Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Леанід Дайнэка, Эдуард Акулін, Уладзімер Бярбераў


Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Дом літаратара” (эфір 4 лістапада). Аўтары: Валянціна Аксак, Дзьмітры Падбярэзкі, Міхась Скобла. Рэдактар і вядучы: Сяргей Абламейка.

АЎТАР І ТВОР

ЛЕАНІД ДАЙНЭКА: “ПІШУ РАМАН ПРА КАНСТАНЦІНА АСТРОСКАГА”

Леанід Дайнэка ? аўтар шырокавядомых гістарычных раманаў “Сьлед Ваўкалака”, “Меч князя Вячкі” і “Жалезныя жалуды”. Іх героі ? князі старажытнай Беларусі, палкаводцы, ваяры, сяляне ды месьцічы ? высакародныя і мужныя людзі, якія над усё ставілі ўласную свабоду і незалежнасьць сваёй радзімы. Героямі наступнага раману Дайнэкі будуць адразу чатыры славутыя Канстанціны. Сваімі задумамі пісьменьнік падзяліўся зь Міхасём Скоблам.

(Міхась Скобла: ) “Спадар Леанід, памятаю, як пачынаецца ваш раман “Сьлед ваўкалака”: “У порубе сядзелі трое...” І далей пра тое, як быў зьвязьнены Усяслаў Чарадзей у Кіеве. Каб так пісаць, з адчуваньнем прысутнасьці там, у ХІІ стагодзьдзі, што для гэтага трэба?”

(Леанід Дайнэка: ) “Для гэтага трэба любіць свой край, сваю гісторыю, трэба ўмець імгненна пераносіцца ў тыя стагодзьдзі. Як тое ўмеў рабіць Усяслаў Чарадзей, які прымаў воблік воблака, птушкі, ваўка... Я вельмі люблю беларускую гісторыю, і мне падобныя вандроўкі ў часе лёгка даюцца. Вядома, я чытаю масу гістарычнай літаратуры. Ну, а яшчэ трэба мець фантазію і жаданьне пісаць”.



(Скобла: ) “Вы напісалі гістарычную трылёгію: згаданы ўжо раман “Сьлед ваўкалака”, а таксама раманы “Меч князя Вячкі” і “Жалезныя жалуды”. Ці будзе працяг вашага раманнага цыклю?”

(Дайнэка: ) “Працяг будзе. Цяпер я працую над раманам пад умоўнай назвай “Назаві сына Канстанцінам” — пра гетмана Вялікага Княства Літоўскага Канстанціна Астроскага, які атрымаў дзясяткі, сотні перамогаў над ворагамі, у тым ліку выйграў бітву пад Воршай у 1514 годзе, калі сышліся войскі ВКЛ і Польскай Кароны з аднаго боку і войска Маскоўскага княства — з другой. У Астроскага і сын быў Канстанцін, і ён таксама быў славутым. Ну, і ў гісторыі вядомыя яшчэ два Канстанціны — Канстанцін Вялікі, які даў дарогу ў Рымскую імпэрыю хрысьціянству, і Канстанцін Палеалёг, які загінуў абараняючы Канстанцінопаль ад турак-асманаў. Так што ў мяне ўжо чатыры Канстанціны. А імя Канстанцін азначае — цьвёрды, нязломны”.

(Скобла: ) “Дык раман адразу пра чатырох Канстанцінаў, ці галоўны герой усё ж — Астроскі?”

(Дайнэка: ) “Галоўны герой — Астроскі, але трэба заахвочваць чытача нечаканымі паваротамі сюжэту, гэтага вымагае жанр белетрыстыкі. У маім рамане будуць перакіды, пералёты ў мастацкім пляне і на сьцены палаючага Канстанцінопаля, і на мост пад Рымам, дзе ўпершыню Канстанцін Вялікі, які вёў сваё войска, убачыў у воблаках залаты крыж і пачуў голас: “З гэтым пераможаш!”.

(Скобла: ) “Прынята лічыць “залатым векам” Беларусі 15-16 стагодзьдзі — часы ВКЛ. А на ваш погляд, калі ён быў, ці, магчыма, яшчэ будзе?”

(Дайнэка: ) “Залаты век”, вядома ж, быў. У той час, калі нашыя продкі не плацілі даніну татарскім баскакам — зборшчыкам падаткаў, як гэта рабілася, скажам, у Масковіі. Цікавы момант: у Маскву прыяжджаў адзін татарын (ну, у яго быў адзін канявод і адзін збраяносец), і ўсё княства да яго ног дабраахвотна звальвала даніну. Нашыя продкі не плацілі такую даніну. Яны стаялі шчытом паміж Азіяй, якая заўсёды была ў руху, у наступе, у атацы, і паміж нямецкімі ордэнамі, якія ціснулі з боку Балтыкі. Так што “залаты век” быў, і ён яшчэ будзе — беларускі “залаты век”.

(Скобла: ) “Хто з гістарычных дзеячоў, на ваш погляд, заслугоўвае на самую вялікую пашану? Назавіце пяць імёнаў”.

(Дайнэка: ) “Першы, бясспрэчна, — Усяслаў Чарадзей. Яму я паставіў бы конны помнік у Менску. Трэба, каб наш герой, наш продак сядзеў на кані зь мячом у руцэ. Другі — Канстанцін Астроскі, гетман, захавальнік і абаронца праваслаўя. Прычым менавіта беларускага праваслаўя. У тыя часы песьня такая была: “За Полацк і Заслаўе, за наша праваслаўе!”. Трэці — Леў Сапега. Чацьвёрты — Кастусь Каліноўскі. І пяты — Васіль Быкаў”.

(Скобла: ) “На вашым сайце я прачытаў гэткую вашу думку: “Беларусь збудаваная зь беларускіх словаў”. Як мне падаецца, такое збудаваньне нетрывалае. А з чаго павінна быць збудаваная Беларусь вечная?”

(Дайнэка: ) “Вечная Беларусь павінна быць збудаваная зь беларускага духу. А беларускі дух — гэта адчуваньне сваёй роднасьці зь беларускай зямлёй, на якой стаіць мой дом, з гэтымі дрэвамі, якія шумяць над маёй галавой і над галовамі маіх дзяцей і ўнукаў. Вечная Беларусь — гэта нашыя воблакі, нашыя азёры і рэкі. Гэта нашыя продкі, якія былі і заўсёды будуць з намі. Гэта наша вера, наша мова, наша гісторыя і наша будучыня”.

ЛЕАНІД ДАЙНЭКА. З БУДУЧАЙ КНІГІ “ГЕРАДОЦІНКІ”

*** Тым, хто іранічна падсьміхваецца, хто, скажам так, ня дужа верыць у гістарычную арыгінальнасьць беларускага народу, хачу нагадаць словы аўтарытэтнага знаўцы нацыянальных і моўных пытаньняў. Гэты чалавек быў у свой час камісарам па справах нацыянальнасьцяў , пісаў тоўстыя-тоўстыя манаграфіі аб праблемах мовазнаўства. Гэты чалавек — Іосіф Сталін. Ён сказаў: "Есть белорусский народ и есть белорусский язык." Мудрыя правадыры, як заўсёды, гавораць ляканічна і навечна! Вось так. Хто там яшчэ сумняваецца?

*** Маўчалі, маўчалі, але скажам некалькі словаў у абарону Міколы Ермаловіча і ягонай канцэпцыі стварэньня Вялікага Княства Літоўскага, Жамойцкага і Рускага. Некалі Аляксандар Фядута, вельмі шырокамаштабны палітык, сказаў: “А Великого Княжества Литовского не будет”. Наіўны чалавек! Як гэта “не будет”, калі яно было?

Зараз Юры Бохан і Георгі Штыхаў (і шаноўная кампанія) завялі тую ж музыку: “Ёсьць сумненьні наконт таго, ці быў Наваградак сталіцай ВКЛ. Сумнеўна выглядае незалежнасьць Наваградзкага княства ў даміндоўгавы часы.” І гэтак далей.

Г. Штыхаў гаворыць: “ Подзьвіг М. Ермаловіча быў у тым, што ён прабіў таталітарны мур і адкрыў нам дарогу. Але не забывайце, што паводле адукацыі ён быў усё ж філёлягам”.

Адкажыце, спадар Штыхаў: “А хто па адукацыі быў Шліман, які адкрыў Трою?”.

Я — аўтар рамана “Жалезныя жалуды” пра тыя часы. Я (мне думаецца) сумленны чалавек. Я перашуфляваў горы гістарычнай літаратуры, я знаёміўся з матэрыяламі гісторыка-архэоляга Ф. Гурэвіч па яе раскопках у старадаўнім Наваградку, я ведаю (хоць і абвяргаў яе) канцэпцыю расейскай афіцыйнай дарэвалюцыйнай навукі, што і Міндоўг і Гедымінавічы выйшлі з “русского корня”, я чытаў лацінскую, нямецкую, літоўскую літаратуру.

Ю. Бохан гаворыць: “Гісторыя — гэта навука, яна мае дачыненьне з фактамі, а не з эмоцыямі”.

Добра. Згодзен. Тады прашу паважаных гісторыкаў Юрыя Бохана і Георгія Штыхава паказаць мне “факт”, паказаць усім нам залаты каралеўскі трон, на якім бы літоўскай моваю (!) было б напісана “Міндаўгас — кунігас (кароль) Летувы”.

Пакажыце залаты трон, іначай мы вам не паверым!

*** У сакавіку 1938 года адбыўся аншлюс Аўстрыі. Аўстрыю далучылі да фашысцкай Германіі, збылася мара Гітлера — ягоная маленькая радзіма ўлілася ў вялізны фашысцка-імпэрскі кацёл. А перад гэтым, яшчэ ў першай палове трыццатых гадоў, адбываліся драматычныя крывавыя падзеі...

Мясцовыя фанатычныя прыхільнікі далучэньня да Германіі ўдзень і ўначы крычалі аб “вялікім братнім народзе”, аб адзінай сьвяшчэннай “крыві, расе, мове”, ладзілі шумныя шэсьці, заклейвалі гарады, вёскі і дарогі ўлёткамі.

Але фэдэральны канцлер і міністар замежных справаў Аўстрыі Энгельбэрт Дольфус разумеў, што аншлюс — імгненная сьмерць для ягонай краіны і ягонага народу, што ў жалезных абдымках “вялікага брата” не застанецца ні парушынкі ад аўстрыйскай самабытнасьці. Як мог, ён змагаўся за незалежную Аўстрыю, нават пайшоў на саюз зь італьянскім дучэ Мусаліні, падпісаўшы ў сакавіку 1934 года Рымскія пратаколы.

Раніцой 25 ліпеня 1934 года 154 эсэсаўцы з 89-га аўстрыйскага батальёну СС, перапранутыя ў форму аўстрыйскай грамадзянскай гвардыі, зьнянацку напалі на ўрадавую канцылярыю і захапілі яе літаральна за некалькі хвілін, бо ім дапамог начальнік паліцыі здраднік маёр Фей.

Фэдэральны канцлер Энгельбэрт Дольфус быў цяжка паранены. Яго паклалі на канапу ў ягоным жа службовым кабінеце, падсунулі столік, кінулі на столік паперу і асадку: — Падпісвай акт аб сваёй адстаўцы. — Ён адмовіўся. Стаяла лютая гарачыня. Ён сьцякаў крывёю. Ён хацеў піць. На стол паставілі графін з халоднай вадою: — Падпісвай, і адразу пап’еш. — Ён адмовіўся. Цяклі пакутлівыя хвіліны, гадзіны... — Падпісвай, і мы паклічам лекара, — сказалі яму. — Ён адмовіўся.

Ён памёр праз восем гадзінаў. Памёр, але не падпісаў.

А на карце сьвету і сёньня ёсьць Аўстрыя.

*** Вечны горад Рым заснаваны ў 753 годзе да новай эры. У полі каля маёй Зьмітраўкі, за чатырыста мэтраў ад бацькавай сядзібы, знойдзены абломкі керамікі, якой мясцовыя жыхары карысталіся за 4000 (!) гадоў да гэтай жа самай новай эры.

Дыханьне вечнасьці сустракае нас на кожным кроку...

*** "Тысячагадовы" гітлераўскі нацыянал-сацыялістычны рэйх пратрымаўся 12 гадоў. "Сплоченный навеки Советский Союз" праіснаваў 69 гадоў. Хрысьціянства, якое адна і другая высакамерна-самаўпэўненыя імпэрыі не ставілі ні ў грош, адзначае сваё дзьвюхтысячагодзьдзе. Вось такая гістарычная арытмэтыка. Для роздуму.

*** Самае лёгкае ў нашым становішчы (у нашым сёньняшнім літаратурным становішчы ) стаць расейцамі (А. Скарынкін, К. Міхееў і г. д.), пісаць на мове Пушкіна. Але гэта ня выйсьце. Гэта самае прымітыўнае пераваўсабленьне з нацыянальнага галавасьціка ў імпэрскую лягушку. Ад крыку і кваканьня такіх энэргічных “пераражджэнцаў” у цёплыя вясновыя ночы аж кіпяць сажалкі і балоты.

Гэты шлях — ня наш. І справа не ў самазахавальнай аксыёме — “не хачу быць расейцам”, справа ў тым, што мы жывем на “зломах” тэктанічных плітаў імпэрый і цывілізацый і ў нашым беларускім выпадку нам неабходна, калі мы хочам застацца беларусамі, падалей адысьці ад лініі “злому”, каб не зваліцца ў бездань і не загінуць. Другімі словамі, нам патрэбнае духоўнае напружаньне і цярпеньне. Усьвядомім, што мы (наш лёс, інтэлект) створаны Богам толькі такімі. Іншымі мы быць ня можам, бо Усявышні запраграмаваў нас на беларускасьць.

ІМПРЭЗЫ

ЭДУАРД АКУЛІН: “ПАЭТЫЧНАЕ СЬВЯТА НА РАДЗІМЕ АНАТОЛЯ СЫСА БУДЗЕ ШТОГАДОВЫМ”

Літаратурнай прэміяй імя Анатоля Сыса будуць ганаравацца штогоду маладыя творцы за лепшы дэбют у незалежным часопісе “Дзеяслоў”. Гэтак вырашана на першым паэтычным фэсьце ў Гарошкаве на Гомельшчыне, радзіме культавага беларускага паэта пакаленьня “Тутэйшых”, якое адбылося там 28 кастрычніка ў гонар 47 дня яго народзінаў. Якім чынам афіцыйна й неафіцыйна шануецца памяць Анатоля Сыса, які заўчасна пайшоў з жыцьця паўтара году таму, распавядае Эдуард Акулін, паэт і бард, блізкі сябар Анатоля і арганізатар сьвята ў Гарошкаве. Зь ім гаварыла Валянціна Аксак.

(Валянціна Аксак: ) “Спадар Акулін, як прайшло гэтае першае сьвята ў Гарошкаве, прысьвечанае Анатолю Сысу?”

(Эдуард Акулін: ) “Пачалося яно ад месца яго апошнягя выраю, ад магілы Анатоля, ля якой сабраліся родныя, блізкія, сябры ягоныя, каб ускласьці бел-чырвона-белыя кветкі. Гэта знакавыя колеры для Анатоля. А потым сьвята перамясьцілася да роднай ягонай хаты, да гэтага паэтычнага Акропалю, на які па чарзе ўзыходзілі вядомыя нашы беларускія літаратары, якія прыехалі ў Гарошкаў. Анатоль Вярцінскі, Леанід Дранько-Майсюк, Барыс Пятровіч, ягоны цёзка і сусед Сяргей Сыс, Ларыса Раманава зь Веткі і сястра Тамара Ціханаўна — гэта людзі, якія мовай сваёй душы зрабілі так, што гэтае сьвята прайшло на высокім паэтычным узроўні”.

(Аксак: ) “А скажыце, калі ласка, чаму гэтае сьвята не адбылося ў Рэчыцкай раённай бібліятэцы, як спачатку меркавалася, і нават не ў мясцовым Засьпенскім доме культуры, як ужо потым абвяшчалася арганізатарамі гэтай імпрэзы?”

(Акулін: ) “Напраўду яшчэ ў жніўні мы плянавалі, што сьвята пачнецца ў Рэчыцкай раённай бібліятэцы. І супрацоўнікі гэтай бібліятэкі патэлефанавалі мне і папрасілі, каб я ім даслаў адзін з нумароў часопісу “Дзеяслоў”, у якім мы друкавалі паэтычную спадчыну Анатоля. Але потым, нягледзячы на ўсе мае тэлефанаваньні, кантакт з гэтай бібліятэкай і яе дырэктарам згубіўся. Мясцовыя ўлады баяцца Анатоля Сыса і ягонай паэзіі нават пасьля ягонай сьмерці. Тое самае здарылася і з Засьпенскім домам культуры, у які мы потым хацелі перанесьці гэтае сьвята. Высьветлілася, што менавіта ў гэты дзень, 28 кастрычніка, там трэба было праводзіць больш “важнае” культурнае мерапрыемства”.

(Аксак: ) “Сьвята адбылося каля роднай Анатолевай хаты. Ці шмат аднавяскоўцаў прыйшло туды?”

(Акулін: ) “Гэтае першае паэтычнае сьвята ў Гарошкаве мела такі камэрны характар. І прычына зразумелая: яно не было афіцыйным. Нягледзячы на абвесткі ў шэрагу СМІ, там сабралася невялікая колькасьць людзей. Толькі самыя блізкія, самыя адданыя Толевай памяці, якія ня здраджвалі яму пры жыцьці і ня здрадзілі па сьмерці. На жаль, многія, нават тыя, хто быў заяўлены ў перадсьвяточнай афішы, не прыехалі. Сабралася блізу пяцідзесяці чалавек аднавяскоўцаў, родных, сяброў, а паўсотні чалавек — гэта таксама нямала”.

(Аксак: ) “У такой сытуацыі, калі нават блізкія сябры і выкладчыкі Анатоля з Гомельскага ўнівэрсітэту пабаяліся прыехаць у Гарошкаў, ці не адмовіліся вы ад ідэі зрабіць гэтае паэтычные сьвята традыцыйным?”

(Акулін: ) “Сапраўды на першым сьвяце было вырашана кожную кастрычніцкую суботу пасьля Анатолевага дня народзінаў (26 кастрычніка) зьбірацца ў Гарошкаве. Гэтае сьвята будзе, нягледзячы ні на якія забароны, штогадовым і традыцыйным. Ніхто ня можа забараніць прыхільнікам творчасьці Анатоля прыехаць у Гарошкаў, каб пастаяць ля магілы, пакланіцца ягонай памяці і пачытаць ягоныя вершы калі не са сцэны Засьпенскага ДК, дык з авансцэны ягонага падворка. Сьвята будзе, і мы ўсё-ткі дачакаемся тых часін, калі гэтае сьвята стане агульнанацыянальным. Яно будзе праводзіцца на тым старажытным гарадзішчы мілаградзкай культуры, якое ў свой час адкрыў і якім вельмі апекаваўся Анатоль”.

(Аксак: ) “А якія яшчэ ідэі ўшанаваньня памяці Анатоля Сыса нарадзіліся на першым паэтычным фэсьце?”

(Акулін: ) “На гэтым фэсьце сапраўды нарадзілася шмат ідэй і некаторыя ўжо пачалі ажыцьцяўляцца. Напрыклад, Міхась Скобла паабяцаў, што яшчэ да канца году ў выдавецтве “Беларускі кнігазбор” выйдзе кніга вершаў Анатоля Сыса. Гэта будзе выданьне, у якое ўвойдзе ня толькі ўся паэтычная спадчына Анатоля, у тым ліку невядомыя вершы. Там будуць і артыкулы Сыса на гістарычную тэму, шмат рэдкіх фатаздымкаў. Кніга будзе называцца “Лён”. А яшчэ мы хочам, каб у ягоным доме (там цяпер ніхто не жыве) праз нейкі час быў адкрыты музэй Анатоля Сыса. Прайшло ўжо паўтара году ад ягонай сьмерці, але да гэтага часу на магіле няма помніка. І вельмі важна, каб да наступнай Радаўніцы (а менавіта на Радаўніцу Анатоль пайшоў ад нас) быў адкрыты помнік. Дзяржава сродкаў на яго, зразумела, ня дасьць, а мы агульнымі намаганьнямі, талакой беларускай зробім на магіле Анатоля помнік, варты ягонага паэтычнага генія. А яшчэ я ўпэўнены, што пройдуць гады, памяняецца час, і родная школа Анатоля будзе насіць ягонае імя, і родная вуліца будзе насіць ягонае імя”.

(Аксак: ) “У вас ёсьць верш памяці Анатоля Сыса. Пачытайце яго, калі ласка.

(Акулін: )

Мне прысьнілася сёньня доля, запаветны, як Слова, сон. Мы з Сысом у нябесным полі разам жалі блакітны лён.

Разам жалі. Ды раптам серпам я адцяў галаву вужу, і цярновыя сьлёзы сьвербам разарвалі маю душу.

Я заплакаў з такім адчаем, на які толькі ў сьненьні змог, як па брату забітым Каін, як Пілат ля Хрыстовых ног…

І сказаў мне на гэта Толя: — Плачаш, значыць грахом жывеш… Вуж скрываўлены ў белым полі ? гэта мой разьвітальны верш.

І замоўк. І пайшоў нясьпешна, аж пакуль між аблок ня зьнік. Над вужом, над забітым вершам лён гайдаўся, як сіні німб…



Паэтычнае сьвята адбылося на падворку роднай хаты Анатоля Сыса.

НОТНЫ СШЫТАК

УЛАДЗІМІР БЯРБЕРАЎ: “Я НЕ ХАЧУ, КАБ МІНУЛАЕ ЗАСТАВАЛАСЯ НЕПРАДКАЗАЛЬНЫМ”

У наш час запісы беларускай музыкі выдаюцца некалькімі фірмамі, сярод найбольш вядомых — “West Records”, “Vigma”, “БМАgroup”, “Ковчег”. Між тым пласьцінкі яшчэ давінілавай эпохі, часоў грамафонаў ды патэфонаў, зьяўляюцца ўжо прадметам калекцыянаваньня, уяўляючы як матэрыяльную, так і духоўную каштоўнасьць. З падрабязнасьцямі — наш карэспандэнт Дзьмітры Падбярэзкі.

(Падбярэзкі: ) “Невялічкая кватэра вядомага музыкі, кіраўніка гурта “Ліцьвіны” Ўладзімера Бярберава нагадвае склад музычнага антыкварыяту. У пакойчыку літаральна няма дзе павярнуцца. Але першае, што кідаецца ў вочы, — гэта паліцы са старымі пласьцінкамі. Уладзімер Бярбераў — даўні і зацяты калекцыянэр рарытэтных запісаў. Зьбіраць старыя пласьцінкі, ці пласткі, як ён іх пяшчотна называе, спадар Уладзімер пачаў, маючы 12 гадоў ад нараджэньня. Сёньня ж ён і сам ня ў стане дакладна сказаць, колькі адзінак налічвае ягоны збор. Хоць менавіта з гэтага, зразумела, пытаньня і пачалася нашая гутарка”.

(Падбярэзкі: ) “Тут, я разумею, на відавоку толькі невялічкая частка стаіць, так?”

(Бярбераў: ) “Вяршыня айсбэрга…”

(Падбярэзкі: ) “А колькі ж усяго, хоць прыблізна?”

(Бярбераў: ) “Ну, гэта цяжка сказаць… І не адна тысяча, і ня дзьве, а болей”.

(Падбярэзкі: ) “Якія найбольш рарытэтныя пласьцінкі прысутнічаюць у вашай калекцыі?”

(Бярбераў: ) “Пласткі — гэта ж такая рэч… З аднаго боку пластка мае зьмест, з другога — гэта матэрыяльная рэч. Таму можна разглядаць пластку, якой яна вытворчасьці, а можа быць пластка з матэрыяльнага пункту гледжаньня абсалютна нецікавая, але вельмі цікавая з пункту гледжаньня таго, што на ёй запісана. Вось магу зараз паспрабаваць знайсьці…”

(Падбярэзкі: ) “Полька” з кінафільму “Кубанскія казакі”. Сымфанічны аркестр Усесаюзнага радыё пад кіраўніцтвам Журайціса…”

(Бярбераў: ) “Па зьмесьце нічога асабліва цікавага… Але паглядзіце на саму пластку”.

(Падбярэзкі: ) “А на пластцы напісана “Отдел промышленности Мингорисполкома. Минск, фабрика детской игрушки”… А прыблізна які ж гэта год?”

(Бярбераў: ) “Гэта недзе сярэдзіна шасьцідзесятых… Не, хлушу! ГОСТ 1956 году, гэта, значыць, пачатак шасьцідзесятых. Бо трыццаць капеек. Каб яна была хоць бы шасьцідзесятага году, каштавала б тры рублі”.

(Падбярэзкі: ) “Я ведаю, што такія вось пласьцінкі на 78 абаротаў выпускаліся самымі рознымі ўстановамі. А ў Менску хто выпускаў такія пласьцінкі?”

(Бярбераў: ) “У Менску ў 50-я гады вельмі шмат пластак нарабіў прамкамбінат Сталінскага раёну. Былі маленькія такія пласткі, якасьць іх была невысокая, але больш-менш прымальная”.

(Падбярэзкі: ) “О, а які тут цікавы надпіс! “Ой, ляцелі гусі з броду”, беларуская народная песьня. Маладзечанскі ансамбль песьні і танцу, мастацкі кіраўнік Белібан”. А на другім баку: “Чабарок”, беларуская народная песьня. Дзяржаўная харавая капэля БССР, мастацкі кіраўнік Генадзь Цітовіч”… Дарэчы, а ці шмат тады выпускалася ў Менску песень на беларускай мове?”

(Бярбераў: ) “Натуральна, у першую чаргу хочацца сярод пластак знаходзіць беларускія. І прызнаюся: вельмі рэдкая знаходка! Ці то гэта хор Цітовіча, ці там яшчэ што-небудзь. Вось зь беларускага ў мяне вельмі мала. Ну, ёсьць адна пластка Ісідара Балоціна, Эдзі Рознэра маю такі стосік… Тое-сёе зь беларускага рэпэртуару выконвала Ларыса Александроўская, але ўсё, што мне ўдалося пабачыць за ўсё сваё жыцьцё, гэта кавалак патэфоннай пласткі, і там было напісана прозьвішча Александроўскай”.

(Падбярэзкі: ) “Дзеля таго, каб захаваць гэтыя на сёньняшні дзень ужо ўнікальныя запісы, ці не спрабавалі вы, спадар Уладзімер, нейкім чынам перагнаць іх “у лічбу”?”

(Бярбераў: ) “Каб у мяне быў кампутар з адпаведнай праграмай, я б так і зрабіў…”

(Падбярэзкі: ) “Рознымі шляхамі павялічваецца калекцыя Ўладзімера Бярберава. Пра адзін з такіх незвычайных выпадкаў гаспадар калекцыі распавёў сам”.

(Бярбераў: ) “Скажыце, што б вы зрабілі, калі б вам затэлефанавалі першага красавіка, прадыктавалі адрэсу і сказалі, што калі вы прыйдзіце туды праз гадзіну, кватэру тую вам адчыняць і аддадуць проста на разрабаваньне: там вельмі шмат пластак. Я падумаў: калі гэта розыгрыш, я буду выглядаць як чалавек ня вельмі разумны. Але калі гэта ня розыгрыш, я буду апошнім дурнем, калі не пайду. І я пайшоў. Гэта ня быў розыгрыш, пашанцавала… А во гэта, глядзіце…”

(Падбярэзкі: ) “Три пары сапог”, фірма “Pathe”. Бім-Бом. Гэта што, той самы славуты дуэт комікаў?”

(Бярбераў: ) “Так, дарэчы, гэта самыя хуткасныя дыскі ў маёй калекцыі”.

(Падбярэзкі: ) “Што, былі ня толькі на 78 абаротаў?”

(Бярбераў: ) “Вось гэтыя на 88. Адна пластка ў мяне ёсьць нават на 73 абароты. У 1925 годзе большасьць вытворцаў спынілася на хуткасьці альбо 80, альбо 76. Прымаючы стандарт, узялі кампрамісную хуткасьць”.

(Падбярэзкі: ) “Гэты рэдкі від калекцыянаваньня займае шмат часу. Я думаю, што і грошай таксама адбірае шмат. А навошта вам усё гэта?”

(Бярбераў: ) “Як казаў нейкі расейскі дэпутат, “мы продолжаем жить в стране с непредсказуемым прошлым”. Я б не хацеў, каб мінулае заставалася і надалей непрадказальным. Ня можа быць сур’ёзнага прагрэсу бяз веданьня таго, што рабілася некалі”.

(Падбярэзкі: ) “Уладзімер Бярбераў прызнаўся, што за ўсе гады толькі аднойчы да ягонай калекцыі праявілі цікавасьць, калі на тэлебачаньні рабілі праграму, прысьвечаную Эдзі Рознэру. Між тым некаторых запісаў, якія ён мае, магчыма, больш нідзе ў прыродзе не існуе. Да такіх рэдкасьцяў належыць, безумоўна, і згаданы вышэй запіс песьні “Чабарок” у выкананьні Дзяржаўнай харавой капэлі БССР пад кіраўніцтвам Генадзя Цітовіча. Сапраўды, непрадказальная гісторыя: разьлічваючы на дабрабыт у будучыні, мы лёгка губляем каштоўнасьці мінулага…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG