Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Майсеня (4.1.1959, в. Вялікая Ліпа, Нясьвіскі раён — 12.11.1996, шаша Берасьце—Масква. Пахаваны на менскіх Паўночных могілках.)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Часы пераменаў ствараюць складаныя жыцьцёвыя траекторыі. Адны — і кожны з нас узгадае нямала прыкладаў з найноўшай айчыннай гісторыі — з рознай хуткасьцю сасьлізгвалі ўніз, у беспрынцыповасьць і маральную непераборлівасьць. Другія ж, наадварот, пакутліва, але няўхільна ішлі ад мітусьні ў асабістых праблемах да разуменьня асабістай адказнасьці за лёс краіны.

Анатоль быў з тых, хто падымаўся: ад аўтара заказных артыкулаў у “Советской Белоруссии” пасьля першых “Дзядоў-87”, арганізатараў якіх ён спрабаваў выкрыць у няведаньні сэнсу слова “генацыд”, да публіцыста й палітоляга, які кінуў адкрыты выклік рэжыму.

Ён знайшоў у сабе мужнасьць публічна прызнацца, што зьвязваў з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі пэўныя надзеі. Ён не пазьбегнуў спакусы стаць дарадцам улады, “ісьціну царам з усьмешкай гаварыць” (Юры Дракахруст). Але ён жа стаў аўтарам ідэі правядзеньня Кангрэсу супроць дыктатуры ў абарону Канстытуцыі й напісаў бязьлітасны артыкул “Беларусь у імгле”, дзе падвёў вынікі першых двух гадоў кіраваньня Лукашэнкі. У 1996-м за гэтую публікацыю Беларуская асацыяцыя журналістаў прысудзіла Анатолю прэмію ў намінацыі “найлепшы аналітычны матэрыял”. Прысудзіла пасьмяротна.

У апошнія гады жыцьця галоўнай справаю Майсені быў створаны ім Нацыянальны цэнтар стратэгічных ініцыятываў “Усход — Захад”, адна зь першых у краіне “фабрык думкі”, што мела на мэце як дыялёг Беларусі з Усходам і Захадам, так і дыялёг нас, суайчыньнікаў, паміж сабой.

Ён шмат езьдзіў па сьвеце, але зьяжджаць зь Беларусі не зьбіраўся. Такой вось парою дзесяць гадоў таму ён вяртаўся ў Менск зь міжнароднай канфэрэнцыі ў Рыме: ехаў на сваім “джыпе” па берасьцейскай трасе і, магчыма, згадваў словы Фрыцьяфа Нансэна пра тое, што вяртаньне — прыз любога падарожжа. Зусім недалёка ад роднай Анатолевай вёскі, што пад Нясьвіжам, ягоны Jeep Cherokee урэзаўся ў грузавік...

Яму было 37, што зноў пацьвердзіла мэтафізычна-фатальны характар гэтага веку для творчых асобаў.

Лепшыя зь ягоных публікацыяў, на жаль, дагэтуль ня страцілі сваёй актуальнасьці, гэтаксама як не заціхлі спрэчкі вакол самога яго імя і таямніцы Анатолевай гібелі. Сястра Людміла і сёньня згадвае апошнюю размову з братам, калі той сказаў: “Хутка рэжым пойдзе ва-банк, і ў мяне ёсьць зьвесткі, што першым, каго яны зьнішчаць, буду я...”

P.S. У 1997-м Нацыянальны цэнтар стратэгічных ініцыятываў “Усход — Захад” выдаў па-расейску і па-ангельску кнігу “Анатолий Майсеня. Страна несбывшихся надежд. Портрет времени и портрет человека”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG