Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 25 кастрычніка


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва.

На форумах парталу TUT.by ідзе абмеркаваньне навіны: Расея і Ўкраіна дамовіліся пра цану на газ на 2007 год.

Нехта Корвин Волот абураецца: “Дык я не зразумеў. Гэта атрымліваецца, што “братэрская” Расея для “варожай” Украіны газ па 130 прадаваць будзе, а для “роднай” Беларусі па 200?! Можа, Беларусі выгадней будзе таксама з Расеяй пасварыцца й пачаць у НАТО прасіцца?”

Іншыя наведнікі камэнтуюць:

“Ды ня будзе тут цэньніка на 200 даляраў!.. А калі й будзе, дык толькі на непрацяглы час, як выхавальны захад для бацькі”.

“…Усе перайшлі і нікога не загубілі чамусьці. І дзеці не замерзьлі, хоць у Літве ўвогуле блякада была... за тры гады пераход. Ды ў вас пераходзяць ужо ўсе 12 год ды ўсё ніяк ня пяройдуць! Гэта ўвогуле як сабаку хвост рубіць – па кавалках альбо ў адзін заход”.

Галадоўка як мэтад пратэсту стала ў Беларусі звыклай зьявай, піша Аляксандар Брэчак у сваім блогу на сайце www.telegraf.by. “У галадоўцы, як у свайго кшталту ўльтыматуме, які выстаўляецца ўладзе, прыніжанае становішча чалавека перад дзяржавай падвойваецца, і яна, дзяржава, лішні раз атрымлівае магчымасьць уласны статус зацьвердзіць і нават замацаваць. На думку людзей, якія падзяляюць гэтыя перакананьні, калі ўжо й галадаваць, дык трэба галадаваць “моўчкі”, не выстаўляючы ніякіх патрабаваньняў. Тады нібыта ўлада сапраўды будзе пачувацца няўтульна. Праўда, каб на такую галадоўку пагадзіцца, трэба папярэдне “запісацца ў камікадзэ” й выключыць са сваёй сьвядомасьці нават думку пра шчасьлівы для ўласнага жыцьця фінал. Толькі каму ад гэтага стане лепей?”

На форумах сайту Гомельскага абкаму БРСМ наведнікі разважаюць пра беларускую музыку. Нехта kirkir піша: “Сам з Гомелю, але ўжо тры гады жыву ў Маскве і, ведаеце, я тут ніводнага разу ня бачыў чамусьці беларускай папсы з выступамі, а вось рок-гурты, той самы tt34… тут увесь час выступаюць, і на тэлебачаньне іх запрашаюць, і іхняя музыка ёсьць у новым расейскім кіно… А тое, што беларускую папсу навязваюць унутры краіны, гэта ня значыць, што якасьць вырасла… тых самых tt34 забаранілі на радзіме, а гурт быў дастаткова апалітычны”.

Блогер _extraneus_ напаткаў у сеціве сайт унітарнага прадпрыемства “Белспэцкантракт” і спампаваў адтуль прэйскурант на спэцыяльную тэхніку, якую можна набыць праз гэтае прадпрыемства. “Пацаны, яшчэ ня позна прыкупіць сёе-тое з рэшткаў Заходняе вайсковае групоўкі войскаў Імпэрыі Зла, – піша _extraneus_. – Усё – ад цьвікоў і анучаў да электрастанцыяў, вежавых кранаў і ракетна-пускавых комплексаў! Прыемна парадуюць цэны на дымавыя гранаты. Ня будуць лішнія для абгрунтаваньня сваёй пазыцыі і тратылавыя шашкі. Я надыбаў бы вайсковы УАЗік, усяго ж бо за тысячу-дзьве брудных зялёных паперак. Езьдзіць на пікнікі, у грыбы і на рыбу. Ды што рыба – аніводная дама не адмовіць, толькі таму, што ты падруліў на такім джыпку”.

algizzz у сваім інтэрнэт-дзёньніку хвалюецца: “Нешта беларусачкі й беларусы зусім не жадаюць выкладаць у сеціва свае аголеныя кавалкі. Кам''юніці ёсьць, кантэнту няма”. ЖЖ-суполка nakedparts.by сапраўды зьявілася ў сеціве сем месяцаў таму, але ж пакуль сярод беларусаў не знайшлося ніводнага ахвочага выкладваць свае фота-ню.

* * * Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG