Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Імёны Свабоды”: Яўгенія Пфляўмбаўм (1.11.1908 – 13.1.1996)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Аднойчы адвячоркам паэт Аркадзь Куляшоў добра сядзеў з паэтам Максімам Лужаніным у гародчыку на лецішчы ў апошняга. З дому раптам выйшла гаспадыня з цэлым абярэмкам нейкіх папераў і нататнікаў.

— Ты куды? — пацікавіўся Лужанін.

— Да суседзяў, — кіўнула жонка на плот, з-за якога цягнула дымам ад вогнішча.

— А што нясеш?

— А якая вам справа?

Куляшоў, сьцяміўшы, у чым рэч, ускочыў і, заступіўшы дарогу, адабраў паперы. Гэта былі вершы. Не лужанінскія, а той, якая і асудзіла іх на спаленьне.

— Будзем друкаваць і рабіць кнігу, — пагартаўшы сваю “здабычу”, сказаў госьць. — Рэдагую я.

Гаспадыня нечакана хутка згадзілася. Праўда, як на бяду, Аркадзь Куляшоў неўзабаве адышоў у лепшы сьвет, і выхад кнігі адтэрмінаваўся яшчэ на дзесяць гадоў, пакуль за справу ня ўзяўся тагачасны рэдактар “ЛіМу” Анатоль Вярцінскі.

Аўтарку вершаў, якія ў 1989-м выйшлі кнігаю “Сувой жыцьця”, звалі Яўгенія Пфляўмбаўм. Яе папярэдняя публікацыя ў калектыўным зборніку датавалася 1926-м.

Дачка беларускі і рабочага-чыгуначніка родам зь Нямеччыны, прозьвішча якога яна захавала і ў замужжы, спадарыня Пфляўмбаўм стала адной з найцікавейшых беларускіх паэтэс ХХ стагодзьдзя, якую літаратуразнаўцы параўноўваюць з славутай амэрыканкай Эмілі Дыкенсан. Відаць, было б неабачліва сьцьвярджаць, што няпросты лёс не спрыяў гэтаму. Мо якраз наадварот: выпрабаваньні й нягоды пераплаўляліся ў радкі высокае пробы?

Мела ты ўсяго нароўні: Зьдзекаў, скруты, жменьку шчасьця, Але скрозь жыла варожасьць, І магла ты зноў упасьці...

Ды ўтрымалася, — на рукі Падхапілі людзі з сэрцам, І падслухала я згукі, Што бываюць перад сьмерцю...

У 1933-м яна, прадаўшы, каб набыць чыгуначны квіток, уласную бібліятэку, паехала ўсьлед за асуджаным на два гады мужам у сібірскі Марыінск. Жывучы пасьля Сібіры ў Маскве, бо шлях на Беларусь быў закрыты, Яўгенія ў гады другой сусьветнай вайны была байцом супроцьпаветранай абароны.

Яе творчы партрэт будзе няпоўным, калі не сказаць, што спадарыня Пфляўмбаўм шмат перакладала: з ангельскай — Байрана і Джэка Лондана, з расейскай — прозу і драматургію Чэхава і Горкага... Калі вам давядзецца чытаць беларускія пераклады гэтых аўтараў, дзе ў якасьці перакладчыка фігуруе Максім Лужанін, ня верце. Шкада, што я так і не пасьпеў запытацца ў старога, што змушала яго ўсё жыцьцё прысвойваць сабе таленавітыя жончыны пераклады.
XS
SM
MD
LG