Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежная мясцовая прэса: новыя выпрабаваньні


Вячаслаў Кулік, Менск У наступныя выходныя газэту “Ганцавіцкі час” апошні раз можна будзе купіць на мясцовым рынку. Пра гэта сёньня паведаміў рэдактар выданьня Пятро Гузаеўскі. Журналіст таксама апавёў, што Ганцавіцкі райвыканкам забараняе кіраўнікам тамтэйшых прадпрыемстваў і ўстановаў даваць зьвесткі незалежнаму выданьню. Як пачуваецца мясцовы недзяржаўны друк у Беларусі, высьвятляў наш карэспандэнт.

Са словаў Пятра Гузаеўскага, 14 кастрычніка, калі ў Беларусі афіцыйна адзначалі Дзень маці, у Ганцавічах падатковыя інспэктары аштрафавалі на рынку маці чатырох дзяцей — распаўсюдніцу газэты Ірыну Кавальчук.

(Гузаеўскі: ) “Прыйшлі падаткавікі — дзьве жанчыны. Дарэчы, яны ўвесь час купляюць нашу газэту. А цяпер набылі газэту ды пачалі складаць акт на 400 рублёў за тое, што прадавец не адарвала кантрольны талёнчык. У панядзелак яе выклікалі й паведамілі пра штраф 630 тысяч рублёў, дваццаць базавых велічыняў”.

Суразмоўца кажа, што горшае наперадзе — Ганцавіцкі райспажыўсаюз адмаўляецца ад 1 лістапада падоўжыць арэнду гандлёвага месца на рынку.

(Гузаеўскі: ) “Яна працуе распаўсюдніцай. Дамова ёсьць, касавыя адрыўныя ордэры ёсьць, ліцэнзія на гандаль ёсьць, на месца — ёсьць, за месца заплацілі. Усё як трэба зроблена. Не, кажуць, што хочаце, тое і рабіце! Няма ў нас цяпер доступу на пошту, у шапікі “Белсаюздруку”, у крамы. Гэта якраз робіцца ў пэрыяд выбараў — каб застрашыць. Маўляў, што захочам, тое і зробім”.

Далей апавядае рэдактар пінскай газэты “Мясцовы час” Аляксандар Ярашук:

(Ярашук: ) “Нашу газэту адразу ня бралі на продаж у крамы дзяржаўнага гандлю. Дамовіўся з прыватнай, але яны адзін раз прадалі, але пасьля адмовіліся. Сказалі, што не жадаюць мець непрыемнасьцяў”.

Паслухаем яшчэ рэдактара тыднёвіка “Вольнае Глыбокае” Ўладзімера Скрабатуна. Цалкам беларускае выданьне гэтымі днямі атрымала папярэджаньне Міністэрства інфармацыі — за некалькі радкоў паэзіі на расейскай мове.

(Скрабатун: ) “Мы робім вялікую ўступную частку на беларускай мове і ў якасьці ілюстрацыі ставім верш на расейскай мове. Тым ня менш, гэта адсочвае Міністэрства інфармацыі й выносіць нам папярэджаньне”.

Падсумоўвае сытуацыю журналіст “Газэты Слонімскай” Сяргей Чыгрын:

(Чыгрын: ) “Былы старшыня гарвыканкаму сказаў, каб “Газэту Слонімскую” не выпісвалі, забаранілі прадаваць у дзяржаўных крамах. Пасьля пачалі ціснуць на прадпрымальнікаў. “Белсаюздрук” ад нас адмовіўся. “Белпошта” таксама. Тыя ня менш, знаходзім іншыя свае шляхі для распаўсюджваньня газэты. І наклад сем тысяч на сёньня застаецца”.

На сёньня “Газэта Слонімская” — адзінае незалежнае выданьне на Гарадзеншчыне. Згодна са зьвесткамі Беларускай асацыяцыі журналістаў, у краіне засталося 16 недзяржаўных грамадзка-палітычных выданьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG