Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шатляндзкая прэса крытыкуе Эдуарда Малафеева


Радыё Свабода Сёньня на радзіме паэта Робэрта Бэрнса, у шатляндзкім мястэчку Кілмарнак, адбудзецца шараговая футбольная гульня паміж дублёрамі мясцовага клюбу "Kilmarnock" і эдынбурскай каманды "Hearts". Тым часам эдынбурскія заўзятары ды назіральнікі не хаваюць свайго расчараваньня ў зьвязку з суботняй гульнёй "Hearts" супраць клюбу "Dunfermline" і зь нецярплівасьцю чакаюць, што пакажа чарговы матч пад кіраўніцтвам трэнэра Эдуарда Малафеева.

Афіцыйна Эдуард Малафееў мае статус спартовага дырэктара клюбу, а таксама яго часовага трэнэра. Пастаянны і галоўны трэнэр Вальдас Іванаўскас тыдзень таму пайшоў у адпачынак па стане здароўя і ўжо праз тыдзень павінен вярнуцца ў Эдынбург. У размове з шатляндзкімі журналістамі Малафееў ніяк не камэнтуе магчымасьці вяртаньня Іванаўскаса ў "Hearts". Матч у Кілмарнаку – другая гульня "Hearts" пад кіраўніцтвам Малафеева.

Як піша "Scotsman", уладальнік "Hearts" літоўскі бізнэсовец Уладзімер Раманаў заняты цяпер фінансавымі праблемамі клюбу. Менавіта Раманаў абавязаў Малафеева стварыць новую канцэпцыю гульні "Hearts". У мінулую суботу футболісты на чале са сваім новым трэнэрам здолелі не бязь цяжкасьці зрабіць нічыю 1:1 з клюбам "Dunfermline". У абароне былі занятыя ажно сем футбалістаў – тры абаронцы і чатыры паўабаронцы.

У часе прэсавай канфэрэнцыі памочнік трэнэра Джон Макглін сказаў, што “Малафееў вельмі дасьведчаны адмысловец і ягоная канцэпцыя добра спрацоўвала на працягу доўгіх гадоў у розных клюбах”.

“Нашай ідэяй было гуляць на палове поля праціўнікаў і ўвесь час ціснуць на іх, забіваць як мага болей галоў, а таму рабіць доўгія і шырокія праходы”, – дадаў Макглін. Ён таксама прывёў словы Малафеева пра тое, што “лепей выйграваць зь лікам 10:9, чым 1:0”.

“Магчыма, такая ідэя і спрацоўвала ў СССР у 1970 – 1980-я, аднак цяпер іншы час. Лепшая перамога зь лікам 1:0, чым нічыя 1:1”, – рэзюмуюць шатляндзкія спартовыя аглядальнікі. Журналісты пішуць пра пакуль яшчэ недастатковы ўплыў Малафеева на гульню футбалістаў і пра тое, што сярод істотных праблемаў колішняга беларускага трэнэра ягоная няздольнасьць падтрымаць размову на ангельскай мове.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG