Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная АБЛОГа" -- 26 кастрычніка


Севярын Квяткоўскі, Менск Прывітаньне, вы чытаеце “Начную АБЛОГу”.

У беларускім сеціве абмяркоўваюць уручэньне Эўрапарлямэнтам прэміі імя Сахарава лідэру аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандру Мілінкевічу. Вось некаторыя з водгукаў форумаў парталу Tut.by:

“Цяпер справа за невялікім – апраўдаць давер, і атрымаць праз год-два прэміі імя Дэ Голя, Гавэла, Валэнсы ці штосьці падобнае”.

“А Казуліну прэмію не далі (нават і не прапаноўвалі, відаць, не заслужыў…)”

“Значыць Мілінкевіч заслужыў, проста так бы ня далі”.

Аўтар інтэрнэт-дзёньніку Трабант крытыкуе апазыцыю ў справе галадовак апошніх часоў: “Характэрна амаль поўная адсутнасьць рэакцыі палітычнай апазыцыі на беспрэцэдэнтныя падзеі. Гэтая адсутнасьць можа сьведчыць толькі пра дзьве рэчы. Першая, што палітычнай апазыцыі ў нас не засталося... Другая – апазыцыі грамадзтва патрэбнае толькі ў пэўных абставінах, калі гэта выгадна ёй самой”.

Блогер Arlona піша пра галадоўку пратэстантаў: “Многія зь вернікаў ішлі на гэты крок, ня ведаючы, што будзе далей, якім будуць наступствы для здароўя. Самае сумнае, што пытаньне: што далей? … Стан здароўя хрысьціян-галадоўнікаў улады проста не хвалюе, але яны баяцца розгаласу. Самы час умяшацца грамадзкасьці: сваякам, грамадзкім лідэрам, творчай інтэлігенцыі, інтэлектуалам, простым грамадзянам, каб падтрымаць патрабаваньні вернікаў, паспрабаваць зьберагчы жыцьці людзей”.

Пісьменьнік Адам Глёбус пашырыў сваю прысутнасьць у інтэрнэце. Цяпер ён публікуе свае новыя творы ня толькі на форумах літаратурнага сайту Litara.net, але ва ўласным блогу . Сёньняшні запіс датычыць францускага пісьменьніка Фрэдэрыка Бэгбэдэра: “Фрэдэрык Beigbeder выдаў раман “Рамантычны эгаіст”, а варта было б назваць гэты дзёньнік, напісаны прамінулай датай “Раманічны хлюст”. Таксама Адам Глёбус стварыў пэрсанальны сайт . Дзе сабраныя лірычныя, празаічныя ды мысьлярскія творы аўтара, а таксама водгукі на творчасьць Адама Глёбуса.

“Як вы ставіцеся да ініцыятывы МУС пра забарону продажу алькаголю ў начны час сутак?” – задае пытаньне наведнікам афіцыйны сайт Міністэрства ўнутраных справаў. На бягучы момант атрымана 3380 адказаў. Зь невялікім адрывам лідзіруюць нязгодныя – 51 зь лішкам працэнт. А тых, хто паставіўся прыхільна да часавага абмежаваньня продажу алькаголю – 48,6 працэнтаў.

У сецявым дзёньніку блогера vojur’a зьявіўся новы аматарскі кліп, дзе беларускі музыкант Зьміцер Язьвінскі выконвае песьню “Жыцьцё”.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 2663952 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі быў Севярын Квяткоўскі . Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG