Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У суботу адбудзецца сьвята паэзіі ў гонар Анатоля Сыса


Валянціна Аксак, Менск 26 кастрычніка культаваму беларускаму паэту пакаленьня “Тутэйшых” Анатолю Сысу споўнілася б 47. Аднак паўтара года яго ўжо няма сярод жывых. У суботу, 28 кастрычніка, на Гомельшчыне ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну, на радзіме Анатоля Сыса, пройдзе першае паэтычнае сьвята ў ягоны гонар. А ўчора сябры рэдкалегіі часопісу “Дзеяслоў” ў Наваградзкім касьцёле маліліся за супакой душы паэта.

Дзіўна, але ад шматлікіх публічных выступаў Анатоля ў архівах сяброў захавалася вельмі мала аўдыёзапісаў. Не на шмат болей пашчасьціла і рукапісам Анатоля. Пасьля ягонай сьмерці зь менскай кватэры ўсе паперы забралі сёстры паэта. Штосьці ацалела ў роднай хаце ў Гарошкаве. Цяпер ягоныя творы рыхтуе да друку паэтка і сяброўка Анатоля зь Веткі Ларыса Раманава.

Два нумары часопісу “Дзеяслоў”– 18-ы і 21-ы – зьмяшчалі Анатолевы раньнія вершы і ўспаміны пра яго сяброў юнацтва і выкладчыкаў Гомельскага ўнівэрсытэту, у якім Сыс вучыўся.

На пахаваньні галоўны рэдактар “Дзеяслову” Барыс Пятровіч гаварыў, што часопіс выдасьць асобным томам усю знойдзеную творчую спадчыну Сыса. Аднак вось што сёньня сказаў спадар Пятровіч.

(Пятровіч: ) “Павінна была выйсьці кніга такая, якой ён ня меў пры жыцьці. Кніга ня выбранага, а ўсяго, што напісаў Анатоль Сыс, найбольш поўны збор ягоных твораў. Мы хацелі зрабіць гэта пры “Дзеяслове”, але нас прыпынілі, таму што знайшлося некалькі груп, якія пачалі працаваць над гэтым – і пры “Беларускім кнігазборы”, і пры “Мастацкай літаратуры”. Я падумаў, што яны нас усё роўна апярэдзяць, у нас няма такіх сілаў, якія ёсьць у іх. Таму мы працу над кнігай Анатоля Сыса ў “Дзеслове” прыпынілі”.

Час ідзе, але ніводнае з названых выдавецтваў кнігі Анатоля Сыса ня выдала. У “Беларускім кнігазборы” яшчэ ня вызначаны ўкладальнік, хоць і абяцаюць выдаць том Анатоля Сыса да канца году. У “Мастацкай” ад ідэі асобнай ягонай кнігі адмовіліся, не камэнтуючы прычынаў.

28 кастрычніка ў Засьпенскім доме культуры, што побач з родным Анатолевым Гарошкавам, мяркуецца вялікае сьвята паэзіі ў ягоны гонар. Туды прыедуць зь Менску, Гомеля і Веткі сябры-паэты і мастакі з выставай ягонай памяці. Пачатак а 14-й.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG