Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэс дэмпрафсаюзаў заклікае бабруйскіх галадоўнікаў спыніць акцыю


Вячаслаў Кулік, Менск 24-я суткі ў Бабруйску галадае актывістка Беларускага незалежнага прафсаюзу Алена Захожая. У інтэрвію нашаму радыё яна паведаміла, што на сёньня ў акцыі пратэсту ўдзельнічаюць васьмёра чалавек і чакаецца, што далучацца яшчэ двое.

Сёньня раніцай Алена Захожая зрабіла заяву для Радыё Свабода: яна пакуль ня будзе спыняць галадоўку, як гэта просяць зрабіць родныя й калегі:

(Захожая: ) “Я сваіх абавязкаў на чужыя плечы перакладваць ня буду! Мае абавязкі — гэта мая справа!”

Алена Захожая паведаміла, што з Магілёўскага абласнога суду атрымала паведамленьне, што прызначылі разгляд яе касацыйнай скаргі на папярэдняе рашэньне суду Бабруйску. Заяўніца патрабуе паўторна разгледзець дыскрымінацыю працаўнікоў “Белшыны” з прычыны іхняй прафсаюзнай прыналежнасьці.

Старшыня першаснай арганізацыі незалежнага прафсаюзу Рыгор Спасюк даводзіць, што Бабруйскі гарвыканкам незаконна адмаўляе ў афіцыйнай рэгістрацыі суполкі. Пра гэтую сытуацыю паінфармаваныя Рада Эўропы й Міжнародная арганізацыя працы, кажа суразмоўца.

(Спасюк: ) “Я проста ўпэўнены, што Рада Эўропы будзе вырашаць пытаньне пра гандлёвыя прэфэрэнцыі для Беларусі. Паколькі Бабруйскі гарвыканкам выдае мэты грамадзкай арганізацыі за палітычныя, то няхай і адказвае за свае палітычныя рашэньні”.

У другой палове дня сёньня ў Менску Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў на паседжаньні Рады абмяркоўваў сытуацыю на “Белшыне”. Пра прынятае рашэньне інфармуе лідэр арганізацыі Аляксандар Ярашук:

(Ярашук: ) “Мы прынялі зварот да ўдзельнікаў галадоўкі — спыніць гэтую акцыю. Стан здароўя, асабліва ў Захожай, крытычны. Цяпер існуе ўжо рэальная пагроза яе жыцьцю. З другога боку, мы кажам, што гэта ніякая не параза. Яны яшчэ раз зьвярнулі ўвагу грамадзкасьці ня толькі ў Беларусі на тое, што ня ўсё добра ў краіне з выкананьнем сваіх абавязацельстваў у сфэры правой чалавека. Мы лічым, што яны маюць усе падставы годна выйсьці з гэтай акцыі, не даводзячы яе да незваротных наступстваў”.

Аляксандар Ярашук паведаміў пра зьмест Звароту Рады Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў да ўдзельнікаў масавай галадоўкі на акцыянэрным таварыстве “Белшына”. Адміністрацыя гэтага прадпрыемства адмаўляецца забясьпечыць умовы для рэгістрацыі першаснай суполкі БНП “Белшыны”. Акрамя таго, ня вырашанае пытаньне пра выплату сябрам БНП грашовай дапамогі на аздараўленьне і прэміяў да Дня хіміка.

На здымку: старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу Васіль Корабаў і група галадоўнікаў: Сяргей Сьмірноў, Міхал Усьціновіч, Рыгор Спасюк, Іван Юркавец;
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG