Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адновяць выхад часопісу "ARCHE"?


Радыё Свабода Сёньня ў Вышэйшым гаспадарчым судзе працягнецца разгляд позвы часопісу “ARCHE. Пачатак” да Міністэрства інфармацыі. Рэдакцыя патрабуе прызнаць незаконным верасьнёўскі загад міністра аб прыпыненьні выхаду выданьня на тры месяцы.

Чыноўнікі вінавацяць часопіс у публікацыі грамадзка-палітычных матэрыялаў. А гэта, маўляў, прывяло да самавольнай зьмены заяўленай тэматыкі. Галоўны рэдактар Валер Булгакаў заявіў, што рэдакцыя не зьдзяйсьняла ніякага правапарушэньня.

(Булгакаў: ) “Відавочна, тут гаворка ідзе пра тое, ці мае ў цяперашніх грамадзка-палітычных варунках часопіс друкаваць тэксты на забароненыя ці табуяваныя тэмы. Асноўнай раздражняльнай публікацыяй у апошнім нумары часопіса "ARCHE" былі ўспаміны дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. Гэта жанр, які знаходзіцца на стыку гісторыі і мэмуарнай літаратуры”.

Спадар Булгакаў мяркуе, што сёньня суд можа вынесьці канчатковае рашэньне. Ад выніку гэтага працэсу залежыць, ці застанецца часопіс у падпісным каталёгу.

(Булгакаў: ) “Нам ужо даслалі ліст зь “Белпошты”, што калі да 18 сьнежня, а 18 сьнежня яшчэ ўваходзіць у гэты трохмесячны тэрмін спыненьня "ARCHE", мы не падамо зьвесткі пра тое, што Міністэрства інфармацыі дазволіла нам выпуск, мы будзем пазбаўленыя ўсіх магчымасьцяў распаўсюду і падпіскі на тэрыторыі Беларусі. Бо да апошняга моманту мы яшчэ карысталіся падпіскай. Мы забароненыя для продажу ў кнігарнях і кіёсках, але на наш часопіс зьбіралася падпіска”.

Кіраўнік юрыдычнага цэнтру Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіл Пастухоў цьвердзіць, што ўлады ўвогуле ўзялі накірунак на зьнішчэньне незалежнай прэсы.

(Пастухоў: ) “Гэта бадай апошняя надзея рэдакцыі часопіса, што законнасьць у нас можа ўсё ж перамагчы. Але практыка апошніх гадоў дае мала спадзяваньняў на тое, што рашэньне суду будзе станоўчае, на карысьць рэдакцыі. На самой справе не было ніякіх законных падстаў для прыпыненьня дзейнасьці часопісу. Становішча незалежнай прэсы бадай з кожным месяцам пагаршаецца. У вельмі цяжкім становішчы знаходзяцца практычна ўсе незалежныя выданьні. Сытуацыя вельмі кепская і пагаршаецца ўсё больш.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG