Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яўгенія Астрэйка: "Я веру ў вас, моцныя і пяшчотныя жанчыны Беларусі"


Радыё Свабода Удзельніца перадачы "Ў штоя веру" -- Яўгенія Астрэйка, маці палітзьняволенага Міколы Астрэйкі. Нарадзіліся ў Дуброўне на Віцебшчыне. Эканаміст паводле адукацыі, цяпер на пэнсіі. Мае двух сыноў – Аляксандра і Міколу і ўнучку Лізу. Сябра камітэту дапамогі рэпрэсаваным “Салідарнасьць”.

Хай усіх добрых людзей бароніць Бог ад таго, што здарылася з нашай сям’ей у лютым 2006 году. Арышт сяброў “Партнэрства”, ператрусы, АМОН, шок...

Не звар’яцела, напэўна, толькі таму, што не глядзела жахлівыя кадры БТ, ня слухала паток хлусьні на майго сына і яго сяброў.

Скамянела, сьлёз амаль ня было. Толькі адчай і боль. Боль гэты, дарэчы, і цяпер са мной. Амаль адразу ўцяміла і зразумела, што сыночак мой у бядзе, што так яму дрэнна і цяжка – ня выказаць словамі. Амаль адразу вырашыла: толькі я, толькі мая любоў і дапамога змогуць падтрымаць, зьберагчы, уратаваць майго сыночка! Зразумела – калі не я, то хто?

І пачалося новае жыцьце: КГБ, пракуратура, суды, кабінэты, сустрэчы, размовы, адвакаты, пасылкі, лісты, спатканьні, перадачы і чэргі... Чэргі паўсюль. Даўжэзныя чэргі з заплаканных жанчын: маці, бабуль, жонак, сёстраў. Уражаньне жахлівае. Пакуль не сутыкнесься сам, не паверыш. Але гэта так. Мора людскога гора і жаночых слез. Усе гэта я пабачыла на свае вочы, усе гэта я адчула сваім сэрцам, праз усе гэта прайшла. Я закалілася. Амаль што ня плакала, у высокія кабінэты хадзіла з упэўненасьцю і верай. Гэтыя бясконцыя чэргі жаночыя падтрымлівалі мяне, давалі моц.

Жанчынкі мае дарагія, сябровачкі па няшчасці, ваш нязломны дух, ваша спагада, ваша вера у сваіх дзетак, ваша любоў да іх і мне давалі моц! Спачуваю ўсім вам, спадарыні Віялета, Ангеліна, Валянціна, Людміла, Марына, Ілона, Тацяна, Галіна, Вера, Ганна, Натальля, Ірына, Вольга... Зычу дабра і шчасьця! Упэўнена, што вы дачакаецеся сваіх родных, і ўсе ў вас будзе добра.

Я веру, што абавязкова дачакаюся свайго сыночка Міколу. Тым больш, што чакаем мы зараз ужо ўтрох: я, яго жонка Паліна і немаўлятка Лізачка, якая нарадзілася, пакуль татачка быў за кратамі. А тры жанчыны, якія любяць і чакаюць, гэта вялікая сіла!

Любыя мае жанчынкі! Будзем разам маліцца за сыноў, братоў, бацькоў нашых! Гасподзь пачуе нас і дапаможа нам.

“У беларускую жанчыну, Калі тут праўду ёй аддаць, Ніхто шчэ каменем ня кінуў І не адважыцца кідаць!”

Так пісаў паэт. Вось таму я веру ў сябе, у вас, мае моцныя і пяшчотныя жанчыны Беларусі! Жанчына ўратуе сьвет!
XS
SM
MD
LG