Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна давяраць выбаркамам, у якіх няма прадстаўнікоў апазыцыі?


Галіна Абакунчык, Менск Ці можна давяраць выбарчым камісіям, у якіх адсутнічаюць прадстаўнікі апазыцыі? Гэтае пытаньне людзям на вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка.

(Спадарыня: ) “З аднаго боку, можна, бо яны добра разумеюць, чым займаюцца. А зь іншага, яны арыентуюцца толькі на ўладу”.

(Юнак: ) “Я лічу, што павінны быць прадстаўнікі ня толькі апазыцыі, але й іншых палітычных партыяў, арганізацыяў. Каб быў свабодны доступ да вынікаў галасаваньня”.

(Спадар: ) “А ў нас колькі ні запрашай, усё роўна адны будуць казаць пра фальшывасьць, а іншыя — што ўсё правільна. А ён захоча на чацьверты тэрмін, і яго выберуць. Рэальна выберуць. Рэальна”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці можна давяраць выбарчым камісіям, у якіх адсутнічаюць прадстаўнікі апазыцыі?”

(Юнак: ) “Не. Гэтулькі гадоў ужо прыклады былі, дык які сэнс давяраць? Па-мойму, двойчы быў рэфэрэндум, двойчы выбіралі прэзыдэнта, усё гэта было паказальна. Так што можна туды нават і не хадзіць”.

(Юначка: ) “Я таксама не давяраю. Бо я ня веру, што калі сядзяць людзі з адной палітычнай партыі альбо ад улады — няважна, то выбары могуць быць аб’ектыўнымі. Словам, няможна давяраць”.

(Юнак: ) “У выбарчай камісіі людзі павінны быць незалежныя, каб была адэкватная і аб’ектыўная ацэнка гэтых выбараў”.

(Спадар: ) “З аднаго боку, можна давяраць, зь іншага — няможна. Усё залежыць ад канкрэтных сытуацыяў. А таксама ад таго, што патрэбна ад гэтых выбараў”.

(Спадар: ) “Калі будзе захаваная працэдура, то, нібыта, няма ніякіх падставаў не давяраць. Але я лічу, што павінныя быць прадстаўнікі ўсіх структураў, палітычных партыяў і рухаў. Калі гэта будзе захавана, то тады ня будзе ніякіх прэтэнзіяў і плётак на гэтую тэму”.

(Спадарыня: ) “Я ня думаю, што ёсьць сэнс давяраць гэтым камісіям, бо ў нас у краіне людзі ня робяць ніякага выбару. Выбар ужо зроблены”.

(Юнак: ) “У апараце ўраду давяраць нікому нельга ўвогуле. Любая дзяржава нясе з сабой тэрор, калі ў ёй няма паўнавартасных правоў аднаго з бакоў. А ведаючы, у якім стане знаходзімся мы, ня трэба быць вялікім разумнікам, каб пабачыць усю непраўдзівасьць тых камісіяў”.

(Спадар: ) “Ці можна ў футбольным матчы давяраць судзьдзі, якога прызначыла адна з камандаў? Натуральна, што не. Таму які можа быць давер да вось такіх камісіяў?!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG