Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыкі і праваабаронцы камэнтуюць прысуд Дашкевічу


Валер Каліноўскі, Менск Да суду Кастрычніцкага раёну Менску падтрымаць Зьмітра Дашкевіча прыйшлі ня толькі сябры ягонай незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, але й многія апазыцыйныя палітыкі і праваабаронцы. У судовай залі Дому правасудзьдзя месца ім не хапіла.

Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка мяркуе, што віна Дашкевіча толькі ў тым, што ён кінуў выклік уладзе: (Вячорка: ) “А яшчэ ў тым, што яго выбралі ў якасьці прыкладу засьцярогі для іншых. Нічога нечаканага ў гэтым няма, хаця, здавалася б, перад абліччам тых эканамічных праблем, якія непазьбежна абвострацца ў наступным годзе, Лукашэнка мог бы прынамсі паказушны лібэралізм праявіць. Вырашыў не праяўляць, вырашыў ваяваць з уласным народам. Гэта выклік для ўсіх нас”.

Яўгенія Астрэйка, маці іншага палітвязьня Міколы Астрэйкі, засуджанага па тым самым артыкуле да 2 гадоў турмы, прысутнічала ў групе падтрымкі Зьмітра Дашкевіча.

(Астрэйка: ) “Гэта немагчыма, гэта жах, я спадзявалася на тое, што судзьдзі жанчыны, што пракурор жанчына, што яны паглядзяць на гэтага маладога чалавека і падумаюць, што ж яны робяць. Гэта жах!”

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька даў такі камэнтар:

(Лябедзька: ) “Думаю, што ў гэтай сытуацыі лепш зьвяртацца па камэнтар да Ван дэр Ліндэна, да іншых эўрапейцаў, якія цешаць сябе ілюзіямі, што нешта мяняецца ў Беларусі. Гэта сьведчыць толькі пра тое, што тут 12 гадоў не было законнасьці і ўсё застаецца нязьменна. Трэба думаць, каб далей не судзілі, як Дашкевіча, і астатніх, а каб судзілі гэты рэжым – прыйшоў час”.

Выканаўца абавязкаў старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч перакананы, што гэты працэс адпавядае лёгіцы разьвіцьця рэжыму А.Лукашэнкі:

(Ляўковіч: ) “Рэжым робіць яшчэ раз моцны пасыл, што любая незарэгістраваная арганізацыя ня мае права тут дзейнічаць. Гэта як папярэджаньне іншым і маладым лідэрам, і немаладым, што ўсе будзеце там. Гэта заканамерная лёгіка рэжыму, які можа толькі ўзмацняцца. Калі ён дае слабіну – ён зьнішчаецца”.

Менскі палітоляг Аляксей Кароль зазначыў пра пэрспэктывы разьвіцьця сытуацыі ў Беларусі:

(Кароль: ) “Будзе цягнуцца тая ж самая лінія, якая цяпер рэалізуецца, рэпрэсіі будуць ісьці ў дастаткова выразным, але больш-менш абмежаваным фармаце”.

Адвакат Аляксандар Галіеў заявіў, што ён зьбіраецца абскардзіць прысуд. Галіеў зьвярнуў увагу на тое, што Зьміцер добры вернік і вера яму дапамагае. Адвакат выказаў свае меркаваньні адносна таго, чаму працэс быў закрыты:

(Галіеў: ) “Гэта сцэнар. Гэта артыкул, сцэнар па якім паўтараецца. І страшна падумаць, куды яшчэ гэты сцэнар прывядзе”.

Былы палітвязень Аляксей Шыдлоўскі дае параду Зьмітру Дашкевічу:

(Шыдлоўскі: ) “Дзевяць гадоў таму я таксама быў у такой сытуацыі: якраз паўтара году, такі ж прысуд, як і мне. Трэба трымацца, быць моцным, таму што ў турме свае законы і трэба ў гэтую сыстэму ўпісацца. Магчыма, вызваленьне прыйдзе раней. Альбо амністыя, якае чакаецца, альбо ў выпадку перамогі над гэтым рэжымам”.

Прадстаўніца праваабарончага руху Людміла Гразнова лічыць падтрымку Зьмітру Дашкевічу з боку грамадзтва недастатковай:

(Гразнова: ) “Гэта лякальная падтрымка, бо ў большасьці людзі ня ведаюць, што цяпер адбываецца ў краіне, што столькі палітвязьняў у турмах. Думаю, што ўлада перагнула палку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG