Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд пакараў маладафронтаўцаў за салідарнасьць з Дашкевічам (фота)


Любоў Лунёва, Менск Судзьдзя Цэнтральнага суду Менску Аляксей Бычко арыштаваў актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьмітра Хведарука на трое сутак, а Глеба Сандраса аштрафаваў на 62 тысячы рублёў. 1 лістапада хлопцы ўдзельнічалі ў акцыі салідарнасьці са Зьмітром Дашкевічам на Кастрычніцкай плошчы.

Міліцыянты абвінавацілі іх у дробным хуліганстве. Судзьдзя Аляксей Бычко судзіў хлопцаў за зачыненымі дзьвярыма. Ён адхіліў усе хадайніцтвы маладафронтаўцаў і заслухаў толькі паказаньні спэцназаўцаў.

У суд Цэнтральнага раёну Менску, які цяпер займае будынак зьліквідаванга ўладамі Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, прыйшлі каля дваццаці сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Нікога зь іх не пусьцілі на суд над Глебам Сандрасам і Зьмітром Хведаруком.

Першым судзілі Глеба. Ён прыехаў з Салігорску, каб выказаць салідарнасьць са Зьмітром Дашкевічам. Глеб быў каля будынку суду падчас абвяшчэньня прысуду, а потым а 8-й вечара на Кастрычніцкай плошчы. Хлопец апавёў, што спэцназаўцы зьбівалі яго ў пастарунку.

Судзьдзя Аляксей Бычко нікому не дазволіў прысутнічаць на судзе. Хадайніцтвы з просьбай дапытаць сьведак з боку абвінавачаных судзьдзя адхіліў. Ён заслухаў паказаньні спэцназаўцаў. 18-гадовы Глеб Сандрас — студэнт, 62 тысячы штрафу для яго істотная сума.

(Сандрас: ) “Так званыя сьведкі казалі, што мы са Зьмітром былі на плошчы ўдвух. А пытаньне тычылася таго, чаму пратаколы склалі на нас, а не на ўсіх. Штраф, канечне, давядзецца плаціць, але гэта ня суткі, і гэта ўжо суцяшае”.

Зьмітра Хведарука арыштавалі на трое сутак. Ён пасьпеў сказаць некалькі словаў Радыё Свабода:

(Хведарук: ) “Другі раз запар мяне абвінавачваюць у дробным хуліганстве. Гэта лаянка ў грамадзкім месцы — то бок, учора на Кастрычніцкай плошчы я нецэнзурна лаяўся. Але, як вы ведаеце, я ўвесь час размаўляю выключна па-беларуску, а ў беларускай мове мату няма. Таму я ня мог лаяцца”.

Гаворыць актывістка “Маладога фронту” Наста Палажанка:

(Палажанка: ) “Гэта вельмі нагадвае выбарчыя падзеі. Даўно ўжо паводле 167-га артыкулу не абвінавачваюць людзей. Я, канечне, рада, што яму далі трое сутак, бо наш досьвед паказвае, што нашы маладафронтаўскія сьмелыя змагары менш за 15 сутак не сядзяць. Але нельга казаць, што гуманны суд: адхілілі хадайніцтвы наконт сьведкаў, а заслухалі паказаньні толькі амапаўцаў, якія самі нічога ня ведалі, бо былі ў аўтазаку”.

Маладафронтаўцы перадалі Зьмітру Хведаруку цёплыя рэчы й харчы. Хлопец выйдзе на волю заўтра ўвечары.

Нагадаем: 1 лістапада а 8-й вечара больш за дваццаць чалавек сталі ланцугом на Кастрычніцкай плошчы. Яны трымалі партрэты Зьмітра Дашкевіча. Мінакі выказалі салідарнасьць з маладафронтаўцамі. Кіроўцы аўтамабіляў сыгналілі. Нарэшце да ўдзельнікаў акцыі падышлі два спэцназаўцы й заявілі, што зьвязаліся з кіраўніцтвам па рацыі, і маладафронтаўцы могуць заставацца на плошчы. Пазьней высьветлілася, што спэцназаўцы выклікалі аўтазак і жадалі выйграць час.







Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG