Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Троіца" – аншляг фальклёру ў сталіцы


Радыё Свабода Вялікі сольны канцэрт этна–трыё “Троіца” адбыўся ў канцэртнай залі “Менск”. На ім прэзэнтавалі песьні, якія маюць выйсьці на новым альбоме гурту.

Пасьля доўгага перапынку “Троіца” – у складзе: Іван Кірчук, Юры Дзьмітрыеў і Юры Паўлоўскі – сустрэлася са слухачамі ў Менску. Апошнім часам “Троіца” часьцей выступала за мяжой – у Польшчы, Расеі й Галяндыі.

Саліст Іван Кірчук распавёў пра ўдзел у стварэньні відэафільму “Сонцам асьвячуся”. Гэтую стужку пасьпяхова прэзэнтавалі на міжнародным незалежным кінафэстывалі ў Лос-Анджэлесе. Сабраны падчас экспэдыцыі на Палесьсі фальклёр стаў асновай для новага музычнага альбому “Троіцы”. Назоў кружэлкі пакуль невядомы.

На сольным канцэрце ў Менску гурт прасьпяваў новыя песьні. У канцэртнай залі не было вольных месцаў. Гледачы гавораць пра канцэрт “Троіцы” ў Менску.

(Дзяўчына: ) “Ой, гэта супэр. Мы ўвогуле з Магілёву прыехалі. Гэта было варта, каб убачыць і пачуць”.

(Бабуля: ) “Вельмі спадабалася, пабольш бы было такіх канцэртаў і гуртоў. Вельмі люблю добрыя, старадаўнія беларускія песьні. Я з задавальненьнем паслухала. Проста ў захапленьні. Дай Бог ім здароўя, ну, яны яшчэ абяцалі больш песень напісаць”.

(Юнак: ) “Даўно ўжо не было такіх цудоўных канцэртаў. “Троіца” - гэта наша, не якая-небудзь расейская папса. Гэта таленавіты наш, тутэйшы, гурт. Нашыя словы, наша мэлёдыя. Трэба, каб “Троіца” выступала ня толькі ў Менску, а езьдзіла па ўсёй Беларусі”.

(Дзяўчына: ) “Канечне, цудоўныя канцэрты. Мы ўвогуле не чакалі, што яны сыграюць свае новыя песьні. Заля была вельмі ўражаная, і яны выйшлі яшчэ раз і яшчэ раз. Проста яны такія эмацыйныя, такі зарад энэргіі. Мы проста вельмі і вельмі задаволеныя. І гэта такое проста тыпова беларускае, проста твары, легенды сапраўды”.

Наступны канцэрт гурту адбудзецца 16 лістапада. Гэта будзе першы канцэрт “Троіцы” ў Горадні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG