Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турыстаў будуць завабліваць у Беларусь самагонным апаратам


Радыё Свабода У Менску праходзіць міжнародная выстава “Турбізнэс”. Яна арганізавана Нацыянальным выставачным цэнтрам “Белэкспа” ды Міністэрствам спорту і турызму. Якія маршруты прапануюцца наведвальнікам? Ці можа чалавек празь іх даведацца нешта цікавае пра гісторыю, культуру роднай краіны?

Да прыкладу, “Магілеўаблтурыст” прапануе экскурсію “Малая Радзіма”, якая аб’ядноўвае Шклоў і вёску Александрыю. Прадстаўніца аблвыканкаму Надзея Ляшчына:

(Ляшчына: ) “У сярэдняй школе знаходзіцца музэй-кляса таго часу, калі вучыўся Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка. Дзяцей уражвае тое, што ў гэтай клясе такія нязручныя парты тых часоў, мапа сьвету і партрэт Леніна. Можна сказаць, бедная абстаноўка. І настаўнікі, якія памятаюць і вучылі прэзыдэнта, апавядаюць пра яго ў гэтай школе”.

Зазываюць турфірмы таксама наведаць “Лінію Сталіна”. Ёй прысьвечана адмысловая экспазыцыя на выставе. Тут жа распаўсюджваецца выступ Сталіна на парадзе Чырвонай арміі 7 лістапада. Пытаюся ў гаспадыні экспазыцыі Ганны Дудзінай, якія яшчэ матэрыялы зьявяцца на “Лініі”?

(Дудзіна: ) “Цяпер мы знайшлі прамову Сталіна 9 траўня 1945 году. Спадзяемся, што хутка пакажам гэтую прамову ўсім”.

Вялікая ўвага надаецца таксама спартовым навабудам. Да прыклад,у гарналыжны цэнтар “Сілічы” прапануе адпачынак на адну пэрсону на выходныя ад 246 тысяч рублёў. У разьвіцьцё цэнтру ўкладаюцца значныя сродкі. Неўзабаве зьявіцца крыты каток. А суседні спартыўна-аздараўленчы комплекс “Лагойск” сярод іншага прэзэнтуе на выставе сьпіртовыя напоі. Тлумачыць Марыя Бухвал:

(Бухвал: ) “Гэта ў нас нашы фірмовыя наліўкі “Хрэнавушка”, “Клюкаўка”, “Кедрач”, “Пярцоўка”. Таксама ў нас у праекце самагонны апарат. Мы ўжо пабудавалі самагонны апарат. Хутка будзем вырабляць сваю ўласную самагонку. Гэта як традыцыя, арыгінальнае нешта, як з даўніны”.

Эксклюзыўныя, зьмястоўныя экскурсіі па Беларусі для турфірмаў ня ёсьць асноўным накірункам. Іх ладзяць хіба энтузіясты. Да прыкладу празь інтэрнэт Зьміцер Касьпяровіч прапануе сяброўскае падарожжа “Замкі Беларусі”.

(Касьпяровіч: ) “ Увогуле турыстычныя стандартныя маршруты, якімі карыстаюцца ўсе турфірмы, зьявіліся у пачатку 90-х гадоў. Асноўныя грошы турфірмы зарабляюць на замежным выязным турызьме. Турфірмы арыентуюцца ў першую чаргу на грошы, і яны бачаць эканамічна немэтазгодным разьвіваць гэтую сфэру. Калі ў кіраўніка турфірмы няма нацыянальнага пачуцьця, то ён ня будзе займацца гэтымі вандроўкамі па Беларусі, бо зрабіць замежныя вандроўкі прасьцей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG