Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<b/>Пачынаецца суд над Зьмітром Дашкевічам


Любоў Лунёва, Менск Сёньня ў судзе Кастрычніцкага раёну Менску за зачыненымі дзьвярыма пачнецца суд над сустаршынём “Маладога Фронту” Зьмітром Дашкевічам. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Зьмітра арыштавалі 15 верасьня і ў суд прывязуць пад аховай. У абарону Дашкевіча падпісаліся вядомыя грамадзкія дзеячы, палітыкі, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі – усяго каля 1 300 подпісаў. Каля сотні сьведкаў будуць даваць паказаньні ў справе.

Паплечнікі Зьмітра Дашкевіча маюць намер прыйсьці сёньня да будынку Дома правасудзьдзя, каб прадэманстраваць сваю салідарнасьць з лідэрам “Маладога фронту”. Хутчэй за ўсё будынак Дома правасудзьдзя будзе ачэплены спэцназаўцамі. Так адбывалася на судзе над актывістамі незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”, так было пад час суду над Аляксандрам Казуліным. За той час, што Зьміцер Дашкевіч знаходзіўся пад вартай сьледчага ізалятару на вуліцы Валадарскага, моладзевыя актывісты правялі шэраг акцый з патрабаваньнем вызваліць Зьмітра: у сталіцы і ў рэгіёнах ладзілі ланцугі; партрэты Зьмітра і расьцяжкі: “Свабоду Зьмітру Дашкевічу!” амаль штодня з’яўляліся ў розных месцах краіны; студэнцкая моладзь у замежжы пікетавала беларускія амбасады. Справа Зьмітра Дашкевіча выклікала шырокі розгалас у грамадзтве.

Пад час выбарчай кампаніі Камітэт барацьбы з тэрарызмам распачаў крымінальныя справы супраць некалькіх актывістаў “Маладога фронту”. У сьпіс падазраваных у тэрарызьме , апроч Зьмітра Дашкевіча, трапілі Сяржук Лісічонак, Павал Красоўскі, Алег Корбан, Барыс Гарэцкі і яшчэ некалькі чалавек. Раённыя пракуратуры, згодна з распараджэньнем КДБ, дапыталі дзясяткі людзей як сьведкаў. Усе крымінальныя справы спынілі, а Зьмітра Дашкевіча абвінавацілі ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі.

Сябра Зьмітра Артур Фінькевіч, які адбывае пакараньне “на хіміі” за палітычныя графіці, упэўнены, што шмат людзей пажадаюць выказаць сваю салідарнасьць з лідэрам “Маладога фронту”.

(Фінькевіч:) “Чакаем ад гэтага суду праяваў салідарнасьці – салідарнасьці тых людзей, якім неабыякава Беларушчына, якім неабыякавыя нацыянальныя, дэмакратычныя каштоўнасьці, якім неабыякавы лёс беларускага народу”.

Актывістка “Маладога фронту” Наста Палажанка актыўна працуе ў Камітэце, створаным дзеля вызваленьня Зьмітра Дашкевіча. Яго сябры дабіліся, каб Зьмітру, калі ён ня выйдзе на волю ў хуткім часе, далі магчымасьць дыстанцыйна вучыцца ва ўнівэрсытэце.

(Палажанка:) “Спроба абвінаваціць Зьмітра ў тым, што ён кіруе незарэгістраванай арганізацыяй, цалкам палітычная, бо тое, што “Малады фронт” не зарэгістраваны вядома ўсім. У нас зарэгістраваная толькі адна моладзевая арганізацыя. Але ні за якія грошы сусьвету мы ня будзем удзельнічаць у справе гэтай арганізацыі. Зьміцер Дашкевіч стаў тым чалавекам, які павінен адказаць за ўсіх. Гэта суд не над “Маладым фронтам”. Гэта суд над усёй Беларусьсю, над нашымі ўсімі надзеямі, якія мы адстаялі ў сакавіку”.

Суд над Зьмітром Дашкевічам пачнецца аб 11 раніцы ў судзе Кастрычніцкага раёну, што ў Доме правасудзьдзя на вуліцы Сямашкі. Судзіць маладафронтаўца будуць за зачыненымі дзьвярыма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG