Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100 год “Нашай нівы”: “Банюцкая суполка”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Сто гадоў таму “Наша ніва” пісала, як беларускія сяляне аб’ядноўвалі свае гаспадаркі.

Нехта Вацюк Тройца з Банюкоў, Лідзкага павету, піша ў №2 “Нашай Нівы” за 1907 год пра новае ў вядзеньні сельскай гаспадаркі: “У нас у летку за парадаю суседа несколькі гаспадароў зрабілі меж сабою умову і устроілі “Банюцкую Суполку”.

Банюцкая Суполка мае цэль памагчы вёсковым людзём завадзіць усім патрэбные рэчы, такіе, што завадзіць аднаму гаспадару надта дорага. Напачатак маем заводнаго бугая з голендэрскаго быдла. Бугай гэты гадуецца ўжо год і добра маецца. Калі састарэецца, мы яго прадамо, купім новаго. Калі астануцца тады у нас грошы, то, павэдлуг умовы, яны могуць ісці толькі на новую ўсім патрэбную рэч: супольную малацарню, бібліотэку, школу, газэту, заводнага жэрэбца, барана…

Цяпер да суполкі належаць пяць селян: Казімер Каспэр, Вінцэнты Каспэр, Людвіг Кімашэўскі, Вінцэнты Кімашэўскі, Матэуш Рыбак. Спаміж сябе яны выбралі старасту і гаспадара. Стараста збірае на быка ссыпку, а гаспадар гадуець у сябе бугая. Спадзеваемся, што як бугай той вырасце, то да суполкі нашай прылучыцца больш людзей. Так жэ сама маем у Банюкох супольную пружыновую борану.

А цяпер просьба да ўсіх чытацелёў “Нашай Нівы”. Вось, ведаем мы ўсе, што добра былоб скасаваць шнуры, а ўсю зямлю пабіць на фольварковые гаспадаркі. Хацеліб дзеля гэтаго відзець такіе гаспадаркі і просім усіх, што гэта ужо у сваей вёсцы зрабілі, падаць свой адрес у “Нашу Ніву”, як пісаць і як ехаць, а ад нас на весну прыехаў бы чалавек паглядзець і навучыцца, як робіцца і якая карысць з гэтаго новаго парадку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG