Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ала Петрушкевіч: “Веру ў Слова”


Радыё Свабода Ала Петрушкевіч – удзельніца перадачы “Ў што я веру”

Веру ў Слова. Тое, што было насамперш.

У Cлова, дадзенае нам, як найвялікшы тэстамэнт праз тых, хто з’явіўся на зямлі, каб данесьці люду мудрасьць Неба.

Веру ў “Слова...” мудрага Баяна, веру, што вытокі яго — у нашым Краі, дзе “трубы трубяць гарадзенскія” і “Нямігі крывавыя берагі”.

Веру ў Слова тых, што ўзышлі магутнай руньню над абязмоўленым краем сто гадоў таму, і праз Прарока маладой Беларусі Янку Купалу выказана было тое, што і сёньня ёсьць знакам, сымбалем нашай веры — “Жыве Беларусь!”

“А вот як не любіць гэта поле, і бор, І зялёны садок, і крыклівую гусь!.. А што часам тут страшна заенча віхор, — Гэта енк, гэта крык, што жыве Беларусь!”

А як ня верыць ёй — паэтцы, празаіку, публіцыстцы, асьветніцы, грамадзкай дзяячцы, выдаўцу, навукоўцы, акторцы, лекарцы, праўдзівай Цётцы беларускага народу, сірацінкі Алаізе Пашкевічанцы-Кайрыс, што ў вершы выказала свой сымбаль веры беларускай:

“Веру братцы: людзьмі станем, Хутка скончым мы свой сон, На свет Божы шырэй глянем, Век напіша нам закон”.

Найвялікшы, Богам дадзены — гэтак літаральна прачытваецца імя самага прыўкраснага (словам Караткевіча) паэта нашага Максіма Багдановіча, Песьняра чыстае Красы, якой слугаваў “ 25, і 5, і 17” (гэтак Данута Бічэль у лічбах вызначыла ягоны шлях зямны: “Хай узыдуць і сьняцца 25, і 5, і 17”). А ў самым цэнтры той вялікай Красы зьзяла яму ўлюбёная Беларусь — сіні васілёк, у залаты дзень якой ён верыў:

“Ня згасла сонца? Сонца гляне, Усіх падыме ада сна. Ён, гэты дзень, яшчэ настане, — І ачуняе старана!”

Веру, што “Наша Ніва”, паўстаўшы 100 гадоў таму, Слова высокай Красы і Сьветласьці сеяла недарэмна, хай нават у не зусім прыдатную нашу беларускую пясчаную глебу, як пісаў пра тое Алег Антонавіч Лойка. Бо тое Слова прарасло над забраным Краем.

Шчасьлівая, што жыву ў самым прыгожым месьце Беларусі. Веру, што мая ўлюбёная Горадня перажыве і сёньняшняе брутальнае “аднаўленьне”. Гарадзенцы будуць хадзіць некалі па цэнтральных вуліцах Францішка Багушэвіча, Антона Луцкевіча, Вацлава Ластоўскага, Браніслава Тарашкевіча, Зоські Верас, Ларысы Геніюш, Аляксея Карпюка, Васіля Быкава... А маладыя пакладуць свае кветкі да помнікаў Тызенгаўзу і Жэліберу, Максіму Багдановічу і Ларысе Геніюш.

Найперш кабета, што шчасьцем маю сваю сямейку, таму веру слову майго суджанага, бо самае каштоўнае між людзьмі — вернасьць.

Веру слову і чыстым вачам маіх студэнтаў, веру, што не забрудзяць яны сваю душу словам ганебным і здрадным.

І ўрэшце: веру ў сумленнае слова Радыё Свабода.

***

Ала Петрушкевіч — паэтка з Гародні. Родам са старажытнай Наваградчыны са Сьвіцязянскага краю. Засталася ў прамінулым дваццатым стагодзьдзі. Сваімі роднымі мясьцінамі лічыць Вялікую гару ў родным Шчонаве, гарадзенскія кручы і Гедымінаву гару ў Вільні. За мужам, як за сьцяной. Дачушка Сьняжана – філялягіня, як і мама. Гадуе маленькага Максімку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG