Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі будуць у 2007 годзе плаціць Расеі за газ суседнія краіны?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Учора расейская кампанія “Газпром” абвясьціла пра свой намер ад новага году болей як у два разы павялічыць кошт прыроднага газу для Грузіі. Многія назіральнікі і палітыкі лічаць, што захады Расеі ў цэнах на энэрганосьбіты палітычна матываваныя.

Летась у разгар рэкордна халоднай зімы “Газпром” прапанаваў Украіне плаціць за газ у чатыры разы больш. Многія назіральнікі адразу ж заявілі, што гэта эканамічны адказ Расеі на абвешчаную Ўкраінай сваю празаходнюю палітыку. Пасьля таго, як на некалькі дзён у студзені была спыненая падача газу ва Ўкраіну, абодва бакі пагадзіліся на цану 95 даляраў за тысячу кубамэтраў.

Сёлета “Газпром” вярнуўся да сваёй тактыкі перамоваў з суседнімі краінамі пра павышэньне цэнаў за газ да ўзроўню аплаты заходнеэўрапейскімі партнэрамі. Перамовы з Латвіяй, Беларусьсю, Украінай і нарэшце з Грузіяй пачаліся зь лічбаў ад 230 да 250 даляраў за тысячу кубамэтраў.

У выпадку з Грузіяй цана мае павялічыцца зь цяперашніх 110 даляраў да 230. Калі гэтая лічба застанецца нязьменнай, дык Грузія будзе плаціць найболей з усіх усходнеэўрапейскіх краінаў. Грузінскі прэм’ер-міністар Зураб Нагаідэлі заявіў, што тут больш палітыкі, чым эканомікі:

(Нагаідэлі: ) “Ясна, што перамовы з Расеяй будуць палітычнымі, а не эканамічнымі. І таму наша задача – у самыя сьціслыя тэрміны завяршыць пошукі альтэрнатывы, пачатыя яшчэ летась. Гэта значыць, нам трэба завяршыць перамовы з Турэччынай, Азэрбайджанам і Іранам і знайсьці аптымальнае для нас рашэньне ў гэтых абставінах”.

Расейскія ж афіцыйныя асобы цьвердзяць, што тут няма палітыкі. Прадстаўнік міністэрства энэргетыкі Расеі Юры Яршоў гаворыць, што Расея надалей не жадае субсыдаваць былыя савецкія рэспублікі танным газам.

(Яршоў: ) “Трэба ўжо спыніць практыку субсыдаваць кагосьці. Мы проста аддавалі дарагі прадукт па нізкіх цэнах і не атрымлівалі наўзамен эквіваленту. Нам самім вельмі цяжка: шмат бедных, шмат усялякіх сацыяльных праблемаў. Утрымліваць кагосьці, дапамагаць камусьці проста за так мы ня маем магчымасьці. Таму я адназначна за тое, каб цэны былі ўсясьветнымі”.

Дадамо: у 2006 годзе кошты на расейскі газ для посткамуністычных краінаў былі розныя. Беларусь плаціла найменей – 47 даляраў за тысячу кубамэтраў. Малдова – найболей: 160. Украіна – 95, Армэнія, Грузія, Азэрбайджан – па 110 даляраў. Цяпер на 2007 год Расея прапануе Малдове плаціць 170 даляраў, Украіне – 130 за сумесны туркмэна-расейскі газ, Беларусі – 200 даляраў, Латвіі – 217, Грузіі – 230. Гэтыя прапановы ёсьць аб’ектам перамоваў Расеі з суседнімі краінамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG