Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пра Лукашэнку трэба пісаць злыя вершы, каб людзі разумелі..."


Радыё Cвабода, Віцебск Пра што паэтам ня варта пісаць вершы?

(Спадарыня: ) "Я думаю, што паэтам ня варта лазіць у палітыку. Калі паэты, хай сабе нават і вельмі таленавітыя, пачынаюць пісаць усхваляльныя оды, гэта выглядае сьмешна і недарэчна, на мой погляд. Калі ўжо Бог даў чалавеку талент, то выкарыстоўваць яго трэба не такім чынам!"

(Спадарыня: ) "Я мяркую, што паэтам трэба пра ўсё пісаць. Але – як? Калі пра каханьне – то трэба пісаць самыя прыўкрасныя вершы, а калі пра Лукашэнку – трэба пісаць злыя вершы, каб людзі адразу разумелі, што яно за такое".

(Дзяўчына: ) "Я лічу, што паэтам больш ня варта пісаць вершы пра тое, што Беларусь – няшчасная краіна, што беларусы – няшчасныя людзі, і што жыць тут дужа цяжка. Бо ў нашым грамадзтве ўжо зацьвердзілася такая думка, што на Беларусі ўсё заўсёды дрэнна, ды інакш ужо й быць ня можа".

(Спадарыня: ) "Паэт – гэта творца ўсяго прыгожага. І таму вершы ня трэба пісаць пра палітыку. Насамрэч, што можа быць прыгажэйшае за чалавечыя пачуцьці, чалавечыя адносіны! Трэба пісаць пра тое, што блізкае ўсім людзям".

(Хлопец: ) "Я думаю, што калі гэта сапраўднае мастацтва паэзіі, то пісаць можна пра ўсё. Адзінае, што мяне засмучае – гэта калі нашыя паэты пачынаюць усхваляць нейкія афіцыёзныя ідэі, структуры. А так пра ўсё можна. Гэта і лірыка, і эротыка – для сапраўднага мастацтва ня мае быць ніякіх забаронаў, ніякіх табу".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG