Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вернікі-пратэстанты спынілі галадоўку (абноўлены, фота)


Любоў Лунёва, Менск Сёньня вернікі суполкі “Новае жыцьцё” атрымалі адказ з Вышэйшага гаспадарчага суду аб тым, што наглядная камісія апратэставала рашэньне Менскага гаспадарчага суду. Згодна зь ягоным прысудам на рахунак царквы пералічылі 35 мільёнаў рублёў кампэнсацыі за храм вернікаў, а сам будынак перавялі ў гарадзкую маёмасьць. Паколькі рашэньне ўступіла ў законную сілу, вернікі будуць кругласутачна знаходзіцца ў сваім будынку. Яны запэўнілі, што галадоўка спынена часова, але акцыя пратэсту будзе працягвацца, пакуль ня будзе вырашана праблема.

Сёньня ў будынку царквы “Новае жыцьцё” сабраліся прадстаўнікі грамадзкіх арганізацый, дзеячы мастацтва і прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі на прапанову ініцыятыўнай групы стварыць “Грамадзянскую Раду” дзеля ўратаваньня вернікаў-хрысьціянаў. Пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка выказаў усім падзяку за падтрымку. Ён паведаміў, што вернікі атрымалі адказ з Вышэйшага гаспадарчага суду аб тым, што наглядная камісія апратэставала рашэньне Менскага гаспадарчага суду. Вернікі прынялі рашэньне часова спыніць галадоўку. Пастар, падсумоўваючы вынікі галадоўкі, адзначыў, што ўлады ігнаравалі акцыю, не забясьпечылі сталага мэдычнага кантролю за галадоўнікамі, утойвалі інфармацыю пра галадоўку хрысьціянаў. Вячаслаў Ганчарэнка назваў зьвесткі пра царкву, якія распаўсюдзіў тэлеканал СТВ, паклёпніцкімі.

Юрыст царквы “Новае жыцьцё” Сяргей Луканін паведаміў “Свабодзе”:

(Луканін: ) "Гэта першы крок нам насустрач. Мы чакаем, што ўлады й надалей будуць пасьлядоўна рабіць нейкія захады для вырашэньня нашай праблемы. Мы спыняем галадоўку, але ж акцыя пратэсту не спыняецца да таго часу, пакуль рашэньне Менгарвыканкаму ня будзе адменена".

Галадоўнікі ад сёньняшняга дня пачалі піць сокі. Вадзім Пракопчык далучыўся да галадоўкі на трэці дзень. Ён лічыць свой удзел у акцыі пратэсту недарэмным.

(Пракопчы: ) “Адчуваньне добрае. Былі такія цяжкі хвіліны, скажу шчыра, нібыта ў цемру нейкую трапляеш, але потым зноў, як Фэнікс аднаўляесься… Мы тут разам, адзін аднаго падтрымлівалі і спадзяваліся…Мы дзеля таго сюды й прыйшлі, каб пе-ра-ма-гаць. Надакучылі паразы. Трэба перамагаць”.

Галадоўнікі будуць выконваць рэкамэндацыі мэдыкаў, каб выйсьці з галадоўкі зь мінімальнымі праблемамі для здароўя. Чатыры ўдзельнікі акцыі дагэтуль знаходзяцца ў шпіталях. Дзяніс Гіль запэўніў, што гатовы зноў трымаць галадоўку, каб абараніць інтарэсы вернікаў-пратэстантаў.

(Гіль: ) “На маю думку, гэта ўпершыню ў нашай краіне, калі галадоўка, як акцыя дае свой плён. Толькі калі ўлады зразумелі, што мы будзем трымацца да апошняга, калі ўжо людзі трапілі ў рэанімацыю, яны зрабілі першы крок. Мы таксама зрабілі крок і выходзім з галадоўкі. Але акцыя на гэтым не спыняецца”.

Нягледзячы на пратэст нагляднай камісіі Вышэйшага гаспадарчага суду, паводле закону рашэньне Менгарвыканкаму пакуль правамоцнае. Дату перагляду справы мусяць прызначыць цягам месяцу. За гэты час вернікаў у любы момант могуць прымусова выселіць з будынку. Таму акцыя пратэстантаў працягваецца: штодня ў будынку будуць кругласутачна знаходзіцца людзі, дзяжурства ахоўнікаў не адменена.

У Бабруйску дзесяць чалавек трымаюць галадоўку пратэсту супраць дыскрымінацыі сябраў незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве “Белшына”. Ад 3 кастрычніка галадоўку пачала актывістка прафсаюзу Алена Захожая. Потым да яе далучыліся яшчэ 9 чалавек.

У Віцебскай калёніі галадоўку трымаюць Аляксандар Казулін і Сяргей Скрабец. Галадоўнікі намагаюцца прыцягнуць увагу ААН да разгляду беларускай сытуацыі, каб высьветліць пытаньне наконт легітымнасьці прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG