Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летні альбом. Выбары.


Вінцэсь Мудроў

Новая перадача сырыі "Летні альбом"

Савецкім часам электарат практычна адзінадушна галасаваў за кандыдатаў непарушнага блёку камуністаў і беспартыйных. Іншых кандыдатаў у бюлетэнях не было. Калі мне стукнула васямнаццаць, я таксама мусіў аддаць свой голас за непарушны блёк, прычым зрабіў гэта, лежачы ў пасьцелі. Дзесьці аб адзінаццатай гадзіне, з хворай пасьля п’янкі галавой, ляжаў, закінуўшы рукі за патыліцу, і пачуў званок у дзьверы. “У вас, па нашых зьвестках, інвалід жыве”, -- гукнулі ад парога, калі маці адчыніла дзьверы, і ў пакой зазірнула цётка ў атрутна-зялёнай махеравай шапцы і з чырвонай скрыняй пад пахай. Давялося прыкінуцца інвалідам, падцягнуць коўдру да падбародзьдзя і дрыжачай з пахмельля рукой запіхнуць бюлетэні ў скрыню.

Зрэшты, такіх нядбалаў як я сярод электарату было няшмат, і аб адзінаццатай гадзіне колькасьць тых, хто прагаласаваў сягала 90, а то й болей адсоткаў. Дзіва што! Выбаршчыкі ад самай раніцы сьпяшаліся на ўчасткі, бо ва ўчастковых буфэтах прадавалі дэфіцытныя прадукты. Так што шараговы выбаршчык атрымліваў адначасова і маральнае, і матэрыяльнае задавальненьне: аддаваў голас за ўсенароднага кандыдата, і атаварваўся двума кіляграмамі – больш не давалі – мараканскіх памаранчаў. У чэргах, вядома, лаяліся, і да ўрачыстых маршаў, што сымбалізавалі сьвята савецкай дэмакратыі лягічна ўпляталіся здушаныя жаночыя воклічы: “Рыжай не давайце, яна з другога ўчастку!”

А яшчэ там прадавалі сьвежае піва, і некаторыя палітычна нясьпелыя прадстаўнікі электарату адразу ішлі не да выбарчых скрыняў, а ў буфэты. Мушу згадаць амаль трагічную гісторыю пра аднаго майго аднакурсьніка. Студэнтаў, што жылі ў інтэрнаце, выганялі на выбары а шостай раніцы. Гэтай парой і выправіўся на ўчастак Валодзя Ш. -- ён вучыўся ў паралельнай групе. Адразу рушыў у буфэт і жлукціў піва да той пары, пакуль не заснуў за сталом. У абед аднакурсьнікі вынесьлі небараку з участку, зацягнулі ў інтэрнат, а неўзабаве сябар выбарчай камісіі на пару з камэндантам пайшлі шукаць студэнта, які дагэтуль не прагаласаваў. Студэнт тым часам спаў, навылёт прадзьмуўшы ліхенькі інтэрнатаўскі сяньнік. Наступнага дня апівуду выгналі з інтэрнату.

Наагул, згаданым часам усе масавыя мерапрыемствы закончваліся п’янкамі. Вось жа і сябры выбарчых камісіяў, пасьля падліку галасоў, адцягваліся па поўнай праграме. Прычым, гарэлку ім прастаўлялі за дзяржаўны кошт, і ў суседніх з участкам пакоях для іх ладзілі бяседныя столы. Бацька мой аднаго разу таксама быў задзейнічаны ў выбарчай кампаніі. Да хаты ён вярнуўся на золку, дакладней, яго прывялі двое гэткіх жа ўпітых сябраў камісіі. І маці потым цэлы дзень кляла бацьку, ягоных упітых калегаў, а за адным махам і ўсенародныя выбары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG