Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Хамайда: “Я веру ў перадвызначанасьць свайго лёсу”


Радыё Свабода Барыс Хамайда – удзельнік перадачы “Ў што я веру”. Эфір 1 лістапада.

Раніцай 17 сакавіка 1942 года фашыстоўскія карнікі шчыльным колам атачылі мястэчка Калышкі Лёзьненскага раёну. Быў загад зьнішчыць габрэйскае гета, якое існавала тут 9 месяцаў –ніхто не павінен быў вырвацца з гэтага пякельнага кола. Карнікі падпальвалі хаты і зганялі габрэяў на цэнтральную плошчу мястэчка. Гарэла на вуліцы Лёзьненскай хата майго дзеда. На плошчы карнікі распалілі вогнішча і кідалі туды габрэйскіх немаўлят. Пахла паленым чалавечым мясам, паветра поўнілася вусьцішнымі крыкамі і стогнамі...

Маю маці, на той час сямнаццацігадовую дзяўчыну, разам з маёй бабуляй гналі па вуліцы ў напрамку да плошчы. Маці адчайна крычала, што яны не габрэі. І тут здарыўся цуд. Беларускі настаўнік з мясцовае школы Аляксандар Васільевіч Кароткін, які ішоў насустрач, раптам наблізіўся да карнікаў і сказаў ім: “Гэта так і ёсьць – яны не габрэі, а эвакуяваныя рускія людзі”.

Маці і бабуля былі бялявыя і зьнешне сапраўды не падобныя да габрэек. Адзін з карнікаў шклянымі вачыма ўтаропіўся ў настаўніка і яшчэ раз перапытаўся, ці праўду ён кажа. Той пацьвердзіў сказанае, і ніводзін мускул не здрыгануўся на ягоным твары. Можна ўявіць, чым рызыкаваў гэты мужны чалавек, у якога таксама была сям’я!

Спачатку адпусьцілі маці, а потым і бабулю. А ўсю калёну амаль у 500 чалавек пагналі ў бок вёскі Адаменкі і там расстралялі.

У гэты дзень сам Госпад Бог з дапамогай настаўніка-беларуса дараваў маёй маці жыцьцё, а гэта азначала, што зоркі на небе склаліся на маю карысьць. І праз шэсьць гадоў, раніцай 8 студзеня 1948 году я зьявіўся на сьвет.

Гэтае цудадзейнае выратаваньне сталася нашай сямейнай легендай, якую ў дзяцінстве замест казак распавядала мне маці. Праз шмат гадоў яна ў мяне спытае: “Адкуль ты такі рэвалюцыянэр?” На што я адкажу: “Ты сама мяне такім выгадавала. Я зь дзяцінства памятаю пра таго беларускага настаўніка, які ўратаваў нас усіх ад сьмерці. І цяпер я аддаю даўгі беларусам.”

Я веру ў перадвызначанасьць свайго лёсу. Вось яшчэ яскравы прыклад. Улетку 1960 году мая маці дамовілася з жыхаркай вёскі Вароны, якая праз дзень насіла нам малако, каб я два тыдні адпачыў у яе ў вёсцы. Сёньня я ўпэўнены, што тыя два тыдні я правёў недзе недалёка ад бацькоўскай хаты Валодзькі Плешчанкі. Мабыць, у Варонах мы бегалі зь ім па адной вуліцы, але ня ведалі адно аднаго. Але праз 30 гадоў лёс зьвёў нас з Уладзімерам Плешчанкам у Віцебску. І ў нас былі 16 гадоў супольнага змаганьня за Беларушчыну.

Aд самага нараджэньня маё жыцьцё перадвызначылі лёсавырашальныя моманты. І я цьвёрда веру, што ў маёй краіны таксама шчасьлівы лёс – што беларускі народ мае вялікую будучыню.

Барыса Хамайду ў Віцебску ведаюць як “прафэсійнага рэвалюцыянэра”.Ужо шмат гадоў ён нідзе не працуе, хаця мае юрыдычную адукацыю. Так званы “Сіні дом” – жылую шматпавярхоўку па вуліцы Леніна – жыхары гораду ведаюць ня толькі як асобны тапаграфічны аб’ект; сюды ідуць, каб набыць у Барыса Хамайды незалежныя газэты і часопісы, або параіцца пра нешта ці проста паразмаўляць. За некалькі апошніх год Барысу Хамайду прысудзілі дзесяткі мільёнаў штрафаў за апазыцыйную дзейнасьць.
XS
SM
MD
LG