Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня выбары ў Кангрэс ЗША


Радыё Свабода Сёньня, 7 лістапада, грамадзяне ЗША абіраюць новы склад заканадаўчага органу краіны – Кангрэсу. Адначасова выбіраецца траціна новых сябраў Сэнату. Дагэтуль у абедзьвюх палатах большасьць мае Рэспубліканская партыя прэзыдэнта Буша.

Сёлета апазыцыйныя дэмакраты, беручы пад увагу непапулярнасьць міжнароднай палітыкі Буша, спадзяюцца выйграць выбары. Сам прэзыдэнт, пасьля удзелу ў галасаваньні ў штаце Тэхас сёньня заявіў:

(Буш: ) “Не мае значэньня , да якой партыі вы належыце і ці ўвогуле маеце партыйныя сымпатыі. Выканайце свой абавязак, апусьціце бюлетэні, каб ваш голас быў пачуты”.

У сувязі з выбарамі ў ЗША , яшчэ раз зьвернем увагу на тое, як працуе і як абіраецца амэрыканскі кангрэс.

Кангрэс ЗША складаецца з дзьвюх палатаў - Сэнату і Палаты прадстаўнікоў. Палата прадстаўнікоў мае 435 сябраў, а Сэнат – 100, па два ад кожнага зь пяцідзесяці амэрыканскіх штатаў. Тэрмін дэпутацкай працы у Палаце прадстаўнікоў два гады, а ў Сэнаце - 6 гадоў, аднак траціна сэнатараў мяняецца кожныя два гады. Такім чынам, усеагульныя выбары ў ЗША адбываюцца кожныя два гады, кожны першы аўторак у лістападзе, з тым, каб першая сэсія новага кангрэсу магла быць праведзеная ў студзені наступнага году.

У адрозьненьне ад парлямэнцкай практыкі ў Эўропе, Кангрэс ЗША ня мае так званай “верхняй” і “ніжняй” палаты – як Сэнат, так і Палата прадстаўнікоў маюць аднолькавы статус, але выконваюць кожны свае задачы. Заканадаўчы праект, каб стаць законам, павінен быць ухвалены абедзьвюма палатамі парлямэнту. Потым ён накіроўваецца на подпіс прэзыдэнту. Прэзыдэнт мае 10 дзён на подпіс закону, калі ён гэта ня зробіць або не накладзе сваё вета – закон набывае сілу аўтаматычна.

Кангрэс таксама мае права адклікаць з пасады кіраўнікоў выканаўчай улады – як Белага дому, так і ўраду. За імпічмэнт павінна прагаласаваць простая большасьць Палаты прадстаўнікоў, а таксама дзьве траціны сэнатараў. За ўсю гісторыю ЗША было толькі дзьве спробы імпічмэнту – прэзыдэнта Эндру Джонсана ў 1868-м і Біла Клінтана ў 1999-м, але ніводная з гэтых спробаў не прайшла. Прэзыдэнт Рычард Ніксан сам пайшоў у адстаўку у 1974-м годзе, калі яму з-за скандалу Уотэргэйт пагражаў імпічмэнт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG