Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейцы вымушаныя перастаць курыць


Вячаслаў Ракіцкі, Прага У апошнія гады эўрапейскія краіны адна за другой уводзяць забарону на паленьне ў грамадзкіх месцах. Ад лютага 2007 году і Францыя – адна зь лідэраў у Заходняй Эўропе паводле колькасьці курцоў - забароніць паліць нават у сваіх папулярных кавярнях.

Для тых, хто ня курыць і разумее небясьпеку пасыўнага паленьня, гэта добрая навіна – паветра становіцца больш чыстым. Так, у Ірляндыі, дзе была ўведзеная забарона на паленьне ў грамадзкіх месцах два гады таму, 98 працэнтаў службоўцаў адзначаюць, што ў офісах стала лягчэй дыхаць. Статыстыка ў згодзе з новым законам.

А для тых, хто паліць, жыцьцё ўскладняецца. Працадаўцы пачалі ўключаць у працоўны кантракт умову, што прэтэндэнт на працоўнае месца не павінен паліць. Такім чынам яны спадзяюцца зьменшыць колькасьць перакураў цягам працоўнага дня і пазбавіць сябе абавязку абсталёўваць адмысловыя месцы для паленьня па-за будынкам. Калегі курцоў наракаюць, што тыя некалькі разоў на дзень па 10- 15 хвілінаў выходзяць у двор паліць, а за месяц працоўныя месцы курцоў пустуюць некалькі гадзінаў. Таксама яны з пагардай ставяцца да месцаў паленьня па-за будынкам. Гэта прымусіла тысячы амэрыканскіх кампаніяў абвясьціць сябе “вольнымі ад дыму”.

Кіраўнік Амэрыканскай асацыяцыі прафіляктыкі хваробаў лёгкіх Пол Білінгс кажа, што эўрапейцы, напэўна, пойдуць у тым жа кірунку. Пакуль жа ягоная арганізацыя прапануе кожнай кампаніі, якая хоча стаць “вольнай ад дыму”, не караць курцоў, а дапамагаць ім пазбавіцца шкоднай звычкі.

(Білінгс: ) “Ад 70 да 80 працэнтаў курцоў хочуць кінуць паліць. І працадаўца найперш павінен падтрымаць гэтае жаданьне – рэкамэндацыямі, як гэта зрабіць, дапамогай лекамі, стварэньнем спрыяльнай атмасфэры. Добра вядома, што асяродзьдзе бяз дыму дапамагае людзям кінуць паліць. Залежнасьць ад нікатыну вельмі моцная, і мы павінны падтрымаць курцоў у іх жаданьні пазбавіцца гэтай залежнасьці.”

Чым больш кампаніяў дэкляруюць сваё жаданьне стаць “вольнымі ад дыму”, тым цяжэй курцам знайсьці кваліфікаваную працу. Выглядае, што і амэрыканскае, і эўрапейскае грамадзтвы збліжаюцца да таго дня, калі паліць цыгарэты можна будзе толькі ў сваім прыватным доме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG