншыя органы, у тым ліку трахея, цяглІцы і ныркі. Але галоўная мэта кіраўніка праекту доктара Энтані Атала – сэрца. Ён лічыць, што вырасьціць чалавечае сэрца яму ўдасца праз 5-10 гадоў.

***

У Злучаных Штатах Амэрыкі назіраецца неверагодны наплыў пацыентак і пацыентаў у клінікі касмэтычнай хірургіі. Справа ў тым, што ў Амэрыцы новая мода – трансплянтацыя веек. Лекары бяруць валасы з патыліцы пацыента і перасаджваюць у павека. Аказалася, што шмат хто прагне зрабіць такую апэрацыю – у некага вейкі выпалі ў выніку хваробы, нехта апаліў іх у выніку няшчаснага выпадку, а нехта проста хоча быць прыгажэй, маючы густыя вейкі. Апэрацыя доўжыцца ад адной да дзьвюх гадзінаў пад мясцовым наркозам, перасаджваецца звычайна каля 50-ці валасоў. Каштуе працэдура 6 тысяч даляраў. Кур’ёз, на маю думку, заключаецца ў тым, што перасаджаныя валасы пасьпяхова прыжываюцца і пачынаюць нармальна расьці. А гэта значыць, што набытыя вейкі трэба рэгулярна стрыгчы і завіваць. Ну але гэтая акалічнасьць нікога не палохае. 27-гадовая мадэль Эрыка Лін з Флорыды заявіла, што шчасьлівая са сваімі новымі густымі і завІтымі вейкамі. Веек, сказала яна, ніколі не бывае шмат.
XS
SM
MD
LG