Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адкрылася выстава Леаніда Дробава


Міхал Стэльмак, Менск У Менску адкрылася выстава вядомага беларускага мастака й мастацтвазнаўцы Леаніда Дробава. Сёлета творцу споўнілася б 80, памёр ён у 2002 годзе. Асноўная тэма яго творчасьці – краявіды роднага краю.

Творчая спадчына Леаніда Дробава дэманструецца ў Нацыянальным мастацкім музэі. Гаворыць мастацтвазнаўца Яўген Шунейка: (Шунейка: ) “Наша прафэсійнае мастацтвазнаўства, якое паднялося ў 20-я гады, было як касою зрэзана ў час сталінізму. Пасьля вайны паднялося новае пакаленьне, якое вайну прайшло, - мужнае, гераічнае. Вось яны былі змагарамі за адраджэньне гістарычнай памяці, за тое, каб наша культура была не культурай пагарэльцаў, а культурай годнага народу. І ў мастацтвазнаўстве Леанід Міканоравіч быў такім першапраходцам”. Леанід Дробаў -- аўтар дасьледчыцкіх працаў “Беларускія мастакі ХІХ стагодзьдзя”, “Графіка Беларусі ХІХ- пачатку ХХ стагодзьдзяў”.

Мастацтвазнаўца Людміла Налівайка:

(Налівайка: ) “Ён быў першаадкрывальнікам многіх забытых імёнаў. Вярнуў у нашу мастацкую спадчыну здабыткі творцаў, якія раней лічыліся прадстаўнікамі суседніх культур: Расеі, Польшчы, Украіны, нават Францыі. Ён зрабіў тое, чаго не зрабіў ніхто да яго. Яшчэ Караткевіч казаў, што нашу культуру, нашу гісторыю суседнія краіны, падзялілі, разьдзялілі. Ён гаварыў мне: ты не забудзь, што мы з Караткевічам пачыналі аднаўляць Беларусь”.

Пісьменьнік Уладзімер Караткевіч зрабіў літаратурную апрацоўку дасьледаваньня Дробава “Беларускія мастакі ХІХ стагодзьдзя”. Іх творчае супрацоўніцтва адкрыла для шырокага кола аматараў мастацтва імёны Ігната Дамеля, Напалеона Орды, Івана Хруцкага, Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Прыгадвае сын творцы фотамастак Канстанцін Дробаў: (Дробаў: ) “Яны над ёй працавалі зь вялікім энтузіязмам. Бацька як навуковец, Караткевіч як пісьменьнік. Яна стала падручнікам для маладых мастацтвазнаўцаў, мастакоў. Яна разышлася ўмомант. Гэта асноўная справа яго жыцьця. Паралельна ён займаўся жывапісам”. Напісаў мастак Дробаў больш як дзьвесьце карцін. Творчую спадчыну падсумоўвае старшыня Саюзу мастакоў Уладзімер Басалыга: (Басалыга: ) “Я Лёню добра ведаў. Мы жылі ў адным доме. І сёньня мы можам весьці размову пра Дробава як пра такую постаць, якая знаходзіцца на скрыжаваньні дарог, жывапісца і дасьледніка. Мне здаецца, што ён абраў правільны шлях свайго жыцьця: не разьвітаўшыся з пэндзлем, ён стаў дасьледчыкам. І ў гэтым пляне давядзецца згадваць яго, успамінаць…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG