Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: зьбіраюць ахвяраваньні на помнік У.Плешчанку (фота)


Радыё Свабода, Віцебск Былы старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Плешчанка заўчасна памёр сёлета 20 траўня. Яго пахавалі на могілках каля вёскі Вароны, дзе апазыцыянэр жыў апошнія гады.

Да ўгодкаў ягонае сьмерці сябры вырашылі ўсталяваць на магіле годны помнік і наладзілі ў Віцебску першую дабрачынную акцыю, на якой зьбіраюць ахвяраваньні землякоў, каб ушанаваць памяць Уладзімера Плешчанкі.

На прапанову Барыса Хамайды, аднаго зь сяброў спадара Плешчанкі, стварылі эскіз помніка — яго зрабіў сябра Сойму КХП БНФ, мастак Ян Таўпыга. Яшчэ адзін сябра гэтай партыі, Аляксандар Салаўян, узяўся забясьпечыць тэхнічны бок — паставіць помнік.

Спадар Хамайда сёньня выйшаў да Сіняга дому — дому №28 па вуліцы Леніна, са скрынкай для ахвяраваньняў і плякатам-абвесткай пра дабрачынны збор сродкаў.

(Хамайда: ) “Сёньня 2 лістапада, Дзяды, і я першы раз выйшаў зьбіраць ахвяраваньні на помнік Уладзімеру Плешчанку. Я лічу, што гэта цудоўная магчымасьць для тых, хто ведаў Валодзю, раскрыць свае найлепшыя пачуцьці й дапамагчы. У нас ужо ёсьць і ахвяраваньні ад замежных грамадзянаў, і было б вельмі цудоўна, каб у Віцебску, дзе яго шмат хто ведаў, людзі зрабілі б такую вось добрую справу!”

Усім, хто кідаў у скрынку грошы, спадар Хамайда прапаноўваў запісацца ў адмысловы сьпіс ахвярадаўцаў, але людзі звычайна адмаўляліся. Ахвяравалі грошы й тыя, хто ведаў Уладзімера Плешчанку асабіста, і не знаёмыя зь ім.

Намесьніца старшыні абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Алена Залеская, ахвяруючы грошы, сказала:

(Залеская: ) “Гэты чалавек варты павагі. Як яму было цяжка! Яго тут і зьневажалі, і абражалі, а ён упарта стаяў. За Беларусь, за тое, каб Беларусь была беларускай, каб вярнулася беларуская мова. Ён так за гэта перажываў, таму й памёр так рана. Пра такіх трэба кнігі пісаць! Я лічу, што гэта герой!”

Сябры плянуюць зьбіраць ахвяраваньні на помнік Уладзімеру Плешчанку ўвесь лістапад.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG