Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі затрымалі за вэнэсуэльскі сьцяг


Радыё Свабода Сёньня ў Гомелі на цэнтральным пляцы Леніна, дзе ладзіўся афіцыйны мітынг з нагоды Кастрычніцкай рэвалюцыі, міліцыя затрымала дэпутата гарсавета Юрася Глушакова. Ён быў на плошчы са сьцягам Рэспублікі Вэнэсуэла:

(Глушакоў:) “Патлумачыць сваю забарону стаяць са сьцягам Рэспублікі Вэнэсуэла міліцыянты не змаглі ніякім чынам. Яны проста ўзялі мяне і павялі з плошчы ў міліцэйскі аўтобус, які даставіў мяне ў апорны пункт. Прэтэнзія была адна: чаму я карыстаюся незарэгістраванай сымболікай. Але ж сёньня рэвалюцыйнае сьвята, і на плошчы было шмат незарэгістраванай сымболікі, у тым ліку сьцягі СССР. Акрамя гэтага, была і больш дрэнная незарэгістраваная сымболіка. Напрыклад, на плошчы тусавалася некалькі сяброў РНЕ са значкамі ў выглядзе свастыкі. Але ж на іх ніхто з ахоўнікаў увагі не зьвяртаў”.

У пастарунку намесьнік начальніка Цэнтральнага райаддзелу міліцыі маёр Яфіменка запісаў у журнал здарэньняў, што з затрыманым Юрасём Глушаковым праведзена гутарка. Пасьля гэтага дэпутата адпусьцілі. Спадар Глушакоў кажа, што, відаць, спалохаліся рэакцыі імпульсіўнага прэзыдэнта Вэнэсуэлы Уга Чавеса.

Затрыманы падчас афіцыйнага мітынгу і трое камуністаў розных накірункаў, якія раздавалі маскоўскую газэту “Савінфармбюро” – газэту ўсесаюзнага руху “За Савецкі Саюз”.

У дачыненьні інваліда вайны Роберта Фраловіча (старшыні рэспубліканскай арганізацыі “Айчына”, ён лічыцца яшчэ й намесьнікам старшыні Вярхоўнага Савету СССР) і сябра ПКБ Пётра Цімафеева складзены пратаколы паводле часткі 3 артыкулу 172 – незаконны распаўсюд друкаваных выданьняў, накіраваных на шкоду дзяржаўнаму й грамадзкаму парадку.

У спадара Фраловіча сканфіскавалі 131 асобнік “Патрыятычнага весніка” і 16 асобнікаў газэты “Савінфармбюро”.

На плошчы міліцыянты затрымалі таксама Марыю Багдановіч і Сяргея Шпакава - распаўсюднікаў улётак з выказваньнем Аляксандра Лукашэнкі пра мясцовыя выбары і газэты “Товарищ”. Спадары Багдановіч і Шпакаў мелі пасьведчаньні з рэдакцыі на распаўсюд выданьня. Афіцэры міліцыі ўважліва перагарталі ўсе газэты і, не знайшоўшы нічога крамольнага, адпусьцілі распаўсюднікаў, папрасіўшы ў іх прабачэньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG