Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цяпло ў кватэры даюць пад пагрозай вулічных пратэстаў


Радыё Свабода Да каляндарнай зімы яшчэ тры тыдні, але ў ноч на 6 лістапада у многіх рэгіёнах краіны былі пабіты тэмпэратурныя рэкорды. Напрыклад, у Ашмянах было зафіксавана больш як 18 градусаў марозу. Ня выключана, што й наперадзе жыхароў чакаюць сур’ёзныя зімовыя выпрабаваньні. Як рыхтуюцца да іх у рэгіёнах?

Раньнія халады не абмінулі й Магілёўшчыну. Афіцыйна ацяпляльны сэзон пачаўся тут яшчэ ў кастрычніку. У тым ліку й у Горках. Але ў адным з дамоў, які стаіць тут побач з будынкам райвыканкаму, аніводнага дня ня грэлі батарэі. Пра тое, што было далей, карэспандэнту “Свабоды” расказаў старшыня дамавога камітэту Эдуард Брокараў:

(Брокараў: ) “Ён дзяржаўны дом. Там жывуць пэнсіянэры. Ён заўсёды вельмі добра ацяпляўся. А тут атрымалася так, што няма цяпла – хоць трэсьні. Ня грэюць і ня грэюць. Я пайшоў адзін раз у камунгаз, другі раз. Заяўкі даваў. Яны рабілі выгляд, што яны там прымаюць. Здарылася так, што да мяне падышло некалькі чалавек і кажуць, што давай нешта вырашаць, а то мы выйдзем на вуліцу і нешта будзем рабіць. Я кажу, калі вы пойдзеце, то тады я вас павяду. А што рабіць, калі ў кватэрах тое, што й на вуліцы. Я зайшоў у райвыканкам, а там у той дзень дзяжурыла жанчына з аргаддзелу. Я яе папярэдзіў, паставіў перад фактам: кажу, шаноўная, мяне людзі ўпаўнаважылі вам сказаць, што калі вы не дасьце нам цяпло, то мы выйдзем на нейкую акцыю на вуліцу. Бо нам далей няма куды. Ну, і усё. Праз гадзіну прыбеглі сьлесары і ўсё зрабілі”.

Многія лічаць, што праблемы сёлетняга ацяпленьня толькі пачынаюцца. У сувязі з пагрозай Расеі перагледзець энэргетычныя стасункі зь Беларусьсю рэгіёны атрымалі заданьне рыхтавацца да “газавай блякады”. Галоўнае выйсьце бачыцца ў істотным павелічэньні выкарыстаньня мясцовых відаў паліва. Гаворыць адказны супрацоўнік Дубровенскага райвыканкаму Мікалай Папоў:

(Папоў: ) “Мясцовых відаў паліва ў нас будзе, відаць, у межах 50 працэнтаў. Цяпер ідзе пастаўка і дроваў, і брыкету. Пастаянна ідуць дровы з лясгасаў у Дуброўна – вагонамі паступаюць. У тым ліку, з Аршанскага лясгасу. Што тычыцца тарфянога брыкету, то тут практычна з усяе Беларусі ідуць вагоны”.

Ці будзе мець плён гэтая палітыка? Спадар Папоў так адказаў на гэтае пытаньне:

(Папоў: ) “Вядома, разьлічваць толькі на мясцовыя віды паліва мы ня зможам. Таму што й катлоў у нас недастаткова. Катлоў, якія працуюць на мясцовых відах паліва – дровах і брыкетах. Бяз газу мы ніяк ня зможам абысьціся”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG