Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Капыльшчына: вяскоўцы паставілі помнік ахвярам рэпрэсіяў


Галіна Абакунчык, Менск У вёсцы Выня Капыльскага раёну адкрылі помнік жыхарам – ахвярам палітычных рэпрэсіяў. Мэмарыял зьявіўся на ініцыятыву й на сродкі ўраджэнца вёскі Станіслава Лісоўскага. Помнік усталяваны рукамі вяскоўцаў — нашчадкаў рэпрэсаваных сялянаў.

Тры мэталёвыя крыжы — уніяцкі, каталіцкі й праваслаўны — складаюць аснову мэмарыялу. На мармуровых плітах надпіс: “Ахвярам палітычных рэпрэсіяў 1929—1945 гадоў. Дзядам, бацькам, дзецям”. Там жа 74 прозьвішчы вяскоўцаў, якіх расстралялі, вывезьлі ў Сыбір, закатавалі. Траціна зь іх — Ганчары й Юхо. Баляслаў Юхо дапамагаў ставіць помнік, ён адзін з нашчадкаў тых закатаваных:

(Юхо: ) “Канечне, я і фарбаваў, і што ў маіх сілах рабіў. Людзі стараліся, вазілі пясок. А ёсьць такая Ніна Юхо, дык яна кожную раніцу з палкаю стаяла тут, каб праганяць кароў, якія хадзілі й нешта псавалі”.

Гэта ўжо другі помнік ахвярам палітычных рэпрэсіяў, які ўсталяваў Станіслаў Лісоўскі. Першы зьявіўся на радзіме ягонай маці — у вёсцы Чарнагубава Капыльскага раёну. Вёска Выня — радзіма бацькі, і гэты помнік — даніна ягонай памяці, а таксама ўсім закатаваным вяскоўцам, ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў. Мясцовыя ўлады дазволілі паставіць помнік і не перашкаджалі працаваць, а дапамагалі мясцовыя жыхары, кажа спадар Лісоўскі.

(Лісоўскі: ) “У вёсцы людзі нармалёвыя, яны і дапамагалі. А больш ніхто не дапамагаў: куды ні зьвернесься — няма грошай, і ўсё. У Беларусі цяпер існуе савецкая ўлада і дапамогі ні ад каго не дачакаесься”.

Паводле спадара Лісоўскага, сярод грамадзкіх арганізацыяў ягоную ініцыятыву падтрымала “Бацькаўшчына”, а таксама менскі касьцёл Сьвятых Сымона і Алены. Гаворыць дасьледчык гісторыі палітычных рэпрэсіяў Ігар Кузьняцоў, які быў на адкрыцьці мэмарыялу:

(Кузьняцоў: ) “У Беларусі гэта ці не адзін зь першых помнікаў, які ўсталявалі сяляне. І гэта можа быць пачаткам ініцыятывы — каб у Беларусі зьявіліся сотні й тысячы помнікаў ахвярам палітычных рэпрэсіяў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG